Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — каталіцкі храм у в. Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі. Помнік архітэктуры неаготыкі. Дзейнічае.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1897—1903 гг. з чырвонай цэглы паводле праекта 1897 г. польскага архітэктара Канстанціна Вайцяхоўскага. Асвячоны ў 1905 г. На 1932 г. налічваў 4992 парафіяніна.

Касцёл быў узведзены на добраахвотныя сродкі парафіян, імёны якіх выбіты на вапнавых блоках цокаля. У савецкі час на загад мясцовага начальства імёны ахвярадаўцаў былі замазаныя цэментамradzima.org.

Архітэктура

Вырашаны паводле канона 3-нефавай 2-вежавай базілікі. Архітэктурная кампазіцыя храма падпарадкавана вертыкальнай накіраванасці: 3 нізкія гранёныя апсіды пераходзяць у працяглы аб’ём нефа, накрытага высокім 2-схільным чырвоным чарапічным дахам, 3-ярусныя вежы маюць гранёныя шпілі, контрфорсы ступеньчатыя. Галоўны фасад вылучаюць вімпергі, стральчатыя, запоўненыя арнаментальнымі мудрагелістымі пераплётамі праёмы, і акно-ружа ў цэнтры. Тры ўваходныя стральчатыя парталы ўпрыгожаны скульптурна-барэльефнымі керамічнымі пано.

Інтэр’ер

У інтэр’еры прастора расчлянёна магутнымі слупамі на 3 нефы і накрыта высокімі стральчатымі скляпеннямі. На 8 міжнефавых слупах устаноўлены скульптуры апосталаў. На бакавых барэльефных карцінах-пано і аконных вітражах адлюстраваны Крыжовы шлях Хрыста. Галоўны, 2 кулісныя і 2 бакавыя драўляныя алтары, амбон, лавы для вернікаў выкананы ў вытанчаных формах готыкі. Вітражы, фрэскі, скульптура, чаканка, разьба па дрэве, кераміка ствараюць высокамастацкае асяроддзе храма.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў неагатычным стылі Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Шчучынскага раёна Катэгорыя:Старыя Васілішкі