Вампаноаг (саманазва: Wôpanâak, літаральна «людзі ніжніх земляў») — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. Агульная колькасць — каля 4 300 чал.Wampanoag in United States
Гісторыя У XVI — пачатку XVII ст., калі пачаліся кантакты з еўрапейцамі, вампаноаг насялялі паўднёвы ўсход Масачусетса. Яны ўяўлялі сабою канфедэрацыю, якая аб’ядноўвала прыблізна 30 алганкінскіх плямён. Мяркуецца, што ў 1600 г. яна налічвала каля 12 000 чалавек, што жылі ў 40 вёсках. У 1607—1615 гг. ваявалі з пенабскот. Кантакты з еўрапейскімі маракамі прывялі да трох хваль эпідэмій у 1614—1620 гг. і значнага скарачэння насельніцтва, пасля чаго саслабленыя вампаноаг трапілі ў залежнасць ад суседзяў-нарагансет. У 1614 г. англійскі мараплавец Томас Хант захапіў у палон і прадаў у рабства ў Іспанію некалькіх чальцоў прыбярэжнага племені патуксет. Адным з іх быў СквантаSquanto — Folk Hero.
У 1620 г. на землях патуксет, спустошаных эпідэміяй, была заснавана Плімуцкая калонія. У сакавіку 1621 г. Масасойт, вялікі правадыр вампаноаг, заключыў з каланістамі пагадненне, паводле якога тыя атрымоўвалі дазвол на пасяленне і 12 000 акраў зямлі. На першых парах дапамога з боку Масасойта і Скванта адыгрывала значную ролю для выжывання калоніі. Памяць пра гэта захоўваецца ў амерыканскай традыцыі Дня Падзякі. Нарагансет, якія прынялі дамову паміж Масасойтам і заснавальнікамі Плімуцкай калоніі за ваенны саюз, абвясцілі каланістам вайну, аднак былі вымушаны адцягнуць увагу на дзеянні супраць іракезаў і пеквот. У 1632 г. яны напалі на вампаноаг, але Масасойт атрымаў ваенную падтрымку каланістаў, што дазволіла захаваць свабоду яго народа.
Адносіны паміж вампаноаг і першымі каланістамі таксама мелі адваротны бок. Яны спрыялі працягу распаўсюджвання новых захворванняў, што вялі да далейшага скарачэння насельніцтва. Сярод загінулых ад хвароб быў СквантаMadeleine Johnson, The Pilgrims Should Have Been Thankful for a Spirochete. Масасойт, які моцна захварэў, быў выратаваны з дапамогай еўрапейскіх лекаў. Пасля яго смерці ў 1661 г. вялікім правадыром стаў яго другі сын Метакомет, вядомы сярод англійскіх каланістаў як кароль Філіп. Ён здолеў аб’яднаць вакол сябе суседнія плямёны, незадаволеныя дзеяннямі каланістаў, а таксама прыцягнуць да змовы частку тых індзейцаў, што ўжо прынялі хрысціянства і еўрапейскія звычаі. У 1675—1676 гг. адбылася так званая вайна караля Філіпа, у якой вампаноаг і іх вярхоўны правадыр пацярпелі паражэнне. Пасля гэтага іх колькасць скарацілася да 400 чалавек. У лепшым стане знаходзіліся вампаноаг, што жылі на астравах каля кантынентальнага ўзбярэжжа. Яны меней пацярпелі ад эпідэмій і захоўвалі нейтралітэт падчас вайны караля Філіпа.
У 1660 г. для вампаноаг была створана рэзервацыя плошчай каля 120 км² з правам на самакіраванне. Яно адмянялася ўрадам ЗША у 1788—1834 гг. Акрамя таго, захоўваліся аўтаномныя рэзервацыі на астравах. У наш час урад ЗША афіцыйна прызнае 4 племені вампаноаг, якія маюць самакіраванне.
Плямёны вампаноаг Каля 1620 г. канфедэрацыя вампаноаг уключала наступныя плямёны: агавам, анавон, асамеекг, асавампсет, асанет, астравіцяне, коаксет, каханет, канеконарн, коаксісет, каўмпсусіт, племя ракі Джонс, лакускусет, матакест, матапоісет, мунпонсет, нукехкуменс, намаскет, патуксет, пёвант, пакасет, паканакет, жыхары Солт-Вотэр-Понд, шавамет, шымоа, тыспакін, татасон, цяск, уаўчымакут.
У наш час прызнаны плямёны намаскет, пакасет, вампаноаг Херынг-Понд, часткова прызнаны вампаноаг машпі.
Традыцыйная культура Да сярэдзіны XVII ст. асноўнымі заняткамі вампаноаг былі рыбалоўства, паляванне, ручное земляробства. Меліся сталыя ўмацаваныя вёскі з доўгімі хацінамі, разлічанымі на вялікую колькасць жыхароў. Каля іх ладзіліся агароды. Аднак большую частку года вампаноаг перамяшчаліся па паляўнічых тэрыторыях і жылі ў часовых вігвамах вету. Вопратка шылася са скур дзікіх жывёл і апрацаванай бярозавай кары. Рамяні пляліся з раслінных валокнаў. Карысталіся каноэ, драўлянай булавой, рознымі сякерамі, дзідамі, лукам і стрэламі.
Мова Для вампаноаг з’яўляюцца роднымі некалькі дыялектаў алганкінскай мовы масачусет. Хаця першыя запісы на іх рабіліся ўжо ў XVII ст., у выніку асіміляцыі да канца XX ст. гутарковая мова была страчана. З 1993 г. прыкладаюцца намаганні для яе адраджэнняWÔPANÂAK LANGUAGE RECLAMATION PROJECT .
Спасылкі
Wampanoag Tribe of Gay Head POCASSET TRIBE OF THE POKANOKET NATION Wampanoag Tribe: Facts, Clothes, Food and History
Катэгорыя:Алганкіны Катэгорыя:Народы ЗША Катэгорыя:Плімуцкая калонія