Яўген Міхайлавіч Ладноў (, Дзвінск — пасля 1932) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў Віцебскай губерні. У 1905 годзе член ваеннай арганізацыі эсэраў у Адэсе, удзельнік рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Расіі. У гады Першай сусветнай вайны на фронце. Удзельнічаў у Дзяржаўнай нарадзе ў Маскве, якая адбылася 12—15 жніўня 1917 года. Прысутнічаў на Першым Усебеларускім кангрэсе, быў абраны ў склад яго выканкама. Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыі за антысавецкую дзейнасць звольнены з вайсковай службы. У 1918 годзе ваенны міністр ва ўрадзе БНР, са снежня 1919 — міністр замежных спраў. У лютым 1919 года прызначаны ўрадам БНР членам, пазней старшынёй беларускай дэлегацыі на Парыжскую мірную канферэнцыю.

У 1921 годзе Ладноў увайшоў у склад Беларускага камітэта ў Варшаве (віцэ-старшыня). Выкарыстаўшы ад’езд старшыні камітэта Л. Дубейкаўскага на жыхарства ў Вільню і палітычны разрыў апошняга з А. Луцкевічам, Я. Ладноў фактычна прысвоіў кіраўніцтва ў камітэце і пры падтрымцы часткі членаў разгарнуў дзейнасць арганізацыі ў паланафільным кірунку. Публічна выступаў «за саюз усіх славян праз Варшаву, Прагу, Бялград і Сафію». У 1923—1924 гадах Ладноў склаў некалькі адозваў, у якіх абвінаваціў членаў Беларускага пасольскага клуба і большасць віленскіх беларускіх арганізацый у сувязях з сусветным масонствам і бальшавіцкай Масквой. 10 мая 1923 года Беларускае прэс-бюро распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што Ладноў — правакатар і раіла ўсім беларускім арганізацыям і дзеячам «пазбягаць блізкага знаёмства з ім».

Пазней жыў у Берліне. Сабраў вялікую колькасць матэрыялаў аб масонстве, звязваў яго дзейнасць з сусветным сіянізмам. Частка матэрыялаў адлюстроўвала палітычную дзейнасць расійскага масонства ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, грамадзянскай вайны і эміграцыі. У 1932 годзе падрыхтаваў на імя прэзідэнта Германіі Гіндэнбурга шэраг дакументаў пра падрыўную дзейнасць масонскіх лож у Еўропе. Імаверна, частка сабраных матэрыялаў увайшла ў яго кнігу «Агнём і мячом, голадам і хваробамі» (Варшава, 1922). Некаторыя матэрыялы Ладнова (дзённік, запісныя кніжкі, артыкулы, перапіска) захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі.

Крыніцы

Літаратура Чарнякевіч, А. М. Міністр БНР: дзіўныя шляхі Яўгена Ладнова / А. М. Чарнякевіч // Личность в истории: героическое и трагическое: сборник материалов Пятой междунар. науч.-практ. конф., посвящ. 20-летию историч. ф-та, Брест, 23-24 ноября 2011 г. / БрГУ им. А. С. Пушкина: редкол.: М. Э. Чесновский (гл. ред.) [и др.]. — Брест: БрГУ, 2012. — С. 243—249.

Спасылкі

Катэгорыя:Міністры па ваенных справах БНР Катэгорыя:Міністры замежных спраў БНР Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Ваенныя Беларускай Народнай Рэспублікі