Асятровыя (Acipenseridae) — сямейства рыб, атрада асетрападобных.
Апісанне Асятровыя маюць падоўжанае верацёнападобнае цела, пакрытае пяццю радамі касцяных жучак: адным спінным, двума бакавымі і двума брушнымі. Паміж радамі жучак рассеяны дробныя касцяныя зярняткі і пласцінкі. Рыла падоўжанае, канічнае ці лапатападобнае. Рот размешчаны на ніжнім боку галавы, у некаторых краі яго заходзяць на бакі галавы, з мясістымі губамі. На ніжнім боку рыла спераду ад рота маюцца 4 вусікі ў папярочным радзе. Рот высоўны, бяззубы, але ў малявак маюцца слабыя зубы. Жаберных тычынак менш за 50.
Пярэдні прамень груднога плаўніка моцна патоўшчаны і пераўтвораны ў калючку, якая складаецца са злітых між сабой прамянёў. Спінны плаўнік адсунуты назад. Плавальны пузыр звычайна добра развіты (у некаторых асятровых рудыментарны, напрыклад, у несапраўднага лапатаноса), злучаны са страўнікам ці страваводам.
Унутраны шкілет храстковы, хорда захоўваецца, пазванкоў няма.
Пашырэнне Прахадныя, паўпрахадныя і прэснаводныя рыбы. Насяляюць воды Паўночнага паўшар’я — Еўразіі і Паўночнай Амерыкі. Адрозніваюць 4 роды (бялугі, асятры, лапатаносы і несапраўдныя лапатаносы), да якіх належыць 25 сучасных відаў.
Асаблівасці біялогіі Бентафагі, кормяцца доннымі беспазваночнымі, малюскамі і дробнай рыбай. Ёсць драпежнікі (бялуга).
Належаць да доўгажывучых рыб, некаторыя віды, могуць дажываць да 100 гадоў. Палавая спеласць надыходзіць позна (напрыклад, у сцерлядзі ў 7–8 гадоў, у іншых відаў — значна пазней). Яны ніколі не нерастуюць у марской вадзе. Размнажэнне адбываецца не кожны год.
Літаратура Жизнь животных. В 7-ми тт. Т. 4. Рыбы / Под ред. Т. С. Расса. — М.: Просвещение, 1983.
Катэгорыя:Сямействы рыб