Янка Быліна, сапр. Ян Семашкевіч (, в. Лакцяны, Свянцянскі павет Віленскай губ., цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл. — , в. Бомбля, Падляскае ваяводства, Польшча; Псеўданімы: Ядловец; "Я. Дамарослы"; Крыптанімы: Я. Б.; J.B.) — беларускі рымска-каталіцкі святар, паэт і драматург.
Біяграфія Скончыў Віленскую духоўную семінарыю ў 1907 годзе, у тым жа годзе пасвечаны на святара. Служыў у Іллі (1907-1910), Смаргоні (1910), Дварцы (1910-1912), Дудах (1912), Граўжышках (1912-1915).
У 1917 годзе прызначаны пробашчам у Лаварышках і Цудзенішках.
У часы Першай сусветнай вайны прадстаўляў беларускае каталіцкае духавенства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917–1918 гг. прымаў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні Беларускай канферэнцыі.
У жніўні 1918 года выбраны ў заснаваны ў Вільні камітэт Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння беларускага народа. У тым жа годзе хацеў заснаваць газету для народа на беларускай мове, але не здзейсніў гэтага.
У 1921 годзе ў Лаварышках ужываў у катэхізацыі дзяцей беларускую мову. Павятовыя ўлады правялі следства, і накіравалі ліст да віленскага біскупа Юрыя Матулевіча, дзе сцвярджалі, што кс. Семашкевіч вядзе беларускую агітацыю, і прасілі "зарэагаваць адпаведна".
У 1922 годзе падчас візітацыі біскупа Юрыя Матулевіча ў Лаварышках кс. Семашкевіч прамовіў да яго па-беларуску, і біскуп адказаў на беларускай мове. У час абеду з удзелам біскупа касцельны хор спяваў беларускія песні.
Быў звольнены школьнымі ўладамі з пасады прэфекта (настаўніка рэлігіі) за ўжыванне беларускай мовы.
У 1928 годзе прызначаны пробашчам у Дукшты, дзе служыў да 1932 года.
З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956).
Арыштоўваўся НКУС у канцы верасня 1939 года.
Апошнія гады жыцця правёў на Беласточчыне.
Пахаваны побач з касцёлам у Бомблі.
Творчасць Друкаваўся з 1917 года ў газеце «Гоман», у перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, у т.л. у рэлігійных («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»), сатырычных (часопісы «Авадзень» і «Маланка»), моладзевым ("Шлях Моладзі"), дзіцячым (часопіс «Пралескі», пад псеўд. Ядловец).
Аўтар зборнікаў паэзіі «На прызбе» (Na pryzbie, Вільня, 1918; 2-е выд. 1924), «На покуці» (Na pokuci: Bajki i roznyja wieršy, Вільня, 1934), камедыі «Выбар старшыні» (Wybar staršyni: Wiaskowaja trahikamedyja u 3-ch dziejach z časou carskich, Вільня, 1926; 2-е выданне: Выбар старшыні. Вільня, 1938), рэлігійных твораў «Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі» (Вільня, 1928), «Песні жальбы або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста» (Вільня, 1929), «Дарога крыжа» (Daroha kryža, Вільня, 1930).
Патрыятычныя і гумарыстычныя творы Я. Быліны выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Заходняй Беларусі.
Памяць Грамадскае аб'яднанне «Вільняр» арганізавала ў Лакцянах, на бацькаўшчыне паэта, мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні (9-10.8.2003).
Літаратура
— Т. 1;
Гарэцкі М. Быліна Янка // Гісторыя беларускай літаратуры. — Мн., 1992; Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003;
Спасылкі Чакур Г. У Клюшчанах успаміналі паэта-святара Яна Семашкевіча // Астравецкая Праўда. 2.11.2013.
Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Паэты паводле алфавіта Катэгорыя:Нарадзіліся ў Свянцянскім павеце Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва