Дако́та (саманазва: Dakȟóta, літаральна «аб’яднанне»), таксама вядомыя як паўночныя сіў () — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША і Канады. Падзяляюцца на ўсходнюю і заходнюю галіны, вядомыя таксама пад назвамі санці (Isáŋyathi, Isáŋ-athi) і янктон (Iháŋktȟuŋwaŋ, Iháŋktȟuŋwaŋna) адпаведна. Агульная колькасць (2017 г.) — 118 200 чал.Dakota

Гісторыя Згодна з запісамі еўрапейскіх даследчыкаў, у XVII — першай палове XVIII стст. продкі дакота жылі на тэрыторыі Мінесоты, прычым возера Міль-Лак называлася іх галоўным сакральным цэнтрам. Сталыя кантакты з французскімі гандлярамі і місіянерамі пачаліся з 1659 г. У 1730—1750 гг. землі дакота падвергліся экспансіі ўзброеных агнястрэльнай зброяй аджыбвэThomas Ivan Dahlheimer, A History Of The Dakota People In Minnesota, што прывяло да частковага зыходу дакота на захад і ўсход, а таксама да вылучэння лакота.

Дакота актыўна ўдзельнічалі ў гандлі футрам з французскімі, а потым брытанскімі і амерыканскімі гандлярамі. У 1851 г. яны заключылі шэраг дагавораў з ЗША, якія прадугледжвалі перадачу часткі зямель белым пасяленцам, наўзамен атрымалі 3 750 000 долараў1851 Dakota Land Cession Treaties. У 1858 г. правадыры дакота наведалі Вашынгтон, дзе сустрэліся з прэзідэнтам Дж. Б’юкененам.

Аднак дагаворы прывялі да згубы значных паляўнічых тэрыторый. Грошы, што перадаваў амерыканскі ўрад, хутка траціліся. У выніку, калі ўрадавыя выплаты скончыліся, многія дакота мелі запазычанасці перад гандлярамі. У 1862 г. неўраджай, што пачаўся з-за распаўсюджання фітафтарозу, выклікаў голад, але індзейцы не атрымалі дапамогі. Улетку ўзброеныя воіны на чале з правадыром Малым Крумкачом (Taoyateduta) пачалі напады на фермераў уздоўж ракі Мінесота. Яны спалілі ваеннае ўмацаванне Нью-Ульм і няўдала спрабавалі захапіць Форт-Рыджлі. Забойствы мірнага насельніцтва прывялі да бегства белых пасяленцаў. 23 верасня адбылася бітва з амерыканскімі ваеннымі каля Вуд-Лэйк. Хаця абодва бакі панеслі істотныя страты і пераможца не вызначыўся, Маленькі Крумкач пакінуў сваё войска і збёг на племянныя тэрыторыі.

5 лістапада 1862 г. амерыканскі ваенна-палявы суд прысудзіў да пакарання смерцю 303 палонных дакота, якія абвінавачваліся ў гвалце і забойствах. Прэзідэнт Аўраам Лінкальн замяніў смяротнае пакаранне для 284 воінаў турэмным зняволеннем1862 Dakota Conflict . Былі канчаткова спынены ўрадавыя выплаты і дапамога. Чальцы сямей зняволеных пакідалі свае землі, пераязджалі на індзейскія тэрыторыі на паўднёвым захадзе або ў Канаду.

Пасля задушэння паўстання 1862 г. дакота былі расселены ў межах некалькіх рэзервацый у Мінесоце, Мантане, Небрасцы, Паўночнай Дакоце і Паўднёвай Дакоце. У нашы дні іх насельніцтва вызначаецца як аўтаномныя нацыі. Дакота лічацца «першаснай нацыяй» у Канадзе.

Культура

Асноўнымі традыцыйнымі заняткамі дакота з’яўляліся паляванне, збіральніцтва, земляробства, рыбалоўства. Паляванне і рыбалоўства лічыліся мужчынскімі справамі. Палявалі на бізонаў, аленяў, ласёў, мядзведзяў, птушак з дапамогай розных пастак, лука і стрэл, тамагаўкаHunting The Dakota Way. У XVII — XVIII стст. здабыча футравых звяроў набыла камерцыйны характар. У канцы XVIII ст. пачалі трымаць коней, што палегчыла паляванне на бізонаў. Конныя паляўнічыя часам дасягалі Елаўстона. Рыбалоўства мела дадатковы характар. Рыбу здабывалі з дапамогай пастак або лёсак з кручкамі.

Збіральніцтва і земляробства ўскладаліся на жанчын. Асабліва важную ролю адыгрываў сезонны збор дзікага рысу. Зямлю апрацоўвалі ўручную. Палеткі ладзілі каля летніх жытлаў, ахоўвалі іх з дапамогай драўляных вежаўAmerican Indian Gardening and Gathering (Ojibwe & Dakota). Вырошчвалі кукурузу, бабовыя, гарбузы, кабачкі. З XIX ст. шырока распаўсюджана завезеная еўрапейцамі бульба.

Дакота вялі паўвандроўны лад жыцця, сезонна перамяшчаліся з месца на месца, таму сталых вёсак не мелі. Асноўным відам жытла з’яўляліся разборныя тыпіSioux Tribe. Вопратку шылі са скур. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожваліся пацеркамі, фарбавалі твар і іншыя часткі цела.

Сацыяльная сістэма дакота вызначаецца вучонымі як адкрытая, паколькі дапускае змены ў залежнасці ад трансфармацыі жыццёвага ладуVernon D. Malan, The Social System of the Dakota Indians. У XIX ст. большасць сем’яў ужо былі малымі нуклеарнымі з ясным дамінаваннем мужчыны. Аднак захоўвалася больш старажытная сістэма падзелу на вялікія пашыраныя сем’і, што аб’ядноўваліся ў вандроўныя групы, а тыя — у роды. У канцы XIX ст. вылучалася 19 буйных аб’яднанняў розных родаўTHE SOCIAL ORGANIZATION OF THE SIOUAN TRIBES. Супольнае кіраванне здзяйснялі абраныя правадыры. Прычым існавалі правадыры-кіраўнікі родаў і ваенныя правадыры. Толькі ў некаторых выпадках іх ролі супадалі. Дзеянні ваенных правадыроў залежалі ад меркавання воінаў, іх улада не была безумоўнай.

Эрык Эрыксан, які працаваў у адной з амерыканскіх рэзервацый дакота ў 1930-я гг., заўважаў, што, нягледзячы на тое, што ў гэты час асноўным заняткам было земляробства, індзейцы працягвалі выхоўваць дзяцей як паляўнічых. Захоўваліся шчыльныя сувязі паміж братамі і сёстрамі, унукамі і бабулямі, жорсткія адносіны ў дачыненні да маладых жанчын. Традыцыі не назапашваць маёмасць і рабіць падарункі супляменнікам для падвышэння статусу заміналі сацыялізацыі дакота ў белым грамадстве.

Дакота маюць багаты фальклор — міфы, казкі, гістарычныя паданні. Музыка і танцы пераважна рытуальныя. Найбольш распаўсюджаны музычны інструмент — барабан, пад акампанемент якога выконваюцца спевы.

Мова Мова дакота адносіцца да сіўанскай групы моў. Падзяляецца на некалькі рэгіянальных дыялектаў. У XIX ст. намаганнямі місіянераў быў створаны алфавіт на аснове лацінкі, на якім выдаваліся 2 газеты, была перакладзена БібліяStatus of Dakota language. Пасля задушэння паўстання 1862 г. доўгі час праводзілася палітыка ўкаранення англійскай мовы. У нашы дні робяцца захады для адраджэння гутарковай мовы дакота.

Рэлігія Звычайна традыцыйная рэлігія дакота вызначаецца як анімізм. Амерыканскі антраполаг Джэймс Уолкер сцвярджае, што сіў — політэісты. Яны маюць 4 катэгорыі багоўKevin L. Callahan, An Introduction to Dakota Culture and History : Вярхоўныя: сонечны бог Wi, правадыр усіх багоў; нябесны бог Skan, Вялікі Дух; багіня Зямлі Maka, продак усяго жывога; бог-камень Inyan, крыніца ўсіх рэчаў. Памагатыя: Месяц Hanwi, Вецер Tate, бог вайны Unk, крылаты бог Wakinyan. Служкі: бог бізонаў Ta Tanka, патрон цырымоній; бог мядзведзяў Hu Nonp, памагаты мудрасці; бог вятроў Wani, што адказваў за надвор’е і жыццё; бог-віхура Yum, заступнік шчасця, кахання, палявання. Ніжэйшыя: дух Nagi, прывід Niya, розум Sicun, бог нематэрыяльных рэчаў Nagila. Багі, якія ўвасабляюць асобныя рысы (прыгажосць, гармонія, задавальненне і інш.)

У дакота вылучаюцца шаманы, што захоўваюць традыцыі і займаюцца лекаваннем. Важную ролю адыгрываюць супольныя цырымоніі, якія суправаджаюцца танцамі, у тым ліку танцам сонца.

З XIX ст. распаўсюджана хрысціянства.

Вядомыя асобы Зіткала-Ша — пісьменніца, заснавальніца Нацыянальнага Кангрэса Амерыканскіх Індзейцаў.

Літаратура Erikson, E. H. Childhood and Society. — W. W. Norton & Company, 1993. — ISBN 978-0-393-31068-9

Спасылкі Dakhóta Iápi Okhódakičhiye The Dakota People Dakota — The Canadian Encyclopedia The U.S.-Dakota War of 1862

Катэгорыя:Сіў Катэгорыя:Народы Канады Катэгорыя:Народы ЗША