Жаўру́к-смяцю́х, ці Чуба́ты жа́варанак (Galerida cristata) — від птушак з сямейства жаваранкавых. Яго найбольш яскравым адрозненнем ад іншых прадстаўнікоў жаваранкавых з’яўляецца наяўнасць адносна вялікага чубка з пер’я на галаве. Гэты від распаўсюджаны пераважна ў Еўропе, але сустракаецца ў Паўночнай Афрыцы, некаторых рэгіёнах Заходняй, Паўднёвай і Усходняй Азіі.

Класіфікацыя і этымалогія Жаўрук-смяцюх быў адным з відаў, упершыню апісаных Карлам Лінеем у XVIII ст. у працы «Сістэма прыроды» (). Быў уключаны ў род Alauda, пакуль нямецкі натураліст Фрыдрых Бое не ўключыў яго ў новы род Galerida ў 1821 годзе. Колін Гарысан у 1865 годзе рэкамендаваў паўторна аб’яднаць прадстаўнікоў родаў Galerida і Lullula у род Alauda з прычыны, на думку Гарысана, недастаткова яскравых размежаванняў паміж гэтымі таксонамі, аднак гэта так і не было зроблена.

Сучасная навуковая назва жаўрука-смецюха паходзіць ад лацінскіх слоў galerum (капялюш) і cristata (чубатая). Па-беларуску птушку называюць «жаўрук-смяцюх», бо яна любіць сяліцца на ўзбочынах дарог, жылых участках і іншых месцах з нізкай травой, якія гістарычна часта былі забруджаны смеццем.

Падвіды ды іх арэал На сённяшні дзень вылучаюць 32 падвіды жаўрука-смецюха: Іберыйскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца ў Партугаліі і Іспаніі; Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на шырокіх абшарах тэрыторый ад Паўднёвай Скандынавіі і Францыі да Беларусі, Украіны і Венгрыі; Заходнеітальянскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на захадзе Цэнтральнай Італіі; Грэчаскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Усходняй Харватыі да Цэнтральнай Грэцыі і Заходняй Турцыі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; Кіпрскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на Родасе, Карпатасе і Кіпры; Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Усходняй Венгрыі і Румыніі да Беларусі, Паўднёвай Расіі і Казахстана; Каўказскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на ўсходзе Эгейскіх астравоў, поўначы Турцыі і поўдні Каўказа; Паўночна-заходні мараканскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на паўночным захадзе Марока; Заходнемараканскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на захадзе Марока; Паўночнаалжырскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад паўночна-ўсходняй часткі Марока да поўначы Туніса; Паўночна-ўсходні алжырскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на паўночным усходзе Алжыра, поўдні Туніса і паўночным захадзе Лівіі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; Кірэнаіцкі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на ўзбярэжжы Паўночна-Усходняй Лівіі; Паўночна-ўсходні лівійскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўночна-Усходняй Лівіі да Паўднёвага Ірака і Паўночнай Аравіі; Паўднёва-ўсходні алжырскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на паўднёвым усходзе Алжыра і паўднёвым захадзе Лівіі; () — сустракаецца на плато Аір (Паўночны Нігер); Жаўрук-смяцюх дэльты Ніла () — сустракаецца ў дэльце Ніла (Паўночны Егіпет); калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; Жаўрук-смяцюх Паўночнай даліны Ніла () — сустракаецца ў Цэнтральным Егіпце; Жаўрук-смяцюх Паўднёвай даліны Ніла () — сустракаецца ў Паўднёвым Егіпце і Паўночным Судане; Дангольскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца ва Усходнім Судане і Эрытрэі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; Самалійскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца ў Паўднёвай Эфіопіі, Паўночным Самалі і Паўночнай Кеніі; () — сустракаецца на ўзбярэжжы Маўрытаніі; Сенегальскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Маўрытаніі і Сенегала да Нігера; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda; Нігерыйскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўночнай Нігерыі да Заходняга Судана і Паўночна-Усходняй ЦАР; Суданскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца ў Цэнтральным Судане; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; Жаўрук-смяцюх узбярэжжа Леванта () — сустракаецца ў Заходнім Ліване і Паўночна-Заходнім Ізраілі; Усходнелеванцкі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Паўднёвай Турцыі да Паўночна-Усходняга Ізраіля; Цэнтральнатурэцкі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнай Турцыі да Паўднёва-Заходняга Туркменістана і Паўночнага Ірана; Казахстанскі жаўрук-смяцюх, або Белуджыстанскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнага Ірана і Цэнтральнага Туркменістана да Паўночна-Заходняга Пакістана, Казахстана, Паўднёвай Манголіі і Паўночна-Заходняга Кітая; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від; () — сустракаецца ў Паўночна-Усходнім і Усходнім Кітаі; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda; () — сустракаецца ў Карэі; Гілгіцкі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца ў Паўночным Пакістане; Індыйскі жаўрук-смяцюх () — сустракаецца на абшарах тэрыторый ад Цэнтральнага і Усходняга Пакістана да Паўднёвага Непала праз Заходнюю і Паўночную Індыю; калі гэты падвід быў адкрыты, ён быў памылкова класіфікаваны як асобны від у родзе Alauda. Раней Магрыбскага жаўрука-смецюха вызнавалі за адзін з падвідаў жаўрука-смецюха, аднак з дапамогай малекулярна-генетычных даследаванняў (у прыватнасці, аналізу мітахандрыяльнай ДНК) Албанам Жыламэ і яго калегамі было даказана, што гэта розныя віды. Увагу даследчыкаў прыцягнула дзюба Магрыбскага жаўрука-смецюха, бо яна была значна даўжэйшай за дзюбы тых падвідаў жаўрукоў-смецюхоў, што таксама пражываюць у Магрыбе.

У Беларусі зарэгістраваныя два падвіды жаўрука-смецюха: Цэнтральнаеўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata cristata) і Паўднёва-ўсходні еўрапейскі жаўрук-смяцюх (Galerida cristata tenuirostris).

Біятоп Звычайна жаўрук-смяцюх аддае перавагу адкрытым сухім лугам, але сустракаецца таксама і па ўскраінах палёў і дарог, у прамысловых раёнах, портах, аэрапортах, ля чыгункі і ў гарадскіх парках. Ідэальнымі з’яўляюцца сухія і цёплыя тэрыторыі з нізкарослай расліннасцю, пераважна на гліністых пясчаных грунтах. Пры гэтым актыўныя ўрбанізацыя і развіццё сельскай гаспадаркі скарачае колькасць прыдатных для гэтай птушкі тэрыторый.

Апісанне

Знешні выгляд Жаўрук-смяцюх мае даволі тыповы для жаўрука знешні выгляд, аднак вылучаецца і яскравымі асаблівасцямі. Даўжыня цела жаўрука-смецюха складае 17—19 см, размах крылаў — 29—38 см. Маса вагаецца ў дыяпазоне 36,5—46 г. Афарбоўка верху цела буравата-шэрая з падоўжнымі шырокімі цёмнымі стракатымі плямамі, ніз жа цела брудна-белы з падоўжнымі бурымі стракатымі плямамі на грудзях. Крайнія стырнавыя пёры рудаватыя і светляйшыя за астатні хвост. На галаве знаходзіцца вялікі шылаваты чуб. У маладых птушак чуб невялікі. Самкі і самцы амаль не адрозніваюцца, але маладыя птушкі маюць болей плям на спіне ў параўнанні з дарослымі.

Голас

Голас жаўрука-смецюха падобны да голасу палявога жаўрука, але больш прарэзлівы, мае больш частыя перапынкі. Вабны крык — прарэзлівае «ді-діі-трі» або «ірі-трі-тріэ», мяккае «джютт». Жаўрук-смяцюх спявае звычайна седзячы на паверхні, а часам — у палёце (пераважна на вышыні ад 30 да 60 м над зямлёй, што адрознівае яго ад жаўрука палявога, які дэманструе падобныя паводзіны, але таксама спявае падчас узлёту).

Харчаванне

Жаўрук-смяцюх пераважна харчуецца ежай расліннага паходжання: насеннем дзікай травы, аўса, пшаніцы і ячменю. Зімой птушка здольная перайсці на дробную жывёльную ежу. Таксама жывёл спажываюць маладыя жаўрукі. Дажджавыя чэрві, дробныя жукі, мухі, маленькія матылі, вусені, а таксама (зрэдку) дробныя смаўжы ды павукі — аснова жывёльнага рацыёну жаўрука-смецюха.

Размнажэнне Самка будуе добра замаскіраванае гняздо, будаўнічым матэрыялам для якога з’яўляюцца завялыя травінкі, карані і каласкі (канцы якіх тырчаць па-за краямі гнязда), на зямлі ў рытвінцы сярод няшчыльнай расліннасці, грудкоў зямлі, камянёў і г. д. Зрэдку жаўрук-смяцюх будуе гнёзды на схілах або каменных сценах. Агульны дыяметр гнязда складае 9—15 см, унутраны дыяметр — 6,5—7 см, вышыня — 4,5—5 см.

У перыяд красавік-чэрвень самка двойчы адкладае ад 2 да 6 (у пераважнай большасці выпадкаў — ад 3 да 5) яек. Яйкі крыху падоўжаныя, часта ўздзьмутыя. Яны вельмі нагадваюць яйкі жаўрука палявога, але адрозніваюцца ад апошніх наяўнасцю на белым або шараватым фоне светла-шэрых ці шэра-фіялетавых глыбокіх плямак. Паверхневыя яйкі жаўрука-смецюха могуць мець густы аліўкава-карычневы або шэра-карычневы колер і ўтвараць пояс (або «шапачку») на шырокім канцы. Сярэднія памеры яек — 22 на 17 мм (пры рэальным дыяпазоне 19—25,5 мм на 15—19,5 мм).

Яйкі выседжваюцца ад 11 да 14 дзён (найчасцей 11—12 дзён), пасля чаго вылупліваюцца птушаняты, якія (як і прадстаўнікі іншых жаўрукоў) пакідаюць гняздо ў пошуках ежы досыць рана — на 8—11 дзень, а лётаць пачынаюць ва ўзросце 15—16 дзён.

Экалогія і ахова

Колькасць Жаўрук-смяцюх перажыў некалькі абумоўленых кліматам пашырэнняў і скарачэнняў арэала на працягу апошніх стагоддзяў. Такім чынам вобласць распаўсюджвання пашыралася ў перыяд цеплыні ў XVI ст. і XVIII ст. і зноў скарачалася ў перыяд холаду XVII ст. У пачатку XX ст. жаўрук-смяцюх скарыстаўся магчымасцю гнездавацца ў гарадах і на прамысловых пабудовах.

Глабальная папуляцыя жаўрука-смецюха ў свеце складае, па розных ацэнках, ад 22 000 000 да 91 200 000 дарослых птушак. Што да еўрапейскай папуляцыі, то тут няма такой вялікай розніцы паміж мінімальнай і максімальнай ацэнкамі колькасці чубатага жаваранка: у Еўропе пражываюць ад 7 200 000 да 15 200 000 дарослых птушак.

З 1930-х гадоў папуляцыя, пачынаючы з паўднёвага ўсходу, амаль ва ўсёй Еўропе драматычна скарачаецца. Агульная колькасць жаўрука-смецюха ў Еўропе скарацілася з 1980 г. агулам на 98 %Bestandentwicklung Galerida christata European Bird Census Council і знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, што пагражае стабільнасці ўсёй сусветнай папуляцыі гэтай птушкіBirdLife International 2004: Birds in Europe: population estimates, trends and conservation status. BirdLife Conservation Series No. 12, BirdLife International, Wageningen, The Netherlands..

Абмежавальныя фактары

Нягледзячы на спрыяльныя кліматычныя ўмовы XX ст., паўторнага пашырэння арэала жаўрука-смецюха не адбылося. Асноўнымі прычынамі з’яўляюцца, відавочна, недахоп ежы і змены месцаў пражывання гэтай птушкі. Рудэральныя і аблогавыя палі даступныя для чубатага жаваранка толькі ў нязначнай ступені і на працягу адносна кароткага перыяду. Сёння адкрытыя плошчы, напрыклад, на тэрыторыі гарадоў, якія з пачатку XX ст. пачаў засяляць жаўрук-смяцюх, усё больш азеляняюцца, угнойваюцца і шчыльна засаджваюцца. Іншыя сырыя зямельныя плошчы таксама адразу азеляняюцца. Да гэтага дадаецца інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі і ўшчыльненне ландшафту за кошт шырокіх неапрацаваных ускраін палёў. Следствам гэтага з’яўляецца адсутнасць дзікіх траў і іх насення, важных для харчавання птушак. Адначасова адсутнічае дастатковы асартымент насякомых у перыяд гнездавання.

Ахова Нягледзячы на тое, што ў Чырвоным спісе Міжнароднага саюза аховы прыроды жаўрук-смяцюх апісаны як від пад найменшай пагрозай (Least concern, LC), заўважыўшы тэндэнцыю да імклівага скарачэння яго колькасці шэраг дзяржаў і міждзяржаўных аб’яднанняў шчыльна заняліся пытаннем аховы гэтай птушкі.

Жаўрук-смяцюх знаходзіцца пад аховай «Птушынай дырэктывы» — Дырэктывы Еўрапейскага Саюза аб захаванні дзікіх птушак. Чубаты жаваранак занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з прысваеннем III катэгорыі (VU) і ахоўваецца законам. Гэта птушка ахоўваецца на відавым узроўні ў Польшчы, Славакіі (асобна ад «Птушынай дырэктывы»).

Жаўрук-смяцюх і чалавек Святы Францыск Асізскі лічыў жаўрука-смецюха асаблівай птушкай, падкрэсліваў падабенства яе жыцця з жыццём францысканцаў: зямлісты колер апярэння чубатага жаваранка, яго пакорлівасць («бо ён ідзе ахвотна ўздоўж узбочыны і знаходзіць зерне для сябе») і доўгі час, які ён праводзіць у спевах.

Птушка 2017 года ў Беларусі