Лінейныя караблі тыпу «Нэльсан» — тып лінкараў Каралеўскага ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі часоў Другой сусветнай вайны. Усяго для брытанскага флоту пабудаваны 2 караблі: «Нэльсан» () і «Родні» ().

«Нэльсаны» сталі першымі «вашынгтонскімі лінкарамі». Паводле вашынгтонскага марскога пагаднення Вялікабрытанія атрымала права пабудаваць два лінкары з гарматамі калібрам да 406 мм і стандартным водазмяшчэннем да 35 560 т. Фармальна «Нэльсан» і «Родні» былі 23-вузлавой версіяй лінейных крэйсераў тыпу «G-3», ад будаўніцтва якіх Вялікабрытанія адмовілася паводле дагавора.

Лінкары атрымалі максімальна магчымае ўзбраенне, якое дазвалялася дагаворам, — дзевяць новых 406-мм гармат. Для гарматы была выбрана нехарактэрная для брытанскага флоту канцэпцыя «лёгкі снарад — высокая пачатковая хуткасць». У далейшым канцэпцыя была прызнана памылковай, паколькі пацягнула за сабой павышаны знос ствала і пагаршэнне трапнасці стральбы. Караблі праектаваліся з улікам вопыту Першай сусветнай вайны. Упершыню для брытанскіх дрэдноўтаў іх браніраванне было выканана па схеме «ўсё або нічога». Новыя лінкары атрымалі добра абароненую цытадэль, але за яе межамі браніраванне было зведзена да мінімуму. Крытыкаваліся адсутнасць браніравання ў насавым ускрайку і недастатковае паглыбленне бранявога пояса. Тым не менш, у рамках адведзенага ліміту водазмяшчэння новыя лінкары атрымалі максімальна магчымую абарону. Канструктыўная падводная абарона была распрацавана з правядзеннем выпрабаванняў на доследных адсеках і вытрымлівала трапленне тарпеды з зарадам у 340 кг ТНТ.

152-мм гарматы сярэдняга калібра не былі ўніверсальнымі. Да пачатку Другой сусветнай вайны стала зразумела, што шасці ўсталяваных 120-мм гармат недастаткова. Замест неабходных чатырох зенітных гармат далёкага дзеяння ў кожным сектары стральбы, на некаторых сектарах маглі весці стральбу толькі тры і нават дзве гарматы. Правесці кардынальную мадэрнізацыю з заменай гармат і ўзмацненнем браніравання не паспелі. У гады вайны прыйшлося абмежавацца павелічэннем колькасці 40-мм і 20-мм зенітных аўтаматаў.

Нягледзячы на шэраг недахопаў і нізкую максімальную хуткасць, «Нэльсан» і «Родні» лічыліся наймацнейшымі брытанскімі лінкарамі перыяду Другой сусветнай вайны, па сукупнасці характарыстак пераўзыходзячы пазнейшыя лінкары тыпу «Кінг Джордж V». У гады вайны абодва лінкары прымалі актыўны ўдзел у баявых аперацыях. Так, «Родні» адыграў вырашальную ролю ў патапленні германскага лінкара «Бісмарк», які раней знішчыў гонар Каралеўскага флоту — лінейны крэйсер «Худ».

Развіццё авіяцыі паставіла пад пытанне існаванне буйных артылерыйскіх караблёў. Таму, улічваючы значную зношанасць, «Нэльсан» і «Родні» пасля заканчэння вайны былі выведзены ў рэзерв і спісаны.

Заўвагі

Літаратура

Спасылкі Даклад у інстытуце карабельных інжынераў на 70-й сесіі ў Лондане 20-га сакавіка 1929 год. «Тrans. Inst. Naw. Arch.», 1929, London, рр. 1—21. (пераклад)

Катэгорыя:Лінкары