Лявон Белы (нар. , в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяводства, цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобл.) — публіцыст. Пляменнік Якуба Коласа.
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Сын Міхася Казіміравіча Белага (1886–1966, вясковая мянушка — Зімок) і Юзэфы Міхайлаўны з Міцкевічаў, роднай сястры Я. Коласа. Меў братоў Сымона і Міхася.
Вучыўся ў польскай школе ў Мікалаеўшчыне. У 1943—1944 гадах працягваў вучобу ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. У 1947 скончыў сярэднюю школу ў Стоўбцах і ў 1948 гадах паступіў на факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры БДУ. У 1953—1956 вучыўся ў аспірантуры па спецыяльнасці «Беларуская літаратура».
Выказваючы сваё стаўленне да палітыкі русіфікацыі Беларусі, у 1957 годзе напісаў верш у абарону беларускай мовы «Усе народы прагнуць сваёй волі, улады, песні…», які пасля размножыў і расклеіў у Мінску разам са сваім братам Міхасём Белым. КДБ вызначыў аўтара лістовак па почырку, і пасля некалькіх месяцаў следства адбыўся закрыты суд над абодвума братамі. Асуджаны паводле арт. 67 (антысавецкая агітацыя і прапаганда), атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі. Этапам накіраваны ў лагер Явас на станцыі Поцьма Мардоўскай АССР. Пазней тэрмін зняволення быў скарочаны на 4 гады.
Вызвалены ў 1963 годзе і да выхаду на пенсію ў 1992 годзе працаваў у бібліятэцы № 10 Мінска. Белы не атрымаў дазволу абараніць дысертацыю. Друкаваў артыкулы па беларускай літаратуры і бібліятэчнай справе ў «Чырвонай змене», «Мінскай праўдзе», «Вечернем Минске», у кнізе свайго брата Сымона Белага «На бацькоўскай зямлі» (пад імем брата там апублікаваны артыкул «Да новага жыцця»). На пенсіі, інвалід 1-й групы.
Літаратура
Кашталян І. Лявон Белы // Дэмакратычная апазыцыя.
Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай