Яўгенія Іосіфаўна Яні́шчыц (, в. Рудка, Брэсцкай вобласці — ) — беларуская БЭ, т. 18-1. С. 271, перакладчыца.

Сям’я Нарадзілася ў сялянскай сям’і, бацька Іосіф Сцяпанавіч Патапчук — бондар і цясляр, маці Марыя Андрэеўна — працаўніца калгаса. Сям’я жыла спачатку ў Рудцы, потым пабудавалі новы дом у Весяльніцы. Першы муж маці, Ёзас Янішчыц, загінуў на вайне ў 1944 годзе, ад яго Яўгеніі засталося прозвішча (пра гэта яна пісала ў вершы «Памяці Ёзаса Янішчыца»). Другі муж маці — бацька Яўгеніі Янішчыц — памёр у 1975 годзе. Маці памерла ў 2006 годзе.

Біяграфія У 1955 годзе Яўгенія пайшла ў першы клас Рудкаўскай пачатковай школы. У чацвёртым класе напісала свой першы верш, прысвечаны маці. Пасля заканчэння Рудкаўскай пачатковай школы вучылася спачатку ў Мерчыцкай васьмігодцы, а 9—10 класы скончыла ў Парэцкай сярэдняй школе (Пінскі раён).

Першы твор прачытала на школьнай вечарыне, прысвечанай Якубу Коласу. Дэбютавала ў друку ў снежні 1962 года ў раённай газеце «Палеская праўда»yaugeniya.ru .

Вершы Яўгеніі публікавалі ў пінскай раённай газеце, у рэспубліканскіх газетах і часопісах. У 1966 годзе, пасля заканчэння сярэдняй школы, Яўгенія паступіла на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. Стала дыпламантам беларускага фестывалю творчасці моладзі (1970).

Пасля заканчэння ўніверсітэта (1971) працавала загадчыцай бібліятэкі ў ЦК ЛКСМБ. У 1971 годзе выйшла замуж за беларускага паэта Сяргея Панізніка. Некаторы час была ў Чэхаславакіі, дзе муж служыў як ваенны журналіст. Неўзабаве вярнулася на радзіму, да маці, і ў 1972 годзе нарадзіла сына Андрэя. Без дапамогі мужа выхоўвала сына, шлюб афіцыйна скасаваны ў студзені 1976 годзе.

Жыццёвая неўладкаванасць трывала каля пяці гадоў. Паэтэса пісала да Міхася Забэйды-Суміцкага:

З 1976 года Яўгенія Янішчыц працавала літкансультантам у «Сельскую газету». У 1977 годзе атрымала кватэру ў Мінску па вуліцы Ульянаўскай. У 1981 годзе ўдзельнічала ў працы XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. 5 сакавіка 1982 года ў «ЛіМе» апублікавана паэтычная нізка Янішчыц «Спакойныя вершы», прысвечаная паездцы ў ЗША.

У 1983 годзе стала загадчыцай аддзела паэзіі часопіса «Маладосць». У 1988 годзе атрымала новую трохпакаёвую кватэру на Старажоўскай вуліцы. У апошнія гады жыла адна, выхоўвала сына.

У жыцці Янішчыц былі перыяды творчага ўзлёту, прызнання і часы смутку, расчаравання. Цяжка і працягла Яўгенія Янішчыц адужвала пасля аварыі ў Магілёве ў 1976 годзе, з мноствам пераломаў прыкаваная да бальнічнага ложка. Так і не здолела перамагчы фізічны боль, што паўплывала на дэпрэсіўныя настроі ў апошнія гады жыцця. Па афіцыйнай версіі, паэтка трагічна загінула, выпала з восьмага паверхуnovychas.online.

Творчасць Дэбютавала з вершамі ў рэспубліканскім друку ў 1964 годзе (часопіс «Бярозка»).

Аўтарка зборнікаў лірыкі «Снежныя грамніцы» (1970), «Дзень вечаровы» (1974), «Ясельда» (1978), «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983), «Каліна зімы» (1987). Выйшаў зборнік выбраных твораў «У шуме жытняга святла» (1988), у які вершы адбірала сама паэтка.

Паэзіі Янішчыц уласцівы роздум пра жыццё, бацькаўшчыну, мінулае і сучаснасць, тэмы сяброўства, кахання, мацярынства.

З першага зборніка тэма роднага краю стала візіткай паэзіі Яўгеніі Янішчыц. Палессе, Велясніца — вобразы «малой радзімы» праходзяць праз усю яе творчасць. Ціхая беларуская вёска, навакольная прырода ўплывалі на абуджэнне таленту і фарміраванне светапогляду паэтэсы. Вёска, як традыцыі і лад жыцця складалі ўражанне трываласці і надзейнасці абжытага свету. Прырода паўставала казачнай краінай. У вершы «Прыедзь у край мой ціхі…» паэтка запрашала пабачыць хараство і самабытнасць палескіх краявідаў:

3 душэўнай пранікнёнасцю і пачуццём павагі Янішчыц малявала паэтычныя партрэты землякоў, аднавяскоўцаў («Дзед Сымон», «Насця», «Усціння», «Сава і Марыя», «Павел і Нікан», «Зінька», «У бабулі Паланеі», «Салдаткі» і інш.). Яна ўспрымала працавітых, сумленных палешукоў як амаль святых, называла іх «апосталамі», «інтэлігентамі ад зямлі».

Характэрнай рысай вершаў, прысвечаных палескай прыродзе, было імкненне перадаць хараство і таямнічасць навакольнага свету. Янішчыц глядзіць на свет вачыма рамантыка. У вершы «Чаму ніколі не баюся я…» паэтэса гаворыць пра сваю духоўную еднасць з радзімай:

Паэтка ўспрымае свет у абуджэнні, росквіце, прыліве прыродных сіл. Яе «зялёная зямля» — гэта не толькі «малая радзіма», гэта таксама эстэтычная рэальнасць, пазбаўленая недахопаў і недасканаласці, крыніца творчага натхнення, гаючы эліксір душы. Любоў да радзімы не толькі сузіральная, але і дзейсная, «з мазалямі на руках».

У вершы «Не воблака, а проста аблачынка…» паэтэса думкай пераносіцца ў мінулае. У яе памяці паўстае вобраз вясёлай дзяўчынкі:

3 вышыні жыццёвага досведу яна глядзіць на юнацкую бесклапотнасць. Паблажліва, бяскрыўдна ўзіраецца ў сваё мінулае, дзе «лета» і «зіма» незаўважна перайшлі адно ў другое. Кладка, якая злучала два светы: светлага дзяцінства, багатага на выдумкі юнацтва і шматабяцальнай сталасці, — стала памяццю. Верш насычаны сімвалічнымі вобразамі: воблака (увасабленне сталасці), аблачынкі (увасабленне юнацтва), матылька (лёгкасці і нязмушанасці пазнання жыцця), кладкі (злучэнне, сумяшчэнне ў лёсе двух светаў).

Глыбокае пранікненне ва ўнутранае «Я» чалавека дазволіла Яўгеніі стварыць шэраг праўдзівых вобразаў людзей вёскі, паказаць сілу і веліч простага селяніна. Яе вершы прасякнуты вялікай адданасцю роднай зямлі, любоўю да палескага краю, з яго непаўторнымі лугамі і палямі, старажытнымі лясаміВыбранае / Прадм. М. І. Панковай. — Мн.: Выш. шк., 1998. Тонка адчуваючы сваю кроўную сувязь з роднай зямлёй, паэтка ўражвае глыбінёй асэнсавання складаных праблем сучаснасці, прагай сцвярджэння высокачалавечых адносін паміж людзьмі.

Супрацьпастаўленне (антыномія) вёскі і горада ў вершы «Помню, помню праз гады…» не выказваецца адкрыта, а выяўляецца ў падтэксце тужлівых роздумаў. Горад уражвае, хвалюе, здзіўляе, але не выклікае таго захаплення і паэзіі, якую нараджае вёска. Разлад узнікае з-за немагчымасці пераходу з «вясковага» ўзроўню існавання душы на іншы. Лірычнай гераіні цяжка быць у гэтым памежным становішчы, на раздарожжы паміж горадам і вёскай. I як толькі ўзнікаюць жыццёвыя праблемы, яна шукае апоры ў знаёмым, родным, ратуецца думкай пра свой вясковы свет. У вершы гучаць фальклорныя матывы: тэкст мае песенную меладычную структуру, па рытмічнай арганізацыі нагадвае сумныя народныя песні. Паэтэса ўжывае звароты і прыдаткі з ацэначна-метафарычным значэннем (золатца, сябра-сокала, сцежкі-птушкі), характэрныя для фальклору.

Лірычная гераіня Янішчыц так сказала пра сябе: «Я — поле, я сціхлая ў горадзе вёска…» («Наконт гарадскога мыслення»). Паэтка чуйна рэагавала на змены, што адбываюцца на вёсцы, у традыцыйным укладзе жыцця, хвалявалася за будучыню роднай зямлі. У сваім сэрцы яна імкнулася з’яднаць, прымірыць два светы — вясковы і гарадскі («Я вас люблю»).

Паэтычны свет Яўгеніі напоўнены пачуццём любові: да маці, радзімы, жыцця, кветак, саду, сонца, аблокаў… У вершы «Ты пакліч мяне. Пазаві…» паэтка гаворыць:

Матыў болю праходзіць праз увесь верш «Ля ложка хворай маці». Сэрца дачкі перапоўнена хваляваннем. З чуласцю і пяшчотай яна звяртаецца да самага дарагога ў жыцці чалавека: «Так ніколі твая не балела мне доля».

Радасць і смутак суіснуюць побач у вершы «Любоў мая…». «Песня і маркота» адухаўляюцца любоўю, а з пачуцця любові пачынаецца песня, як аснова жыцця і свету. Паэзію Янішчыц адрозніваюць меладычная танальнасць выказанага слова, у пафасны ўзлёт эмоцыі, драматызм пачуцця. Лірыка кахання кранае глыбінёй перажыванняў. У інтымнай лірыцы паэтка гаворыць мовай шчырай, даверлівай споведзі (верш «Разлука ўпала на траву…»). У жаночым сэрцы боль і туга па страчаным каханні, «Мой боль — на вышыні святла…» — гучыць прызнанне ў вершы «А як хацелася цяпла…». Лірычная гераіня кахае і пакутуе, а, пакутуючы, усе роўна жыве дзеля кахання і любові.

Лірычны струмень вызначальны ў зборніках паэзіі, дзе адлюстраваўся свет пачуццяў чулай і ранімай душы. Чалавек, людзі, прырода, паводле паэтычнай філасофіі Я. Янішчыц, — галоўная і найвышэйшая каштоўнасць на зямлі. «Жывіце і любіце, // Свой беражыце дом», — такі духоўны запавет пакінула паэтка.

Янішчыц стварыла некалькі паэм. Справы вясковых працаўнікоў у паэме «Ягадны Хутар» (1980), якая вызначаецца спалучэннем верша і вершаванай прозы. У «Зорнай паэме» спалучаюцца лірычныя і публіцыстычныя інтанацыі.

Аўтарка літаратурна-крытычных артыкулаў, рэцэнзій і інш. Перакладала на беларускую мову з рускай і ўкраінскай. Асобныя вершы Янішчыц пакладзены на музыку.

У 2000 годзе пабачыла свет кніга «Выбранае» (укладанне Алы Канапелькі і Валянціны Коўтун), дзе ўпершыню апублікаваны паэма «Галалёд» і апавяданні Яўгеніі Янішчыц.

Выбраная бібліяграфія

«Снежныя грамніцы» (1970) «Дзень вечаровы» (1974) «Ясельда» (1978) «На беразе пляча» (1980) «Пара любові і жалю» (1983) «Каліна зімы» (1987) «У шуме жытняга святла» (вершы і паэмы, 1988). Выбранае. Мн., 2000.

Прэміі і ўзнагароды Лаўрэатка прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі «Дзень вечаровы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі «Пара любові і жалю».

Ацэнкі Паэтычная спадчына Яўгеніі Янішчыц — адна з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры другой паловы XX стагоддзяС. Калядка (2009).

У рэцэнзіі на яе першую кнігу Рыгор Бярозкін пісаў:

Паводле выказвання Васіля Жуковіча, у літаратуру прыйшла «асоба з імем Беларусі», якая прысвяціла сваёй зямлі натхнёныя вершы-оды.

Паводле Васіля Быкава,

Памяць

У Пінскім раёне 2008 года быў абвешчаны літаратурным годам Яўгеніі Янішчыц, ва ўсіх бібліятэках раёна праводзіліся сустрэчы, конкурсы, віктарыны, чытачоў знаёмілі з творчай спадчынай паэткі.

Рашэннем Пінскага райвыканкама базавай школе ў Парэччы нададзена імя Яўгеніі Янішчыц. У 2025 годзе, у сувязі з закрыццём школы, экспанаты музея паэткі пры школе адвезлі ў Пінскую раённую бібліятэку і закансервавалі. Некаторыя артэфакты пазней трапілі ў экспазіцыю Музея Беларускага Палесся.

Да дваццацігоддзя смерці Яўгеніі Янішчыц рэжысёр Андрэй Леўчык зняў стужку «Небяспечны талент» (2008) паводле сцэнарыя паэткі Раісы Баравіковай, якая блізка ведала Яўгенію.

Літаратуразнаўка Святлана Калядка выдала кнігу пра Яўгенію Янішчыц — «Непрыручаная птушка Палесся». Гісторык Анатоль Мяснікоў уключыў артыкул пра Янішчыц у кнігу «Сто асоб беларускай гісторыі».

Крыніцы

Літаратура Бугаёў Дз. Усхваляванае слова паэтэсы // Бугаёў Дз. Талент і праца. — Мн., 1979. Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю // Семашкевіч Р. Выпрабаванне любоўю. — Мн., 1982.

Гарэлік Л. Янішчыц Яўгенія // Калядка С. Яўгенія Янішчыц // Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 11-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / пад рэд. А. Бельскага, М. Тычыны. — Мн.: Адукацыя і выхаванне, 2009. ISBN 978-985-471-320-5 Калядка С. У. Непрыручаная птушка Палесся: творчая індывідуальнасць Яўгеніі Янішчыц. — Мінск: Беларуская навука, 2007. — 216 с. Яўгенія Янішчыц: творы, жыццяпіс, каментарыі. У 4 т. / Укладанне і падрыхтоўка С. У. Калядка і Т. П. Аўсяннікавай. — Мінск: Беларуская навука, 2016--

Спасылкі Сайт, прысвечаны Яўгеніі Янішчыц (біяграфія, вершы, аналіз) На БТ знялі фільм пра Янішчыц, Наша Ніва. 31 кастрычніка 2008 года. Успміны Сяргея Панізніка Яўгенія Янішчыц. Дзень вечаровы (зборнік вершаў). Выканаўца — Васіль Белацаркоўскі (аўдыё)

Катэгорыя:Паэтэсы Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі Ленінскага камсамола БССР Катэгорыя:Паэты-песеннікі СССР Катэгорыя:Паэты-песеннікі Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі-самазабойцы Катэгорыя:Жанчыны Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі СССР Катэгорыя:Перакладчыкі з рускай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з украінскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову Катэгорыя:Супрацоўнікі газеты «Сельская газета»