Да́нія (), Карале́ўства Да́нія () — дзяржава ў Паўночнай Еўропе. Размешчана на паўвостраве Ютландыя, астравах Дацкага архіпелага (найбуйнейшыя — Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Лангелан, Мён), а таксама на востраве Борнхальм і ў паўночнай частцы Паўночна-Фрызскіх астравоў (усяго 407 астравоў, населеныя — 99). Самая паўднёвая краіна Скандынавіі.
На захадзе абмываецца Паўночным морам, на паўднёвым усходзе — Балтыйскім; на поўначы пралівам Скагерак аддзелена ад Нарвегіі, на паўночным усходзе пралівамі Катэгат і Эрэсун (Зунд) — ад Швецыі; на поўдні мае сухапутную мяжу з Германіяй (даўжыня 68 км).
Данія разам з Фарэрскімі астравамі і Грэнландыяй утварае Садружнасць Каралеўства Данія.
Плошча — 43,1 тыс. км² (без Грэнландыі і Фарэрскіх астравоў). Насельніцтва — 5,4 млн. чалавек (2007 год).
Сталіца — горад Капенгаген. Афіцыйная мова — дацкая. Грашовая адзінка — дацкая кронаДания.
Дзяржаўны лад
Данія — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы — кароль (каралева). Заканадаўчую ўладу кароль ажыццяўляе сумесна з парламентам, выканаўчую ўладу – сумесна з Дзяржаўным саветам.
Афіцыйная царква — Евангелічная лютэранская царква Даніі. Кароль павінен належаць да гэтай царквы.
Кароль ажыццяўляе вярхоўную ўладу праз міністраў, якія нясуць адказнасць за кіраванне караля – яго акты пацвярджаюцца контрсігнатурай адказных міністраў. Кароль прызначае і звальняе ў адстаўку прэм’ер-міністра і іншых міністраў.
Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны парламент ( — народны сход), які выбіраецца на 4 гады ўсеагульным галасаваннем. Складаецца не больш чым са 179 дэпутатаў (у тым ліку 2 абіраюцца ад Фарэрскіх астравоў і 2 — ад Грэнландыі). Кароль можа прызначыць новыя выбары ў любы час, акрамя перыяду паміж прызначэннем урада і прадстаўленнем прэм’ер-міністра парламенту.
Вышэйшы выканаўчы орган — Дзяржаўны савет, у склад якога ўваходзяць паўналетні спадчыннік пасаду і міністры на чале з прэм’ер-міністрам (Савет міністраў). Пасяджэнні Дзяржсавета вядзе кароль, калі не даручае разгляд пытанняў Савету міністраў.
Міністры маюць патрэбу ў даверы парламента. Вотум недаверу цягне адстаўку міністра, а калі адносіцца да прэм’ер-міністра, то ўсяго ўрада, калі не будуць прызначаны новыя ўсеагульныя выбары ў парламент.
Гісторыя
Ранняя гісторыя Як сведчаць археалагічныя знаходкі, людзі стала засялілі Скандынавію не пазней як 12 800 год таму, па адыходзе апошняга ледавіка; земляробства з’явілася тут каля 3 тыс. гадоў да н.э. Прыкладна 200 н.э. датаваныя першыя знойдзеныя рунічныя надпісы. Целы сваіх памерлых насельнікі тагачаснай Даніі, як і многія іншыя паганцы-індаеўрапейцы, спальвалі і хавалі ў курганах — ажно да ХІ стагоддзя н.э., да хрысціянізацыі Даніі каля 980 года каралём Харальдам Сінязубым (ад яго мянушкі бярэ сваю назву сучасная тэхналогія Bluetooth). Цягам ХХ стагоддзя ў балотах Даніі (як і Англіі) неаднаразова знаходзілі «балотныя целы» — выдатна захаваныя з дахрысціянскіх часоў у кіслым асяроддзі трупы людзей, забітых і кінутых (часам з вяроўкай на шыі) у балота. thumb|left|Гарольдаў камень з рунічнымі надпісамі
Эпоха вікінгаў Шырока разрэкламаваным перыядам дацкай (роўна як і шведскай) гісторыі з’яўляецца «эпоха вікінгаў» (793—1066 гг. н.э.), падчас якой піраты са Скандынавіі рабавалі землі па ўзбярэжжах кантынентальнай Еўропы, служылі наймітамі візантыйскіх імператараў, каланізавалі Ісландыю, Фарэрскія астравы, Грэнландыю і ўсходняе ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі, а дацкія каралі некаторы час кіравалі Англіяй. Канец гэтай эпохі звычайна датуецца годам нарманскай заваёвы Англіі; аб’ектыўнымі прычынамі заняпаду сталі ваеннае і сацыяльнае развіццё феадальнага грамадства ў Еўропе, а таксама няўхільнае пагаршэнне клімату ў Паўночнай Атлантыцы, асабліва ад XIII стагоддзя — наступленне Малога ледавіковага перыяду. Падвышанай увагай да «эпохі вікінгаў» і да ўласна піратаў-вікінгаў — якія нават для тагачаснага скандынаўскага насельніцтва былі хутчэй маргіналамі — мы абавязаныя, напэўна, значна пазнейшым акалічнасцям: рамантычным у ХІХ стагоддзі і турыстычным у ХХ стагоддзі.
Сярэднявечча У час Сярэднявечча перыяды грамадзянскіх войнаў чаргаваліся з перыядамі цэнтралізацыі ўлады, падвышэння падаткаў і дзяржаўнага будаўніцтва; вяліся войны — пераважна з нямецкімі княствамі на поўдні і суседняй Швецыяй. Вальдэмар Вялікі (1131—1182), чарговы «моцны» кароль, пабудаваў замак у вёсцы Havn, адкуль і пачаўся цяперашні Капенгаген — København — і здзейсніў некалькі «крыжовых паходаў» дзеля падпарадкавання земляў сучаснай Эстоніі (распаўсюджаная легенда пра паходжанне дацкага сцяга, Данеброгу, сцвярджае, што ён нібыта ўпаў з нябёсаў у 1219 годзе ў пераломны момант адной з сутычак у Эстоніі). З 1397 па 1521 гады Данія, Нарвегія і Швецыя (а таксама сённяшняя Фінляндыя, Ісландыя, Фарэрскія астравы і Грэнландыя) былі аб’яднаныя уніяй (вядомай як Кальмарская унія) і фактычна знаходзіліся пад уладай дацкіх манархаў.
Новы час thumb|right|Карона Імперыі. Замак Розенборг Рэфармацыя пачалася ў Даніі ў 1536 годзе, і хутка Лютэранская царква стала афіцыйнай дзяржаўнай царквой Даніі; па канфіскацыі зямель, што належалі Рымска-каталіцкаму касцёлу, даходы караля ўзраслі ўтрая. Як апірышча пратэстанства, Данія была ўцягнутая ў Трыццацігадовую вайну і ў выніку паразы (1658) згубіла, у прыватнасці, свае найбагацейшыя правінцыі на поўдні сучаснай Швецыі, у Сканіі — гістарычна дацкія землі. Першай дацкай «далёкай» калоніяй было невялічкае паселішча і форт Транкебар на паўднёвым узбярэжжы Індыі (ад 1620 года; у 1845 прададзены Вялікабрытаніі). Данія пабудавала таксама чатыры замкі на заходнім узбярэжжы Афрыкі (у адным з тых замкаў, захаваным дасёння, размяшчаецца рэзідэнцыя прэзідэнта Ганы) і каланізавала некалькі астравоў у Карыбскім моры. Прыгоннае права ў Даніі праіснавала з 1733 па 1788 гады і было скасавана на просьбы шырокіх буржуазных мас. Падчас Напалеонаўскіх войнаў Данія ўзяла бок Францыі і ў выніку ў 1814 годзе страціла Нарвегію.
Найноўшы час У неспакойны для Еўропы рэвалюцыйны час кароль Фрэдэрык VII (а дацкіх каралёў ад пачатку XVI стагоддзя называюць па чарзе толькі Хрысціянамі і Фрэдэрыкамі) падпісаў 5 чэрвеня 1849 года Канстытуцыю і ператварыў Данію з абсалютнай у канстытуцыйную манархію. Апошняя тэрытарыяльная страта — зямлі Шлезвіг-Гольштайн у выніку вайны з Прусіяй — адбылася ў 1864 годзе. Падчас Першай Сусветнай вайны Данія трымалася нейтралітэту і цалкам захавала свае людскія і матэрыяльныя рэсурсы; больш за тое, ёй прапанавана было вярнуць Шлезвіг-Гольштайн, але кіраўніцтва краіны з’ініцыявала рэферэндум сярод жыхароў аспрэчанай правінцыі, паводле вынікаў якога ў 1920 годзе ад Германіі да Даніі адышоў толькі паўночны Шлезвіг. У 1940 амаль без супраціву здалася Германіі і карысталася, прынамсі да 1943 года, значнай самастойнасцю ва ўнутранай палітыцы. Вызваленая амерыканскімі войскамі 5 мая 1945 года; пасля вайны адмовілася ад палітыкі нейтралітэту і ўступіла ў НАТА. З’яўляецца, поруч з Беларуссю, краінай-заснавальніцай ААН, уваходзіць у Еўрасаюз (хоць і адмовілася на рэферэндуме ў 2000 годзе ад уводу еўра), ратыфікавала Шэнгенскія пагадненні.
Краіна Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
+ Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел з 2007 года Рэгіён Плошча, км² Насельніцтва, тыс. чал. Адміністрацыйны цэнтр Сталічны 2561 1634 Хілерод Зеландыя 7273 812 Сорэ Паўднёвая Данія 12191 1186 Вайле Цэнтральная Ютландыя 13142 1220 Вібарг Паўночная Ютландыя 7931 577 Ольбарг
Геаграфія Прыблізныя каардынаты Даніі 56°00 N, 10°00 E. Агульная плошча (без уліку Фарэрскіх астравоў і Грэнландыі) 43 094 км²; азёры займаюць прыблізна 700 км². Найвышэйшы пункт 171 м (ненаселенае месца M?lleh?j), найніжэйшы — 7 м ніжэй за ўзровень мора (Lammefjord). Самая доўгая рака Даніі — Гудзена. Сярод іншых буйных рэк Стора і Вардэ.
Па сушы мяжуе з Германіяй, даўжыня мяжы 68 км; даўжыня берагавой лініі 7 314 км. Клімат марскі ўмераны (Cfb, паводле класіфікацыі Кёпена), пад уплывам цёплага цячэння Гальфстрыму. У структуры землекарыстання пашні займаюць 54 %, лясы 13 % (з іх 72 % знаходзяцца ў прыватнай уласнасці).
Эканоміка Сукупны ўнутраны прадукт (СУП) у 2005 годзе склаў $187,721 млрд, або 0,315 % сусветнай эканомікі . Данія — самадастатковая краіна ў сэнсе забяспечанасці энерганосьбітамі (нафта, газ, вецер) і сельскагаспадарчай прадукцыяй (зерне, бульба, прадукты жывёлагадоўлі). Буйнейшыя гандлёвыя партнёры — Германія (18,7 % экспарту, 23,1 % імпарту), Швецыя (адпаведна 12,6 % і 13 %) і Вялікабрытанія (8,5 % і 7 %). Цягам другой паловы ХХ стагоддзя структура дацкай эканомікі заўважна змянілася: з аграрна-індустрыяльнай краіны Данія зрабілася краінай постіндустрыяльнай, з выразным дамінаваннем сферы паслуг (75.9 % СУП і 79 % рабочых месцаў) і значнай перавагай індустрыяльнай вытворчасці (22.1 % СУП, 17 % занятых — у 1960 годзе было 40 %) над сельскай і рыбнай гаспадаркай (2 % СУП, 4 % занятых — у 1960 годзе было 20 %). У сярэднім на адно прадпрыемства прыпадае 10 рабочых месцаў. Гадавы прырост СУП у апошнія пяць гадоў складаў 1,3 % (2001), 0,5 % (2002) 0,7 % (2003), 2,4 % (2004) і 2,2 % (2005); беспрацоўе ў той жа час вагалася паміж 5 %-6 %. Традыцыйна высокія выдаткі дзяржавы на сацыяльнае забеспячэнне (бясплатная адукацыя, часткова бясплатная медыцына, вялікія выплаты беспрацоўным і пенсіі) адбіваюцца на рабочых Даніі ў выглядзе высокіх падаходных падаткаў (ад 9 %-44 % для звышбедных і бедных гаспадарак, і да 44 %-62 % для сярэдняга класу) і на ўсіх грамадзянах, вымушаных плаціць 25 % ПДВ нават пры пакупках ежы. Галоўнае пытанне, што стаіць перад дацкай, роўна як і іншымі сацыяльна-арыентаванымі рыначнымі эканомікамі — як забяспечыць стабільны эканамічны рост пры існых сацыяльных стандартах і дэмаграфічных тэндэнцыях.
Транспарт thumb|right|Цягнік Дацкай дзяржаўнай чыгункі (DSB) прыбыў у Гамбург (Германія) На 1 студзеня 2004 года даўжыня аўтамабільных дарог Даніі складала 72 075 км, з іх 1 027 км хуткасных магістраляў. Узровень аўтамабілізацыі насельніцтва — 659 машын на тысячу сем’яў. Сярэдні расход паліва для зарэгістраваных у 2004 годзе машын з бензінавымі і дызельнымі рухавікамі склаў 61/2 літраў на 100 км, ці на літр менш чым у 1998. Большасць пасажырскіх перавозак у Даніі — 77 % — здзяйсняецца аўтамабілямі, 12 % аўтобусамі і 7 % чыгункай; вага велаперавозак няўхісна змяншаецца: за 2002 год сярэдні датчанін накатаў на ровары 435 км. Даўжыня чыгуначнага палатна — 2 785 км, або 64 км на 1 тыс. км^(2) тэрыторыі (2004); амаль чвэрць дарог электрыфікаваныя. Жыхары Капенгагену ганарацца адкрытымі ў 2002—2003 гадах дзвюма лініямі метро агульнай працягласцю ў 17 км; вагончыкі італьянскай вытворчасці (па тры на састаў) рухаюцца без кіроўцы з сярэдняй хуткасцю 40 км/г, выязджаючы па-за цэнтрам гораду на паверхню. Рэгулярныя пасажырскія авіярэйсы ў Даніі прымаюць 10 аэрапортаў, прычым на Капенгагенскі прыпадае 84 % авіяперавозак. Дацкі гандлёвы флот налічвае каля 450 караблёў і з’яўляецца 16-м у свеце і 6-м у Еўрасаюзе.
Народ
Дэмаграфія