Беларуская гравюра ― від мастацтва, які ўзнік у Беларусі ў пачатку XVI стагоддзя. У гісторыі мастацтва з'яўленне гравюры звязваюць з рамёствамі, дзе выкарыстоўваліся прыёмы гравіроўкі.

Беларуская гравюра XVI стагоддзя

У 1517 годзе пачалася выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, які выпусціў у 1517-1519 гг. 23 кнігі Бібліі, «Малую падарожную кніжыцу» (1522) і «Апостал» (1525). Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 гравюры, тысячы ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення. У двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царстваў») ён змясціў свой гравюрны партрэт. Шмат якія гравюры і застаўкі маюць асабісты знак-сігнет Скарыны, своеасаблівы герб — змешчанымі на шчыце выявамі сонца і месячнага сярпа з чалавечымі тварамі. Па мастацкім асаблівасцям гравюры Скарыны дзеляцца на 3 віды: гравюра-партрэт, сюжэтна-тэматычная (тытульная) ксілаграфія і прадметна-пазнавальныя ілюстрацыі прыкладнага характару.

Аб аўтарстве гравюр у кнігах Скарыны мастацтвазнаўцы неадназначна адгукаюцца. Так, Д. А. Равінскі, У. В. Стасаў, П. У. Уладзіміраў, І. П. Каратаеў і М. М. Шчакаціхін дапускаюць, што частка з іх выканана нямецкімі і чэшскімі майстрамі. Але В. Ф. Шматаў, Л. Ц. Баразна, В. М. Шутава і іншыя беларускія даследчыкі лічаць, што аўтар гравюр толькі Скарына. Выключэнне могуць складаць гравюры «Вадохрыша» і «Дыспут у храме», выкананыя ў іншай манеры.

Параўноўваючы ксілаграфіі кніг Скарыны з лепшымі венецыянскімі гравюрамі эпохі Адраджэння, У. В. Стасаў адзначаў, што «тая вытанчанасць малюнка, тое майстэрства гравюры, якія на кароткі час прамільгнулі ў выданнях венецыянскіх і скарынаўскіх, ніколі ўжо больш не паўтарыліся ні ў адным выданні царкоўнаславянскага друку на працягу ўсёй другой паловы XVI ― усяго XVII і першай паловы XVIII стагоддзяў».

З часам у кнігах з'яўляюцца гравюры-партрэты: Боны Сфорца, Жыгімонта I (Decius I. L. De vetustatibus Polonorum liber I. De Jagellonum familia liber II. De Sigismundi regis temporibus liber III. Cracoviae, 1521); у выданні А. Гваньіні «Sarmatiae Europeae descriptio» (Spirae, 1581) ― партрэты вялікіх князёў літоўскіх Трайдзеня, Віценя, Міндоўга, Ягайлы, Гедыміна, Вітаўта, Альгерда, Свідрыгайлы, Аляксандра Ягелончыка. У кнізе Яна Астроўскага (сакратара брэсцкага рэферэндарыя Яна Сапегі) ― «Suada latina» ― апублікаваны партрэт Сапегі. У кнізе Мікалая Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва ў Святую зямлю» (1601) ёсць партрэт аўтара ― ксілаграфія Томаша Трэтэра.

У 1919 годзе беларускі бібліёграф Рамуальд Зямкевіч у часопісе «Беларускае жыццё» упершыню апублікаваў партрэт-гравюру Васіля Цяпінскага 1576 года, знойдзеную ў бібліятэцы Святаполк-Завадскіх ў Крошыну.

У 1579 годзе італьянскі майстар Дж. Кавалерыс вырабіў разцовую гравюру па малюнках пісара кароннай канцылярыі С. Пахолавецкага ― «Карта Полацкай зямлі» і «План Полацка». Нямецкі гравёр Мацыяс Цюнт ― аўтар гравюры на медзі «Выгляд Гродна з выездам у час сойма пры Жыгімонце Аўгусце» (1568) па малюнку Ганса Адэльгаўзера.

У канцы XVI стагоддзя гравюра на медзі пачала прымяняцца ў кніжнай ілюстрацыі. Значны ўклад у развіццё беларускай разцовай гравюры унёс нясвіжскі майстар Тамаш Макоўскі ― гравёр, друкар і картограф. Яго першая вядомая гравюра датавана 1601 годам (тытульны ліст да «Паломніцтва» князя Радзівіла Сіроткі). Менавіта Макоўскім быў ажыццёўлены адзін з ранніх вопытаў станковай гравюры: тытульны ліст кнігі Іераніма Більдзікевіча «Divittutelaris patrii Casimiri...» (1610). Макоўскі вядомы таксама як стваральнік панарамнай карты Вільні і гравюр гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У віленскай панараме горад ўспрымаецца як разгортка, сілуэт, які паўтарае форму рэльефуЯкубоўскі Ян. Tomasz Makowski sztycharz і kartograf nieświeski (przyczynek do dziejów sztuki i nauki na Litwie). ― Warszawa, 1923. 30 s..

Нароўні з кніжнай гравюрай, у XVI―XVIII стагоддзях значнага развіцця дасягнула станковая гравюра на дрэве (партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок). У пачатку 1520-х гадоў склалася Віленская школа гравюры (тэрмін уведзены У. В. Стасавым). Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсіх усходнеславянскіх землях. Асноўныя віды гравюры школы ― ксілаграфія (у выданнях кірыліцай) і медзярыт (у лаціна-польскіх кнігах). Пераважалі кніжная гравюра: партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы. Амаль усе дрэварыты XVI стагоддзя ананімныя, медзярыты XVII стагоддзя падпісаныя. Несумненна мастацкая якасць тытульных лістоў «Трыбунала» (1586), «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Статута» (1617), «Граматыкі» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з'явіліся ў «Часаслове» (1617), выдадзеным друкарняй Мамонічаў. Гравюра на медзі шырока выкарыстоўвалася ў свецкай літаратуры, якая выходзіла у Віленскай акадэміі, ― у гравюры з'явіліся перспектыва і аб'ём ў рысунку прадметаў. Для акадэміі працавалі Аляксандр Тарасевіч («Разарыум» (1672), Лявонцій Тарасевіч, Інакенцій Шчырскі, заходнія гравёры Конрад Гётке, Д. Пельцэльд, Т. Шнопс, Л. Вілатц. Конрад Гётке ― аўтар тытульных лістоў, 9 партрэтаў Кішак, асобных партрэтаў роду Хадкевічаў і Тышкевічаў.

Каля 1570 года пачалася самастойная выдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца, які пераехаў з Заблудава у Вільню. У Мамонічаў ён выдаў тры кнігі: Евангелле напрастольнае (1575), Псалтыр (1576) і Часаслоў (1576). Як і скарынаўскія, гравюры ў кнігах выкананы ў стылі готыкі і Адраджэння. У выцягнутасці, умоўнасці фігур, у выгібах формаў, у трывожным непакоі зморшчын і арнаментыкі адчуваецца ўплыў маньерызму. Вядомы мастацтвазнавец А. А. Сідараў лічыў, што Мсціславец толькі рабіў малюнкі для гравюр, а рэзалі іх нейкія гравёры-іншаземцы. Але па матэрыялах суда Мсціслаўца з Мамонічамі відаць, што менавіта ён быў рэзчыкам.

Паліграфічна-выдавецкая дзейнасць Мсціслаўца аказала прыкметны ўплыў на пазнейшае беларускае, рускае і ўкраінскае кнігавыданне. Як адзначае А. Някрасаў, «у гравюры Беларусі ў канцы XVI стагоддзя ўсталяваўся створаны Пятром Мсціслаўцам арыгінальны беларускі дэкаратыўны стыль...». Тэхніку Мсціслаўца асвоілі друкары Вільні, Кіева, Львова, Магілёва, Чарнігава, Куцейны.

Беларуская гравюра XVII стагоддзя У пачатку XVII стагоддзя, калі медзярыт атрымаў у Вялікім Княстве Літоўскім дастатковае распаўсюджванне, выдаецца «Панегірык братоў Скарульскіх» (1604), а ў 1621 годзе — серыя эмблематычных ксілаграфій Тамаша Макоўскага. Ксілаграфіі былі створаны для панегірыка Яну Хадкевічу па нагоды закладкі першага каменя ў падмурак касцёла ў жмудскіх Крожах. Традыцыйны 5-прыватны баявы шчыт заключаны ў авальную рамку з гравіраваным тэкстам: «Ян Караль Хадкевіч віленскі ваявода, гетман ВКЛ, Лівонскі губернатар, граф на Шклове, Мышы і Быхаве». Падобныя надпісы рабіліся на межах вакол партрэта. Ля гербаў гравіраваліся па баках ініцыялы ўладальніка. На першым дрэварыце Хадкевіч прадстаўлены ўкленчыўшым перад абразам Багародзіцы ў акружэнні анёлаў-стражнікаў з мячамі. На заднім плане бачны касцёл і пабудовы, абнесеныя сцяной. У верхнім левым куце гравюры хадкевіцкі геральдычны грыфон страляе ядрамі з гакаўніц ў турэцкі паўмесяц. Медзярыт актыўна выкарыстоўваў Лявонцій Тарасевіч, які пачынаў сваю дзейнасць у Беларусі: партрэты падстолія ашмянскага Георгія Землі, К. С. Радзівіла, смаленскага біскупа Багуслава Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х), гравюра з выявай іконы Маці Божай Жыровіцкай (Вільня, 1682). У кнізе віленскага прафесара тэалогіі «Methodus peregrinationis menstruae Mariana» (1684) аб 12 цудатворных іконах Рэчы Паспалітай, змешчаныя гравюры Л. Тарасевіча. Аляксандр Тарасевіч стварыў медзярытны партрэт (1685) слуцкага кіраўніка Яна Казіміра Кшыштафа Клакоцкага. Сярод іканаграфіі Іасафата Кунцэвіча ёсць партрэт-гравюра (1670-е гады) А. Тарасевіча.

Традыцыі віленскай школы працягнула куцеінская школа гравюры на базе куцеінскай друкарні (1630-1654) пры Аршанскім Богаяўленскім Куцеінскім манастыры. Пад кіраўніцтвам ураджэнца Магілёўшчыны Спірыдона Собаля выдаваліся пераважна літургічныя, маральна-павучальныя і навучальныя кнігі. Асаблівасць куцеінскай школы ― свецкі, жанравы характар ілюстраваных сцэн, арыгінальнасць трактоўкі, індывідуальнасць ўласцівых гравюр з выявай святых. Сярод гравёраў куцеінскай школы вядомыя М. Антушкевіч, М. Чарняўскі, Я. Стрэльбіцкі.

Традыцыі куцеінскай школы працягнула Магілёўская школа гравюры (1616―1773), якая ўзнікла пры друкарні Магілёўскага богаяўленскага брацтва. Кнігі мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны застаўкамі, ініцыяламі, канцоўкамі. Усе гравюры выкананы ў стылі так званага магілёўскага барока ― злучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходнееўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва. Характэрнымі рысамі магілёўскай школы з'яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата кампазіцыйнай пабудовы, адсутнасць падрабязных дэталяў, перавага формы над архітэктурным фонам. Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: вакол традыцыйнай брамы на фоне расліннага арнаменту размяшчаліся медальён, картушы з выявамі святых, рэлігійныя сюжэты.

Максім Вашчанка першым у беларускім кірылічным кнігадрукаванні пачаў выкарыстоўваць гравюру на медзі. Даследчыкі адзначаюць як з'яву ў гравюры XVII стагоддзя яго медзярыты да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678) ― цыкл свецкіх гравюр з дэталёвай выявай зброі, ваеннага рыштунку, адзення, жывёл і інш. Гэта ўзорныя копіі гравюр французскіх гравёраў , Н. Кашына для парыжскага выдання 1670 года. Рознабаковыя штрыхоўкі падкрэсліваюць аб'ёмы прадметаў. Жанравы характар маюць і 23 гравюры М. Вашчанкі да выдання «Акафісты і каноны» (1693). Дрэварыты Васіля Вашчанкі адрозніваюцца пластычнасцю фігур, вытанчанасцю штрыхоўкі і разьбы («Дыоптра» (1698), «Перла каляровае» (1699), «Неба новае» І. Галятоўского (1699), «Кнігі жыцій святых» (1702) Дзмітрыя Растоўскага, «Антымінс» (1708). На тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» ― адзін з першых у рэлігійнай кнізе малюнак рэалістычнага магілёўскага гарадскога пейзажу. Вядомыя тры антымінса В. Вашчанкі: адбіткі на палатне з гравіраванай меднай дошкі, зробленыя ў магілёўскай друкарні (1694, 1708, 1723). Фёдар Ангілейка ― аўтар гравюр у кнігах «Ірмалой або Осмогласнік» (1700) Іаана Дамаскіна, «Часаслов або Паслядоўнасць службы» (1703).

Беларуская гравюра XVIII стагоддзя

У 1747 годзе гравёр Гірш Ляйбовіч падпісаў з Міхалам Казімірам Рыбанькам дагавор на стварэнне 90 партрэтаў роду Радзівілаў. 165 гравюр на медзі ўвайшлі ў выдадзены нясвіжскі альбом (1758).

У 1950 годзе каля сотні партрэтаў Радзівілаў з нясвіжскай галерэі рашэннем Савета Міністраў БССР перададзены Польшчы. У Беларускім нацыянальным мастацкім музеі маецца 38 партрэтаў Радзівілаў. У 2017 годзе там прайшла выстаўка «Радзівілы: лёс краіны і роду», дзе, разам з маляўнічымі, былі прадстаўлены і партрэты-гравюры са збору музея і прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла з Варшавы: 14 князёў з роду Радзівілаў, Марыя Радзівіл, Луіза Радзівіл Гогенцолерн, Людвіка Караліна Радзівіл і гравюра «Прыезд Януша Радзівіла ў Вільну ў 1653 годзе».

У XVIII стагоддзі атрымала некаторы распаўсюд станкавая ксілаграфія, прадстаўленая сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэтамі, якія гравіраваліся ў Вільні, Гродне і Нясвіже. З'явіўся народны лубок (дрэварыты Паўла Камара (1740-я) і інш.). Захаваўся народны дрэварыт «Маці Божая кармелітаў на Пяску» П. Камара.

Беларуская гравюра XIX стагоддзя