Паўстанне 1863 года ў Ігуменскім павеце — вайсковыя дзеянні нацыянальна-рэвалюцыйных паўстанцкіх аддзелаў супраць расійскага панавання у Ігуменскім павеце. На той час ягоная тэрыторыя займала землі сучасных Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Бярэзінскага, Уздзенскага, часткі Смалявіцкага раёнаў Мінскай вобласці.
Асноўныя падзеі
Самым моцным і баяздольным атрадам Мінскай губерні лічыўся Ігуменскі, які ўзначальваў Станіслаў Ляскоўскі (псеўданім Собэк). Ядро яго сфарміравалася яшчэ 17 красавіка 1863 годзе ў Багушэвiчах — маёнтку Свентаржэцкага. Адным з першых ў Багушэвічы прыбыў адстаўны штабс-ротмістр Гектар Карказовіч. У сельскім праўленні Свентаржэцкі сарваў са сцяны царскі партрэт, зачытаў «друкаваны маніфест, аб’явіў, каб не плаціць ніякіх падаткаў i не даваць рэкрута і што зямлю ён дорыць сялянам». Усе ж кнігі і паперы ў канцылярыі паўстанцы знішчылі. Адсюль паўстанцы адправіліся ў Ляды, злучыўшыся з Ляскоўскім, які па дарозе ў атрад, ледзь не трапіў у бяду, бо быў арыштаваны выпадкова сустрэтымі царскімі афіцэрамі, і давялося яго вызваляць. У Лядах Ляскоўскі аб’явіў сябе камандзірам. 3 паўстанцамі застаўся і камісар Свентаржэцкі, таму Ігуменскі атрад часта называлі таксама «партыяй Свентаржэцкага».
Шэрагі паўстанцаў хутка папаўняліся. У аколіцы Французская Грэбля на Пухавіччыне прымкнула група з Ігумена (каля 35 чалавек). Некалькі груп далучылася ў Суціне: з Мінска — пад кіраўніцтвам Ю. Сушчэвіча, у асноўным гімназісты, выйшлі 19 красавіка на зборны пункт у Лошыцы; са Слуцка вёў людзей настаўнік Л. Дамброўскі.
Са шляхты Суціна ў атрад паўстанцаў пайшлі: Казімір Захарэвіч, 25 гадоў, Франц Корзюк, 25 гадоў, Антон Гарэцкі, 32 гады, Гіляры Татур, 19 гадоў (у іншым месцы Захарый), Франц Акаловіч, 17 гадоў, Іван Матус (Матусевіч ?)74.НГАБ, ф.295, воп.1, спр.1522, арк.17
Атрад складаў з 150 чалавек, быў падзелены на групы — шосткі, па 6 чалавек, і плутоны — 5 шостак. Штаб складалі: Ляскоўскі — галоўны ваенны начальнік, Свентаржэцкі — ваенны камандзір, Мельхіёр Ваньковіч — касір, Альгерд Гансецкі — загадчык правіянту і Баляслаў Акуліч. Зрабілі ўмацаванні, што дазволіла доўгі час стрымліваць націск царскіх войскаў.Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. — М., 1965. — С. 428.
Камандзір казацкай сотні 26 красавіка даносіў начальству
«…З гэтага боку Суціна я знайшоў мост раскіданым, і з бярвёнаў і маставой насцілкі складзена нешта накшталт рэданта, а на самым беразе рэчкі насыпаны вал, каб абстрэльваць вугал рэданта і ўвесь даволі глыбокі брод; наогул цяжка даступная балотная мясцовасць размяшчэннем маставых прыкрыццяў да таго ўмацавалася, што ўзяць яе адной пяхотай без значнай страты было немагчыма».
Менш паспяховай для паўстанцаў стала сутычка пад Лядамі 29 красавіка, дзе карнікам удалося захапіць абоз iнсургентаў.
У маі выступленні мяцежнікаў у Мінскай губерні дасягнулі найбольшага размаху. Царскія войскі паўсюдна праследавалі атрады паўстанцаў, якія накіроўваліся ў Ігуменскія лясы. Сярод іх быў штабс-капітан Мельхіёр Чыжык з сарака мяцежнікамі, якія засталіся з 200 чалавек пасля сутычкі з вайскоўцамі. Яму ўсё ж удалося выйсці з гэтай групай паплечнікаў у Ігуменскія лясы і праз некаторы час далучыцца да паўстанцаў на чале з Ляскоўскім.
9 мая 1863 года адбыўся жорсткі бой за некалькі вёрст ад вёскі Юравічы. У рапарце камандзіра царскіх войскаў адзначана, што адшукаць паўстанцаў было надзвычай цяжка, бо Ляскоўскі «ўвёў у шайцы (так у дакументах называліся паўстанцы) парадак і дысцыпліну, строга караючы парушальнікаў, прывучыў паўстанцаў здымацца з пазіцыі за некалькі хвілін; займаючы ж для начлегаў заўсёды самыя непраходныя лясы, ён захоўвае найвялікшыя перасцярогі».
Рапарт камандуючага царскімі войскамі ў Ігуменскім павеце падпалкоўніка Чурскага непасрэдна пра бой у Юравічах, які трэба лічыць адной з галоўных аперацый 1863 года на Мiншчыне
«Камандуючы атрадам з 3 рот Вялікалуцкага палка і 50 казакоў маёр Грыгореў 10-га чысла гэтага мая данёс, што 9-га чысла а 3-яй гадзіне апоўдні ён дагнаў за 5 вёрст ад вёскі Юравічы шайку Свентаржэцкага, дзе мяцежнікі зрабілі завалы з тоўстых ссечаных дрэў, з-за якіх пры нападзе на iх біліся на смерць, кожны завал трэба было браць прыступам. Жорсткі бой працягваўся 2 гадзіны, пасля якога мяцежнікі (іх, паводле меркавання маёра Грыгорева, было да 400 чалавек) кінуліся бегчы у розныя бакі. Атрад гнаўся за імі больш за 2 вярсты. Надыход вечара прымусіў спыніць праследаванне.
У гэтым дзеле забіта мяцежнікаў у саміх завалах 19, узята ў палон раненых 5, аб колькасці забітых і параненых пры праследаванні яшчэ невядома; з нашага боку забіты Вялікалуцкага палка падпаручнік Іваноў, ніжніх чыноў 9, цяжка параненых 23, з іх памерла 3, лёгка параненых 9, з іх 5 паступіла ўжо ва фронт, кантужаных 2, цяжка паранены казак 1 (памёр), кантужаны 1.
10-га чысла прывезена а 8-ай гадзіне вечара ніжніх чыноў 23; з іх 1 памер.
11-га чысла з’явіліся да мяне трое параненых інсургентаў з партыі Свентаржэцкага, што разам з ім уцяклі, і потым, бо не маглі за ім ісці, адпушчаны Ляскоўскім, якія паказваюць, што ў партыі іх у часе бою было 120 чалавек. Пасля ж спынення бою іх сабралася 30 чалавек, начавалі вёрстах у трох ад месца бітвы і назаўтра накіраваліся на Раванічы…».
Гэты дакумент сведчыць пра мужнасць і баявое майстэрства паўстанцаў Ляскоўскага, пра даволі вялікія страты царскіх войскаў, і дае падставу лічыць, што не шмат інсургентаў удзельнічала ў баі. Забітыя паўстанцы і салдаты былі пахаваны ў Юравічах.Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748, с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
Пасля Юравіцкай бітвы Б. Свентаржэцкі перадаў камандаванне С. Ляскоўскаму і з’ехаў за мяжу.http://talka.info/?page_id=260
23 мая 1863 года больш як 40 паўстанцаў уварваліся ў Багушэвічы і павесілі на перакладзіне варот уласнага дома мясцовага свяшчэнніка Данілу Канапасевіча. Называецца некалькі прычын гэтага жорсткага ўчынку. Адна з іх — за тое, што «парваў адозву рэвалюцыйнага камітэта, у якой была абяцана сялянам зямля, калі яны далучацца да мяцяжу». Перад гэтым ён знайшоў на сваім стале запіску мяцежнікаў такога зместу: «Отец Конапасевич! Твои укоры слишком жестоки, и потому будь уверен, что ты останешься жить только тогда, когда ни одного из нас не останется в живых».
Ёсць і такія звесткі: «Повешен повстанцами за агитацию крестьян помогать войскам в поимке повстанцев и жестокое обращение с пленными повстанцами».
Працуючы над раманам «Каласы пад сярпом тваім», Уладзімір Караткевіч адшукаў у архівах наступнае: «…У 20 вёрстах ад Ігумена, ля вёскі Юравічы, … былі захоплены палонныя. Пачалася расправа. Адзін з параненых паўстанцаў прасіў піць, і тады поп Канапасевіч, грунтуючыся, відаць, на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску. Пазней гэтага папа паўстанцы павесілі на перакладзіне ўласных варот, чым далі афіцыйнай прэсе падставу крычаць аб злачынствах.»http://www.cherven.by/?p=37542
Пра перамяшчэнні паўстанцаў сведчыць рапарт ігуменскага павятовага спраўніка ад 25 мая 1863 года
«Сегодня, т.е. 25 мая, получен мною рапарт Якшицкага тысячскага следующего содержания: 24 числа мая месяца шайка мятежников в три часа по полудню в одной версте от д. Якшицы перешли большую дорогу и направились на казённую д. Каменичи, о чем донёс Вашему Превосходительству, послал лист присовокупив, что об этом мною сообщено и Вашему начальнику, подполковнику Бурскаму.
Уездный исправник майор (Костров)»
Поспехі атрада Ляскоўскага прыцягвалі ў яго шэрагі новых валанцёраў. У канцы мая свежую групу, сфарміраваную ў Мінску, прывёў Ваньковіч-Леліва. Па некаторых звестках, праз некалькі дзён той жа ўвішны Леліва з’явіўся ў атрад з новымі людзьмі з горада.
Сітуацыя ў Мінскай губерні, у першую чаргу на Ігуменшчыне, хвалявала галоўнага душыцеля паўстання генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю Мураўёва, які з Вільні кіраваў усімі аперацыямі. У другой палове мая ён прызначае ў Мінск часовым ваенным губернатарам з вялікімі паўнамоцтвамі генерала Забалоцкага. Аб звярынай лютасці апошняга пісаў у свой час А. І. Герцэн. Камандаваць войскамі ў Ігуменскім павеце замест падпалкоўніка Чурскага даручылі вопытнаму генералу Русінаву.
У канцы мая атрад Ляскоўскага з 200 паўстанцаў знаходзіўся ў Багушэўскай і суседніх пушчах, пераходзячы часам за Бярэзіну ў Барысаўскі павет. Улады сцягнулі сюды 12 стралковых рот, пад каманду генерала Русінава, амаль усе войскі, што былі ў Мінскай губерні. Кола замкнулася ў Багушэўскай пушчы. Як успамінае сучаснік, вырвацца з акружэння дапамог селянін, якога ўзялі ў якасці правадніка. Падзяліўшыся на некалькі дробных груп, паўстанцы удала выйшлі з-пад удару царскіх салдат.
Журнал баявых дзеянняў з 27 мая да 18 чэрвеня
«9-га а 6-ай гадзіне раніцы пачаўся канцэнтрычны рух у пушчу, дзесяццю ротамі, з Раванічаў, Дубаўручча, Юравічаў, Мiкулічаў. На працягу 14 гадзін няспыннай і стамляльнай хады абшукана большая частка лесу. Шмат было слядоў, сустракаліся пакінутыя бівакі, трапляліся нават незатушаныя вогнішчы з яснымі прыкметамі нядаўняга знаходжання мяцежнікаў, але шайкі не адкрыта».
Частка паўстанцаў на чале з Ляскоўскім пры выхадзе з акружэння наткнулася на атрад царскіх салдат пад камандай падпалкоўніка Жукава. 13 чэрвеня адбыўся бой у густым лесе каля фальварка Лочын. Страты паўстанцаў склалі: 4 забітыя, 1 паранены і 18 палонных. Пасля бою затрымана яшчэ 10 інсургентаў, у тым ліку Гектар Карказовіч.
Паводле Прадпісання мінскага ваеннага губернатара Забалоцкага, каля 40 палонных «из шайки Свенторжецкого и Коркозевича» 22 чэрвеня 1863 года павінны быць прыведзены з Ігумена ў Мінск для расследавання і прыняцця адпаведных мер.
Паводле гістарычных сведчанняў, уладам тады здавалася, што ўсё скончана.
Журнал баявых дзеянняў па Мінскай губерні з 18 чэрвеня да 1 ліпеня адзначалася
«Няспынныя рухі атрадаў, зробленыя ў першай палове чэрвеня, мелі вышкам калі не канчатковае знішчэнне, то поўнае рассеянне шаек Свентаржэцкага, Карказовіча (узятага пасля бою 13 чэрвеня ў палон) і Ляскоўскага… Некаторыя з мяцежнікаў праз адну адсутнасць ежы ўжо дабравольна аддаліся войскам і сялянам для прадстаўлення іх мясцоваму начальству. Так зрабіў адзін з прадвадзіцеляў Гектар Карказовіч…
Ды і сам Баляслаў Свентаржэцкі, як відаць з апошніх вельмі верагодных паказанняў аднаго селяніна, што размаўляў з ім, даведзены да такога становішча, пры якім думка аб самагубстве не раз мусіла западаць яму ў галаву. Што ж да Ляскоўскага, то ён нібы знік з выбранай ім для сваёй злачыннай дзейнасці арэны».
Адносна Свентаржэцкага царскі дакумент не памыляўся: ён такі не вытрымаў цяжкасцей партызанскай вайны і адразу пасля апісаных падзей уцёк за мяжу. Але ва ўсім астатнім спадзяванні ўлад былі марныя. Заставаліся яшчэ Ляскоўскі, Трусаў, некалькі дзесяткаў загартаваных у баях і паходах байцоў. Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і 23 ліпеня, паблізу вёскі Валадута, людзі Ляскоўскага захапілі ў палон царскага генерала Грунта — начальніка 3-яй рэзервовай дывізіі. Ён быў адпушчаны пад слова гонару, што не стане ваяваць з інсургентамі.
15 верасня 1863 г. ваенны начальнік Ігуменскага павета генерал-маёр Русінаў даносіць мінскаму ваеннаму губернатару пра аколіцы і вёскі Ігуменскага павета, што прымалі ўдзел у паўстанні. Першы населены пункт у гэтым спісе — аколіца Суцін. «Чрез околицу Суцин неоднократно проходили мятежницкие шайки в апреле и мае месяцах, и при таковых переходах пользовались продовольствием от местных жителей. Из Сутина гораздо более, чем из других околиц, присоединилось шляхты к шайкам». Ігуменскі ваенны начальнік прапануе выселіць 7 сем’яў з Суціна ў Сібір.(НГАБ, ф.295, воп.1, спр.1522)
7 кастрычніка 1863 года Мураўёў незадаволена пісаў губернатару Забалоцкаму