«Нявеста для Базыля» — зборнік казак беларускіх аўтараў. Кніга выдадзена ў 2017 годзе, выдавецтва «Мастацкая літаратура», па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Укладальніца зборніка — Аксана Спрынчан.

Афармленне Афармленне серыі — Уладзімір Жук. Мастацкі рэдактар — Надзея Барай

Вокладку кнігі упрыгожвае малюнак Элеаноры Ляхновіч — ілюстрацыя да казкі «Жаўнер і вужалка». Над ілюстрацыямі да кнігі працавалі мастакі Алег Аблажэй, Вольга Барай, Надзея Барай, Элеанора Ляхновіч, Міхась Дайлідаў, Валянцін Макаранка, Вольга Дзятко.

Змест Зборнік адметны тым, што ў ім прадстаўлены не толькі добра вядомыя ў «казачным жанры» аўтары, але чытачу адкрываюць і новыя імёны. Сярод аўтараў — Генадзь Аўласенка, Анатоль Зэкаў, Алег Аблажэй, Алег Грушэцкі, Таццяна Барысюк, Мікола Кандратаў і іншыя.

Казкі «Забароненая сукня» (Алег Аблажэй) — рамантычная казка з рыцарамі, дамамі і каралямі. Кароль не любіў жанчын і загадаў прыраўняць іх да жывёл. Але адна з іх насуперак закону насмелілася надзець прыгожую сукенку. «Рачныя прыгоды» (Генадзь Аўласенка) — героі казкі — рачныя жыхары і рыбак. «Дванаццаць подзвігаў пацучыхі Дусі» (Таццяна Барысюк) — пацучыха Дуся лічылася дужа дарослай і вучонай. Яна чытала артыкулы, «Паэтычны слоўнік» і Кузьму Чорнага, разважала па-філасофску і да спраў ставілася з «навуковым падыходам». «Жаўнер і вужалка» (Алег Грушэцкі) — прыгодніцкае фэнтэзі пра каханне, казка, стылізаваная пад фальклор з персанажамі беларускай народнай міфалогіі — вужалкі, злыдні і інш. Дзеля кахання да дачкі Вужынага Караля адважны жаўнер гатовы прайсці праз усе выпрабаванні. «Павучок і светлячок» (Анатоль Зэкаў). «Як хлопчык Кастусь з ліфтам паразумеўся» (Анатоль Зэкаў) — дзіцячая фантастыка. «Чалавек і бабёр» (Мікола Кандратаў) — як чалавек і бабёр сябравалі ды дапамагалі адно аднаму. «Камяні крыўды» (Мікола Кандратаў). «Балотная казка» (Мікола Кандратаў) — пра каханне бусла Буслана і жабкі Жабусі, якая ў хэпі–эндзе ператвараецца ў прыгожую бусліху. «Хто прывёў вясну» (Ігар Кузьмініч) — хто прывёў вясну і чаму коцікі вярбы — вясновы знак. «Чорная закавыка» (Серж Мінскевіч) — чараўнічае фэнтэзі з чараўніцамі і феямі. «Нявеста для Базыля» (Галіна Пшонік) — фэнтэзійная гісторыя, у якой лялькі ажываюць і паводзяць сабе як людзі: высвятляюць адносіны, выбаўляюць адно аднаго. Лялькі навучаць сваю гаспадыню сачыць за цацкамі і больш ніколі не ламаць іх. «Змеева Дуброва» (Юльянна Пятрэнка) — прыгодніцкая казка з міфалагічнымі героямі, якая апавядае яшчэ пра тыя далёкія часы, «калі воўк авечак пасвіў і рыбы міжсобку размаўлялі». Героі апавядання — Князь Змяіны, пачвара падземная Жыж, багіня смерці Паляндра са сваімі сёстрамі і іншыя. «Пугач» (Віктар Шніп) — казка пра няроўнае каханне, якая пераносіць у часы князёў і князёўнаў.

Дадатковая інфармацыя Кніга стала паспяховай і карыстаецца попытам.

У верасні 2018 года экзэмпляр кнігі з аўтарскімі аўтографамі быў перададзены ў дар пісьменнікамі Алегам Грушэцкім і Аксанай Спрынчан у бібліятэку школы № 3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Бельску Падляшскім (Польшча).

У 2022 годзе кніга ўвайшла ў рэкамендаваны беларускім дзіцячым часопісам «Жэўжык» спіс кніг да чытання для дзяцей 6—9 гадоў.

Літаратура

Катэгорыя:Літаратурныя творы Беларусі