Алег Іванавіч Карповіч (, Ляхавічы, Брэсцкая вобласць) — беларускі мастак-графік, аглядальнік, карыкатурыст і мастак газеты «СБ. Беларусь сегодня», прапагандыст рэжыму Лукашэнкі.

Біяграфія Нарадзіўся 31 ліпеня 1960 года ў Ляхавічах Брэсцкай вобласці.

Да 15 гадоў жыў у Слоніме, дзе скончыў сярэднюю і музычную школу.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава, аддзяленне станковай графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пачаў браць удзел у мастацкіх выстаўках з 1980-х гадоў. Першая карыкатура ў газеце «Знамя юности» была апублікавана ў 1984 годзе. З таго часу супрацоўнічае з перыядычнымі выданнямі і кніжнымі выдавецтвамі Беларусі як аўтар і карыкатурыст. Працаваў у часопісах «На экранах Беларуси», «Пралеска». Супрацоўнічаў з газетамі «Наша Ніва» і «Свободные новости». Быў удзельнікам мастацкай суполкі «Пагоня», блізкай да Беларускага народнага фронту.

У 1994 годзе быў аўтарам адной з першых карыкатур на першага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

У 2000—2001 гадах удзельнічаў у палітычных мастацкіх выстаўках з крытыкай палітыкі Лукашэнкі і акцыях пратэсту мастакоў супраць цэнзуры.

Прапагандысцкая дзейнасць Нягледзячы на мінулую блізкасць да беларускага адраджэнскага і дэмакратычнага руху, Карповіч вядомы найперш як аглядальнік і карыкатурыст у рэдакцыі газеты «СБ. Беларусь сегодня», дзе займаецца дыскрэдытацыяй праціўнікаў рэжыму Лукашэнкі, адпрацоўкай лініі прапаганды і апраўданнем палітыкі рэжыму. Аўтар стварае ілюстрацыі да калонак і кніг такіх прапагандыстаў, як Андрэй Мукавозчык, Людміла Гладкая і Юрый Церах.

У сваіх карыкатурах часу пратэстаў 2020—2021 года і наступнага палітычнага крызісу займаецца дыскрэдытацыяй пратэстоўцаў і простымі абразамі дзеячаў дэмакратычнага руху і беларускіх нацыянальных сімвалаў. На круглым стале аб ролі кнігі з удзелам дзеячаў прапаганды і супрацоўнікаў сілавых структур у 2022 годзе заявіў, што не трэба баяцца абразіць, а таксама позваў за абразы ў суд, бо «ідзе мардабой, вулічныя баі, хто ўдзельнічаў — той ведае. І наогул ідзе вайна, дзе кнігі — гэта зброя».

Творчасць Займаецца скульптурай і плакатам, партрэтам, сяброўскім шаржам і карыкатурай. Карыкатуры і партрэты аўтарства Алега Карповіча сумяшчаюць у сабе гратэск, іронію.

Узнагароды Узнагароджаны знакам «Выдатнік друку», прэміяй Міжнароднага конкурсу экслібрыса ў г. Сінт-Нікласе (Бельгія).

Атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2021 год у складзе аўтарскага калектыву Выдавецкі дом «Беларусь сёння». Атрыманую ўзнагароду Алег Карповіч ацаніў значна лепшай за Нобелеўскую:Асабліва сёння, калі мы зразумелі, што такое цяперашняя Нобелеўка. Наша прэмія Прэзідэнта нашмат чысцей, нават параўнаць немагчыма з нобелеўскімі мільёнамі. Для мяне гэта самая высокая ўзнагарода, да таго ж беларускія карыкатурысты ніколі раней яе не ганараваліся. Супрацоўніцтва з Людмілай Гладкай і Юрыем Цераховічам у нас склалася яшчэ ў першыя дні жніўня 2020 года. Мы адразу зразумелі, што адбываецца і пачалі працаваць. Падзеі тых дзён паказалі, што палітычная карыкатура сёння вельмі патрэбная, і, думаю, яна не сыдзе з газетных старонак: без яе вастрыні зараз проста не абысціся.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі XX стагоддзя