Збі́гнеў Пра́йснер ( ; ) — польскі кампазітар, адзін з найбольш выдатных кампазітараў кіно свайго пакалення. На працягу многіх гадоў Прайснер шчыльна супрацоўнічаў з кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім і сцэнарыстам Кшыштафам Пясевічам. Музыка, якую Прайснер напісаў да кінафільмаў Кеслёўскага «Дэкалог», «Падвойнае жыццё Веранікі», «Тры колеры: Сіні», «Тры колеры: Белы» і «Тры колеры: Чырвоны», прынесла яму сусветнае прызнанне.
Кампазітарскі стыль Прайснера ўяўляе сабой вольную форму танальнага неарамантызму з заўважным уплывам Нікало Паганіні і Яна Сібеліуса. Некаторыя даследчыкі таксама заўважыць у творах Прайснера элементы Малера і Бетховена.
За музыку да фільмаў Прайснер неаднаразова ўдастойваўся значных кінапрэмій. Тры гады запар атрымліваў Прэмію Асацыяцыі кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса за найлепшую музыку (1991, 1992, 1993), двойчы быў узнагароджаны прэміяй «Сезар» (1995, 1996), двойчы намініраваўся на прэмію «Залаты глобус» (1992, 1994), быў узнагароджаны Сярэбраным мядзведзем на Берлінскім кінафестывалі (1997).
Біяграфія Раннія гады Збігнеў Прайснер (імя пры нараджэнні Збігнеў Кавальскі) нарадзіўся 20 мая 1955 года ў горадзе Бельска-Бяла.
Адным з найбольш ранніх музычных уплываў для Прайснера была касцельная музыка. Паводле слоў кампазітара, музыка ў часы яго дзяцінства была часткай штодзённага жыцця, таму не было патрэбы вучыцца ёй. Тады «кожны вучыўся музыцы, спяваючы ў касцёле». Іншым істотным уплывам з’яўлялася народная музыка. Як казаў Прайснер, прынамсі да сярэдзіны XX стагоддзя «кожны ў вёсцы спяваў», а асабліва музычна адораныя вяскоўцы ігралі на танцах. Адным з такіх вясковых музыкаў быў і Прайснераў бацька. Інжынер-хімік па прафесіі, па музычным прызванні ён быў акардэаністам, які іграў на вяселлях, танцах і вечарынах з нагоды дзён нараджэння.
У мястэчку Бабова, дзе жыў Прайснер, не было музычнай школы і ён вучыўся музыцы самастойна. Падчас навучання ў ліцэі (сярэдняй школе) Бобава ў 1970—1974 гадах ён браў урокі ігры на класічнай гітары. У той жа час Прайснер напісаў свой першы музычны твор, паклаўшы на музыку вершы польскага паэта-рамантыка. Твор быў напісаны для гітары і голасу. У 1975—1978 гадах, вывучаючы гісторыю і філасофію ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, Прайснер пачаў самастойна вучыцца на кампазітара: ён слухаў музычныя запісы, вучыўся чытаць ноты, а таксама вывучаў тэорыю музыкі верагодна па кнізе рускага кампазітара М. А. Рымскага-Корсакава «Падручнік гармоніі».
У 1977 годзе Прайснер пачаў супрацоўнічаць з літаратурным кабарэ «Піўніца пад Баранамі» () у Кракаве. Праца ў літаратурным кабарэ паспрыяла не толькі працягу яго музычнай адукацыі, але і садзейнічала ўменню працаваць над творамі, дзе музычнае суправаджэнне — толькі адна са складнікаў твора, як і ў кіно. Там жа, у «Піўніцы пад Баранамі» Прайснер пазнаёміўся са спявачкай Эльжбетай Таварніцкай, голас якой гучыць у шэрагу найбольш вядомых Прайснеравых твораў.
У той час Прайснер пачаў пісаць музыку для Старога тэатра () і Славацкага тэатра () у Кракаве. Ягоны дэбют як кінакампазітара адбыўся ў 1982 годзе, калі ён напісаў музыку для фільма Антонія Краўзэ «Прагноз надвор’я». Краўзэ працаваў у кінастудыі, мастацкім кіраўніком якой быў Кшыштаф Кеслёўскі.
Праца з Кеслёўскім У пачатку 1980-ых гадоў Прайснер пазнаёміўся з кінарэжысёрам Кшыштафам Кеслёўскім. Гэтае знаёмства значна паўплывала на ўвесь далейшы лёс Прайснера. Яны з Кеслёўскім сталі блізкімі сябрамі і шчыльна супрацоўнічалі да самай смерці кінарэжысёра ў 1996 годзе. За 9 год яны разам зрабілі 17 фільмаў. Сваё супрацоўніцтва з Кеслёўскім Прайснер параўноўвае з такімі славутымі тандэмамі як Федэрыка Феліні і Ніна Рота, Серджа Леонэ і Эніа Марыконэ, Альфрэд Хічкак і Бернард Херман.
Гісторыю іх знаёмства Прайснер апісвае наступным чынам:
Першай сумеснай працай Прайснера і Кеслёўскага стаў фільм «Без канца», які з’явіўся на экранах у 1985 годзе. Для гэтай кінастужкі Прайснер напісаў пахавальную музыку.
Працяг сумесных прац рэжысёра і кампазітара ў хуткім часе зрабіў відавочным той факт, што Прайснер удзельнічае ў працэсе пераасэнсавання паняцця аўтарства ў кіно. Замест таго, каб быць часткай праекта, дзе абсалютны кантроль належыць рэжысёру, Прайснер разам са сцэнарыстам Кшыштафам Пясевічам і аператарам Славомірам Ідзякам паглыбляўся ў розныя стадыі вытворчасці, пачынаючы ад узнікнення задумы і сканчаючы яе ўвасабленнем на экране. Пазней у сваёй аўтабіяграфіі Кеслёўскі адзначаў:
Пасля поспеху фільма «Без канца» Кеслёўскі запрасіў Прайснера напісаць музыку для сваёй наступнай працы, якая ўяўляла сабой цыкл тэлевізійных фільмаў, прысвечаных Дзесяці запаведзям і мела назву «Дэкалог». Для кожнага з дзесяці фільмаў Прайснер напісаў па некалькі асобных музычных тэм, аб’яднаўшы ўсе серыі агульным кароткім лейтматывам, які з’яўляўся своеасаблівым уступам да кожнай серыі. «Гэта было няпростай задачай, бо эпізоды здымаліся не па парадку ад першага да апошняга. Але гэта дазволіла мне стварыць універсальны лейтматыў, які праходзіў праз усе серыі, у той час як кожная з серый мела свой вядучы музычны дух, які накладваў асаблівую музычную атмасферу» — гаворыць кампазітар. Апроч таго Прайснер адзначае вядучую ролю цішыні ў «Дэкалогу»: «Найважнейшай музыкай у фільме з’яўляецца цішыня. Але каб „пачуць“ цішыню, нешта мусіць гучаць перад ёй і пасля яе». Музыка з «Дэкалога V» і «Дэкалога VI» таксама ўвайшла ў поўнаметражныя версіі гэтых фільмаў: «Кароткі фільм пра забойства» і «Кароткі фільм пра каханне», а ў «Дэкалогу IX» упершыню фігуруе музыка выдуманага галандскага кампазітара Ван дэн Будэнмаера, асоба якога яшчэ не раз з’явіцца ў пазнейшых фільмах Кеслёўскага .
«Дэкалог» быў надзвычай добра прыняты гледачамі і крытыкамі як у Польшчы, так і за мяжой, што стала для кампазітара першай прыступкай да сусветнай вядомасці. Найбольшы поспех мела пятая частка, прысвечаная тэме забойства і смяротнага пакарання. У гэтым фільме рэжысёр падымаў пытанне: ці мае юрыдычная сістэма права забіваць людзей у пакаранне за злачынства? Істотную ролю ў выразнасці фільма адыграла музычнае суправаджэнне. Прайснер, пад уплывам свайго суайчынніка Фрыдэрыка Шапена, «стварыў надзвычайную, элегічную і нібы поўную недаказанасці музыку. Жалобная мелодыя фартэпіяна зліваецца з дрыжачымі струннымі і адзінай трубой, каб надаць эмацыйную выразнасць халоднаму жаху, які сачыцца з экрана». Фільм атрымаў шэраг значных еўрапейскіх кінаўзнагарод, а па тэлебачанні яго паглядзелі больш за 20 мільёнаў палякаў. Па сутнасці, гэтая карціна стала знішчальным аргументам супраць артыкула 148, параграф 1 польскага крымінальнага кодэкса. Былі справакаваны нацыянальныя дыскусіі, і Прайснер з’яўляўся ў навінах, каб выказаць сваё меркаванне. Апошні смяротны прысуд у Польшчы быў выкананы 21 красавіка 1988 года, праз месяц пасля прэм’еры фільма.
Два наступныя сумесныя фільмы Кеслёўскага і Прайснера — «Падвойнае жыццё Веранікі» і «Тры колеры: Сіні» — прынеслі Прайснеру сусветную вядомасць. У абодвух фільмах музыка займае вядучае месца, не толькі ствараючы адмысловую атмасферу, але і адыгрываючы ролю ў сюжэце. У «Падвойным жыцці Веранікі» абедзве галоўныя гераіні адораныя вакалісткі. Адным з цэнтральных момантаў фільма з’яўляецца канцэрт Ван дэн Будэнмаера, у якім Вераніка выконвае сольную партыю. Прайснер прыгадвае, што Кеслёўскі дрэнна разбіраўся ў музыцы, але выдатна разумеў яе ролю ў кіно. Так, для «Падвойнага жыцця Веранікі» Кеслёўскі наступным чынам апісаў неабходную музыку: «Ведаю, што гэта мусіць быць прыгожая песня. Мы павінны паказаць, што гэта дзяўчына — геній». Фільм «Тры колеры: Сіні» звязаны з музыкай яшчэ больш шчыльна. Сюжэт фільма будуецца вакол «Канцэрта на аб’яднанне Еўропы», які ствараецца на працягу ўсяго фільма галоўнымі героямі. Пры працы над гэтымі фільмамі большая частка музыкі пісалася да здымкаў фільма. «Для „Веранікі“ я запісаў каля 80 працэнтаў музыкі да таго, як фільм быў зняты, а для „Сіняга“ я запісаў практычна ўсю музыку да здымкаў», — сцвярджае Прайснер. Кеслёўскі зазначае, што «ў пэўным сэнсе, „Сіні“ здымаўся як ілюстрацыя да музыкі».
У 1993—1994 гадах Кеслёўскі і Прайснер працавалі над трылогіяй «Тры колеры». Найбольш вядомымі музычнымі тэмамі з двух апошніх фільмаў трылогіі сталі танга з фільма «Тры колеры: Белы» і балеро з фільма «Тры колеры: Чырвоны». На прэм’еры фільма «Тры колеры: Чырвоны» ў Канах Кеслёўскі абвясціў аб заканчэнні яго рэжысёрскай кар’еры.
Кшыштаф Кеслёўскі памёр 13 сакавіка 1996 года. На працягу ўсяго супрацоўніцтва Прайснер і Кеслёўскім заставаліся блізкімі сябрамі. Прайснер адзначае: «У маім жыцці было ўсяго некалькі чалавек, з якімі мне хацелася праводзіць час. Адным з іх быў Кшыштаф».
Творчая незалежнасць Поспех фільмаў Кеслёўскага паспрыяў кар’еры Прайснера ў Еўропе і Злучаных Штатах. У першай палове 1990-х гадоў ён напісаў музыку для фільмаў англійскага рэжысёра Джона Ірвіна («Экспрапрыяцыя»), бразільца Эктара Бабенка («Гульні ў палях Госпада»), француза Луі Маля («Шкода»), канадскай рэжысёркі Леа Пул («Парывы жадання»), мексіканца Луіса Мандокі («Калі мужчына кахае жанчыну»), а таксама для шэрагу фільмаў польскай рэжысёркі Агнешкі Холанд («Еўропа Еўропа», «Аліўе Аліўе», «Патаемны сад»).
У 1994 годзе Прайснер стварыў сваю ўласную студыю «Preisner Studio», абсталяваную найноўшай тэхнікай для гуказапісу, на якой у далейшым ён запісваў і мікшыраваў усе свае найбольш значныя музычныя творы і саўндтрэкі.
У гэты час на творчым шляху Прайснера паўстала пытанне: ці мае яго кінамузыка самакаштоўнасць і незалежнасць ад кіно? Каб адказаць сабе на гэтае пытанне Прайснер даў свой першы канцэрт. Гэта адбылося 15 чэрвеня 1995 года ў саляной шахце ў Вялічцы. На канцэрце гучала музыка Прайснера з кінастужак Кшыштафа Кеслёўскага, Агнешкі Холанд, Луі Маля ды іншых у выкананні Варшаўскага сімфанічнага аркестру, Варшаўскага камернага хору, хлапечага хору Кракаўскай філармоніі і салістаў. Канцэрт завяршыўся доўгай авацыяй стоячы.
Запіс канцэрта быў выпушчаны асобным альбомам «Preisner’s Music». Адмысловыя гонгі разбіваюць канцэрт на пяць сэнсавых частак: пасля ўступнай мелодыі з фільма «Экспрапрыяцыя» гучыць шэраг мелодый з кінацыкла «Дэкалог» Кшыштафа Кеслёўскага; у другую частку ўвайшлі «Марыянеткі» з «Падвойнага жыцця Веранікі» і некалькі кампазіцый з фільма «Патаемны сад» Агнешкі Холанд; трэцяя частка ўключае ў сябе саўндтрэкі фільмаў «Парывы жадання» ( Леа Пул), «Гульні ў палях Госпада» (рэж. Эктар Бабенка), «Шкода» (рэж. Луі Маль), «Калі мужчына кахае жанчыну» (рэж. Луіс Мандокі), «Еўропа Еўропа» (рэж. Агнешка Холанд); у чацвёртай частцы гучыць кінамузыка, дзе вядучую ролю іграе вакалістка Эльжбета Таварніцка; завяршаюць канцэрт найбольш вядомыя творы Прайснера, напісаныя да фільма Кшыштафа Кеслёўскага «Падвойнае жыццё Веранікі» і трылогіі «Тры колеры».Zbigniew Preisner, «Preisner’s Music», Virgin France, 1995.
На дыску «Preisner’s Music» значацца наступныя словы Прайснера: «Я не люблю вяртацца назад і рабіць тое, што ўжо калісьці зрабіў, але я мусіў даведацца, ці гучыць мая музыка гэтак жа добра, калі яе не суправаджае кіно. Ці цвёрда яна стаіць на сваіх нагах, вырваная з кінематаграфічнага кантэксту? Каб праверыць гэта, я выбраў саляную шахту ў Вялічцы, непадалёк ад Кракава: патаемнае, загадкавае магічнае месца на глыбіні 130 метраў па зямлёй. Унікальная атмасфера з выключнай акустыкай».
Рэквіем па маім сябру
У 1998 годзе пабачыла свет першая буйнамаштабная праца Прайснера, створаная адмыслова для студыйнага запісу і публічнага выканання — «Рэквіем па маім сябру». Твор прысвечаны памяці Кшыштафа Кеслёўскага і складаецца з дзвюх частак. Першую частку — «Рэквіем» — Прайснер напісаў за тры ночы адразу ж пасля смерці Кеслёўскага. Пра гісторыю стварэння другой часткі, якая займела назву «Жыццё», Прайснер расказваў наступнае: