Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча «Кушляны» — літаратурна-мемарыяльны музей на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Багушэвічаў у вёсцы Кушляны Смаргонскага раёна. Уключае дом, пабудаваны Францішкам Багушэвічам у 1896 годзе і гаспадарчыя пабудовы. Экспазіцыя прысвечана жыццю і творчасці Францішка Багушэвіча.
Філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Гісторыя Заснаваны 6 ліпеня 1990 года ў былой сядзібе Багушэвічаў. Да гэтага ў доме размяшчалася сельская бібліятэка.
З 29 чэрвеня 2001 года музей стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Сядзіба
Сядзіба набыта Багушэвічамі ў 1749 годзе. Цяперашні сядзібны дом пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя за сродкі Францішка Багушэвіча і пад яго наглядам. Тут Францішак Багушэвіч жыў апошнія гады жыцця, у многіх творах адлюстраваны мясцовыя звычаі і назвы. Падчас Першай сусветнай вайны сядзібу выкарыстоўвалі пад нямецкі палявы шпіталь, паблізу стварылі нямецкія ваенныя могілкі. Нашчадкі Францішка Багушэвіча рэдка наведвалі сядзібу, таму будынкі захаваліся амаль у першапачатковым выглядзе. Пасля пераходу сядзібы ва ўласнасць дзяржавы тут размясцілі сельскую бібліятэку імя Францішка Багушэвіча. Да 150-годдзя пісьменніка будынкі былі адноўлены ў адпаведнасці з іх выглядам у канцы ХІХ стагоддзя і ўнутры размясціліся экспазіцыі музея.
У 2005 годзе музейнаму комплексу нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі.
Экспазіцыя Экспазіцыя ў сядзібным доме, прысвечаная Францішка Багушэвічу, размешчана ў 6 залах.
Мемарыяльная частка
У мемарыяльнай частцы ўзноўлены інтэр’еры кабінета і гасцёўні. Гэтыя пакоі абсталяваны па фотаздымках канца XIX стагоддзя і ўспамінах унучкі паэта С. Тамашэўскай. Пакоі аздабляюць сапраўдныя і ўзноўленыя рэчы Францішка Багушэвіча і яго сям’і: насценны гадзіннік, камод, піяніна, самаварны столік, кніжная шафа, пісьмовы стол, крэслы, канапа, часопісны столік, паляўнічы ражок, стрэльбы.
Літаратурная частка
Літаратурная частка размешчана ў 3 залах. Тут прадстаўлены першыя паэтычныя зборнікі («Дудка беларуская», «Смык беларускі»), аўтографы і фотаздымкі, рукапісы твораў і лісты, напісаныя Багушэвічам, кнігі беларускіх пісьменнікаў канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў Уладзіслава Сыракомлі, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. У экспазіцыі знаходзяцца дакументы, якія адлюстроўваюць удзел сям’і Багушэвічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, сведчаць пра адвакацкую дзейнасць Францішка Багушэвіча, паступленне ў Пецярбургскі ўніверсітэт, лісты і паштоўкі, якія даюць уяўленне аб сувязях Францішка Багушэвіча з Янам Карловічам і Элізай Ажэшка. Сярод экспанатаў ёсць рэчы сям’і Багушэвічаў: ключ ад сядзібы, вышыты дачкой Францішка Багушэвіча дыванок, ручнік і чаўнок са Свіранаў, лінейка-закладка і інш. Дэманструюцца скульптурныя барэльефы «Кастусь Каліноўскі», «Ля каменя над магілай паўстанцаў» (Францішка Янушкевіч), скульптурны партрэт «Мацей Бурачок» (П. Лук), лінарыты «Малады Багушэвіч», "Паўстанцы чытаюць «Мужыцкую праўду», «Этап у Сібір» (усе М. Купава), мастацкія работы «Дарога ў Жупраны» (М. Аўчыннікаў), «Дом паэта» (А. Пашкевіч), «Школа ў Доцішках» (Г. Сянькоўскі), «Вільня сярэдзіны 19 стагоддзя» (В.Сташчанюк) і іншыя.
Дзейнасць У музеі праводзяць літаратурныя сустрэчы, чытанні і музейныя святы, лекцыі для школьнікаў. Можна заказаць экскурсію.
Літаратура
Содаль У. Блаславёныя Кушляны / У. Содаль. — Мінск : Кнігазбор, 2009. — 144 с.
Спасылкі Старонка філіяла на сайце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры
Катэгорыя:Музеі Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Культура Смаргонскага раёна Катэгорыя:Кушляны Катэгорыя:Францішак Багушэвіч