Царква Ам-Штайнгоф ( — літар. «Ля Штайнгофа», таксама царква Святога Леапольда ()) — царква, пабудаваная па праекце Ота Вагнера на ўзгорку Штайнгоф некалі ў прыгарадзе Вены, а цяпер у венскім раёне Пенцынг на тэрыторыі венскай псіхіятрычнай бальніцы. Помнік мадэрну. Мастацкае афармленне выканана Каламанам Мозэрам (вітражы і мазаікі), Рыхардам Лукшам і Отмарам Шымкавіцам (скульптура). Прысвечана заступніку Аўстрыі — св. Леапольду (вежы пры ўваходзе ўпрыгожваюць статуі св. Леапольда і св. Севярына).
Царква пабудавана на вяршыні пагорка, на вышыні 310 метраў над узроўнем мора, пры гэтым у парушэнне канону арыентавана па восі поўнач-поўдзень. Яна разлічана на 800 чалавек. Інтэр'еры зроблены з улікам таго, што прыхаджане — псіхічна хворыя: усе куты ўнутры царквы закруглены, алтар фізічна аддзелены ад галоўнай залы. Доступ у храм — асобна для мужчын і жанчын, пры гэтым прадугледжаны асаблівыя службовыя выхады для эвакуацыі хворых; спавядальні, у адрозненне ад звычайных цэркваў, адносна адкрытыя. Нават лавы для вернікаў былі першапачаткова спраектаваны асобна для розных катэгорый хворых. Столь пад галоўным купалам упрыгожаны знакамі чатырох евангелістаў, вітражы — вобразамі святых, над алтаром намалявана ўзыходжанне душы на неба.
Царква зноў адкрыта пасля рэстаўрацыі ў кастрычніку 2006 года. Платны доступ (экскурсіі) наведвальнікаў дазволены па суботах; службы, закрытыя для пабочных асобаў, праводзяцца па нядзелях.
Спасылкі
Афіцыйны сайт бальнічнага аб'яднання Вены
Катэгорыя:Храмы паводле алфавіта Катэгорыя:З’явіліся ў 1907 годзе Катэгорыя:Храмы Вены Катэгорыя:1907 год у Аўстрыі Катэгорыя:Архітэктура мадэрну ў Аўстрыі