«Басо́вішча» (Фестываль Музыкі Маладой Беларусі, ) — штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі, які рэгулярна праводзіўся Беларускім аб’яднаннем студэнтаў (БАС) на некамерцыйнай аснове на лясной паляне Борык каля мястэчка Грудак на Беласточчыне з 1990 да 2019 года. Арганізатары вырашылі, што 30-е па ліку «Басовішча» стане апошнімsvaboda.org.

Фэст адбываўся на працягу двух ліпеньскіх дзён. Традыцыйна на фестывалі ладзіўся конкурс маладых выканаўцаў, якія даслалі свае заявы на ўдзел і паспяхова прайшлі адбор. Штогод на фестываль прыязджала ад пяці да дванаццаці тысяч чалавек.

Удзельнікі

міні|злева|240пкс|Гурт «Pomidor/OFF» на «Басовішчы-2008».

Штогод у асноўнай частцы праграмы «Басовішча» бралі ўдзел каля двух дзясяткаў гуртоў. Пераважная колькасць з іх з’яўляліся беларускімі, але звычайна ў праграму ўваходзілі некалькі польскіх гуртоў. Цягам некалькіх апошніх гадоў у фестывалі ўзялі ўдзел гурты з Літвы («IR», «»), Украіны («», «») і гурт з Італіі («Orchestra Arturo Piazza»).

Сярод гуртоў з Беларусі практычна кожны год удзел бралі «N.R.M.», «ULIS», «Neuro Dubel», «Крама». Сярод гуртоў з Польшчы — «ZERO-85», «RIMA».

У першы дзень фестывалю перад асноўнай часткай звычайна ладзілася вольная сцэна, дзе гурты маглі прадэманстраваць свае здольнасці.

міні|240пкс|Выступ гурта «Крама» на «Басовішчы-2007». У 2007 годзе фестываль працягваўся тры дні замест традыцыйных двух, у выніку чаго больш за 30 гуртоў атрымалі магчымасць выступіць на «Басовішчы».

Конкурсная частка

У 1992 годзе ў праграму фэстываля быў уключаны конкурс маладых выканаўцаў, за перамогу ў якім маладыя гурты атрымлівалі прызы: звычайна фінансавыя ўзнагароды альбо час запісу ў студыі. У розныя гады пераможцамі конкурсу станавіліся гурты «R.F.Braha» (1997); «КальЯн» (1998); «Znich», «Deviation», «Exist», «Алесюкі» (1999); «Сонца Мао», «», «Zet», «RIMA» (2000); «Impatt», «Бан-Жвірба», «Праект 2001», «ZERO-85» (2001); «Partyzone», «BN», «STOD» (2002); «Triquetra», «Сьцяна», «IQ48», «Indiga» (2003); «Таксі», «Сонцаварот», «Tarpach», «HMP» (2004); «», «Зьмяя», «Mauzer», «Imprudence» (2005); «Parason», «S.D.M.», «Vodar Susviet», «Людзі Сьвятла», «Nevma» (2006); «Фляўс і Кляйн», «SOK», «Unia» (2007); «TLUSTA LUSTA», «Spita/\ь F», «Глюкі» (2008) і іншыя.

У 2009 годзе пры правязенні юбілейнага, дваццатага фэсту, ад конкурсу маладых выканаўцаў было вырашана адмовіцца. Як патлумачыла намесніца старшыні Беларускага аб’яднання студэнтаў Кася Кузьміч, няма сэнсу рабіць конкурс і раздаваць узнагароды, бо «гурты, якія перамагалі ў конкурсе апошнім часам, па-сапраўднаму так і не даказалі сваю вартасць». Замест маладых гуртоў былі запрошаны пераможцы конкурсаў папярэдніх гадоў.

Публіка

Штогод «Басовішча» наведвала некалькі тысячаў гледачоў. Чакалася, што фестываль 2008 года наведаюць 3 тысячы гледачоў.

Візавае пытанне Ад 21 снежня 2007 года Польшча далучылася да краінаў-удзельніц Шэнгенскай зоны. Гэта падвысіла кошт аднаразовых візаў для грамядзянаў Беларусі з 5 да 60 еўра з дадаваннем больш жорсткіх патрабаванняў для атрымання візы. У 2008 годзе Беларускае аб’яднанне студэнтаў вяло перамовы з Міністэрствам замежных справаў Польшчы пра спрошчанае атрыманне бясплатных візаў для наведвальнікаў фестывалю з Беларусі. Дамова была дасягнута, але з абмежаваннем у 150 бясплатных візаў для гледачоў, бо колькасць усіх ахвотных значна перавышала консульскія магчымасці, у выніку чаго візы атрымалі тыя, хто найхутчэй падаў заяўкі.

У 2009 годзе вырашэннем пытання з візамі займаўся гарадзенскі рух «За Свабоду!» як суарганізатар «Басовішча-2009». Уся візавая падтрымка гледачоў фэстываля ажыццяўлялася праз польскі кансулят у Гродна, бо дамовіцца пра выдачу бясплатных візаў для гледачоў у Мінску ў арганізатараў не атрымалася. У выніку візы атрымалі каля 600 з тысячы ахвотных патрапапіць на фестываль. Паводле словаў каардынатара фестываля Паўла Мажэйкі людзі прынеслі дакументы ў апошнія дні, таму кансулят проста не здолеў разгледзець усе заяўкі за малы час. У выніку візу не атрымалі каля 400 чалавек з тых, што падалі дакументы. Паводле іншых звестак, праз гродзенскі рух «За Свабоду!» бясплатныя візы атрымалі 800 чалавек.

Размяшчэнне і даезд Сцэна, дзе праводзіцца фестываль, размяшчаецца на лясной паляне Борык (). Падчас правядзення фестываля тут ствараецца намётавае мястэчка, дзе жыве ў намётах у дні фэсту большасць гледачоў, і разгортваецца інфраструктура харчавання і пітва. Намётавае мястэчка звычайна ахоўваецца, уваход на яго і размяшчэнне намётаў платны, хаця і не вельмі дарагі (каля 10 злотых).

На аўтамабілі да месца правядзення фестываля з Беларусі даехаць можна праз памежны пераход Бераставіца — Баброўнікі да паварота на Гарадок, з Беластоку — па дарозе 65. Цягніком з Гродна можна патрапіць у Кузніцу Беластоцкую, адкуль аўтобусам ці цягніком да Беластоку. З цэнтральнага аўтавакзала ў Беластоку да Гарадка (прыпынак ) аўтобусам. З Мінску звычайна арганізуецца групавы даезд ахвотных адразу да месца правядзення фестываля.

Забароны У 2006 годзе арганізатары сутыкнуліся з забаронай правядзення канцэртаў «Адборышча» (адборачнага тура да «Басовішча-2006») у Мінску.

Ацэнкі Журналіст Ян Максімюк, гаворачы пра значэнне фестывалю, адзначае, што «Басовішча» было задумана на Беласточчыне як адзін з захадаў, што ўключае рэгіянальную беларускасць у агульнабеларускі кантэкст. У доўгатэрміновай перспектыве гэта аказалася памылковым і безвыніковым. На «Басовішчы» выступалі штораз іншыя і штораз лепшыя гурты з Мінску, але тое, што яны спявалі, было ўжо па-за мясцовым падляскім кантэкстам, прынамсі па-за кантэкстам маладых, якія танчылі перад сцэнай і пілі піва ў кустах, але ніякага беларускага мэсыджу на «Басовішчы» ўжо не лавіліsvaboda.org.

Таццяна Заміроўская на старонках «БелГазеты» ў 2007 годзе пісала, што фестываль «з’яўляецца адзіным і найстарэйшым музычным конкурсам, у рамках якога маладыя беларускія рок-гурты могуць сябе праявіць і атрымаць цалкам важкі прыз».

Рок-князёўна Кася Камоцкая як калумніст «БелаПАН» у 2008 годзе давала такую ацэнку фестывалю: «„Басовішча“ задумвалася не як фестываль беларускай музыкі ў выгнанні, а як свята мясцовых беластоцкіх беларусаў».

У 2019 годзе Лёша Горбаш з «34mag» у рэтраспектыве 2010–2019 гадоў назваў фестываль «Меккай беларускай рок-музыкі». Алег Клімаў, шэф-рэдактар «Музыкальной газеты», у 2003 годзе так апісаў фестываль: «„Басовішча“ — гэта беларускі „Вудстак“, толькі на тэрыторыі Польшчы, якая мяжуе з Беларуссю. Таму пра фэст гэты не ведае ніхто не толькі ў свеце, але і нават у астатняй Польшчы. Крутое, увогуле, свята жыцця».

Крыніцы

Спасылкі

Афіцыйны сайт фестывалю Артыкул на Generation.bY «5 рэчаў, якія трэба ведаць пра Басовішча» Відэакліпы выступаў гурта ULIS з першага «Басовішча-1990» — Радыё Свабодная Еўропа Дакументальны фільм пра 30 год гісторыі «Басовішча» — Белсат

Катэгорыя:Музыка Польшчы Катэгорыя:Беларусы ў Польшчы Катэгорыя:Беларуская культура Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі