Плошча Літвы — 65 200 кв. км. Літва размешчана ва Усходняй Еўропе. На думку літоўскіх географаў (пацверджаную французскімі калегамі) менавіта ў Літве знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы.http://geosite.jankrogh.com/other.htm

Літва мяжуе з наступнымі краінамі (у дужках — працягласць мяжы): Беларуссю (660 км), Латвіяй (588 км), Польшчай (103 км), Расіяй (Калінінградская вобл.) (255 км). На захадзе абмываецца Балтыйскім морам. Мае толькі 38 кіламетраў адкрытага марскога берагу. Літве належыць таксама паўночная частка Куршскай касы і акваторыі Куршскага заліва, на якія і прыходзіцца большая частка ўзбярэжжа.

Прырода

Рэльеф Літва размешчаная на заходняй ускраіне Усходне-Еўрапейскай раўніны. Ландшафт раўнінны, нізінны. Вышыня над узроўнем мора не перавышае 300 метраў. Вузкая нізіна з вышынямі да 50 м апаясвае Балтыйскае ўзбярэжжа. У цэнтральнай частцы Літвы, з поўначы на поўдзень, працягнулася Сярэднелітоўская нізіна з вышынямі 16-90 м над у.м. Найбольш прыўзнятыя часткі тэрыторыі — Балтыйская града з вышынямі да 294 м, якая працягнулася з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж мяжы з Беларуссю, і Жамойцкае ўзвышша на захадзе. Да Балтыйскай грады належыць найвышэйшы пункт Літвы — Аукштояс (Высокая гара), 293,8 м.

Карысныя выкапні Заходняя Літва і літоўскі шэльф Балтыйскага мора — перспектыўныя раёны здабычы нафты і прыроднага газу. На паўднёвым усходзе маюцца невялікія радовішчы жалезнай руды. Сустракаюцца вынахады гранітаў. У раёне Акмяне, які стаў цэнтрам вытворчасці цэменту, вядзецца здабыча вапнякоў. На марскім узбярэжжы сустракаецца бурштын.

Клімат Літва знаходзіцца ў пераходнай зоне паміж марскім і кантынентальным кліматам. Сярэднемесячныя тэмпературы студзеня −5 °C, ліпеня 17 °C. Гадавая сума ападкаў — ад 540 мм у цэнтральных раёнах да 930 мм на ўзбярэжжы. Тры чвэрці атмасферных ападкаў выпадае ў выглядзе дажджоў. Увесну і ўвосень частыя туманы, узімку — адлігі.

Унутраныя воды Большасць рэк (Нярыс, Мяркіс, Шашупе) належаць басейну Нямунаса (Нёмана), галоўнай ракі Літвы (агульная працягласць ракі 937 км, з якіх 475 км прыходзяцца на Літву). У Літве больш за 5 тыс. азёр, якія ўтвараюць паазер'і. Азёры пераважна ледавіковага паходжання. Найбуйнейшае возера Літвы — Друкшай (па-беларуску, Дрысвяты) на мяжы з Беларуссю. Самае глыбокае возера — Таўрагнас.

Расліннасць і жывёльны свет Лясамі пакрыта каля траціны зямлі (1,8 млн га). Найбольш распаўсюджаная хвоя, але сустракаюцца таксама елка, бяроза, алешына, асіна, дуб і ясень. Шмат зайцаў, аленяў і дзікоў; не рэдкасць ласі. Распаўсюджаныя фазаны, цецерукі, качкі і лебедзі. У летнія месяцы ля вады можна сустрэць шмат буслоў.

Вялікая частка тэрыторыі Літвы мае спрыяльныя ўмовы для вядзення сельскай гаспадаркі. Пераважаюць падзолістыя глебы. Найбольш урадлівыя глебы размешчаныя ў цэнтральных раёнах. Плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 3,6 млн га.

Ахова прыроды Унікальныя прыродныя аб'екты Літвы ўзяты пад ахову ў запаведніках і нацыянальных парках.