Дагавор аб ненападзе падпісаны 23 жніўня 1939 года ў Маскве наркамам замежных спраў СССР В. Молатавым і міністрам замежных спраў Германіі І. Рыбентропам на 10 гадоў, да дагавора быў прыкладзены «Сакрэтны дадатковы пратакол», які размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе.

Падрыхтоўка дагавора Рыхтуючыся да вайны з Польшчай, кіраўніцтва нацысцкай Германіі прапанавала савецкаму ўраду заключыць пакт аб ненападзе і дало згоду на прыняцце савецкай ініцыятывы пра размежаванне сфер інтарэсаў абедзвюх дзяржаў. Перагаворы з Рыбентропам вялі непасрэдна І. Сталін і Молатаў. Змест дагавора базіраваўся на палажэннях савецка-германскага дагавора 1926 аб ненападзе і нейтралітэце.

Змест дагавора Дагавор прадугледжваў, што СССР і Германія абавязуюцца ўстрымлівацца ад выкарыстання сілы і агрэсіўных дзеянняў у адносінах адзін да аднаго як асобна, так і супольна з іншымі дзяржавамі.

Да дагавора быў прыкладзены «Сакрэтны дадатковы пратакол».

Дадатковы сакрэтны пратакол

«Сакрэтны дадатковы пратакол» размежаваў сферы ўзаемных інтарэсаў СССР і нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе.

У адпаведнасці з 1-м пунктам пратакола бакі дамовіліся, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання ў Прыбалтыцы (Фінляндыя, Эстонія, Латвія, Літва), паўночная мяжа Літвы з'яўляецца мяжой сфер інтарэсаў СССР і Германіі. Абодва бакі прызнавалі інтарэсы Літвы адносна Віленшчыны.

У другім пункце адзначалася, што ў выпадку тэрытарыяльна-палітычнага пераўладкавання абласцей, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, мяжа сфер інтарэсаў СССР і Германіі будзе прыблізна праходзіць па лініі рэк Нараў, Вісла і Сан.

У 3-м пункце Германія прызнавала інтарэс СССР да Бесарабіі, якая з 1918 знаходзілася ў складзе Румыніі.

Вынікі дагавора

Важнейшым вынікам дасягнутых у жніўні-верасні 1939 савецка-германскіх дамоўленасцей стала размежаванне сфер экспансіі Германіі і СССР ва Усходняй Еўропе. Гэты дагавор і наступныя савецка-германскія дамоўленасці нанеслі ўрон прэстыжу СССР як антываеннай сілы, міжнароднаму антываенаму руху. Кіраўніцтва Камінтэрна неўзабаве зняло лозунгі барацьбы з фашызмам і фарміравання Народнага фронту.

Пратакол ад 28 жніўня 1939 і іншыя сакрэтныя пратаколы, падпісаныя СССР і Германіяй у 1939-41, супярэчылі суверэнітэту трэціх краін, лёс якіх вырашаўся без іх удзелу. Пратаколы былі выкарыстаны Сталіным і яго акружэннем для ўльтыматумаў і сілавога націску на іншыя дзяржавы.

Пасля нападу нацысцкай Германіі на Польшчу СССР выкарыстаў магчымасць арганізаваць паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну 1939, што прывяло да ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Дамоўленасць паміж СССР і Германіяй была часовым кампрамісам і страціла сілу пасля нападу Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941.

Памяць 23 жніўня адзначаецца Еўрапейскі дзень памяці ахвяр нацызму і сталінізму, які быў зацверджаны Еўрапейскім парламентам у 2008 годзеpolskieradio.pl.

Літаратура Савецка-германскія дагаворы 1939 // ЭГБ, т. 6, ч. 1, с. 193—194.

Спасылкі

Катэгорыя:1939 год у Маскве Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы СССР Катэгорыя:Міжнародныя дагаворы Трэцяга рэйха Катэгорыя:Дагаворы Другой сусветнай вайны 1939 Катэгорыя:Жнівень 1939 года