27 ліпеня 1990 года Беларусь абвясціла сваю незалежнасць: Вярхоўным Саветам была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. 25 жніўня 1991 года Дэкларацыі быў нададзены канстытуцыйны статус.
Прымаецца закон «Аб забяспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР» і пастанова аб спыненні дзейнасці КПБ. 19 верасня 1991 года краіна атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. Былі зацверджаны новыя дзяржаўныя сімвалы — герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг.
Грамадска-палітычнае жыццё
Аднаўленне суверэнітэту Камуністычная партыя Савецкага Саюза на пленуме (1985) і XXVII з’ездзе (1986) вызначыла новы палітычны курс, накіраваны на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, выпраўленне дапушчаных памылак і ўсебаковае абнаўленне грамадства, што з’явілася рэакцыяй на аб’ектыўна наспелую неабходнасць рэфармавання ўсіх сфер грамадскага жыцця. Пазней гэты курс удакладняўся на XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі КПСС (1988) і XXVIII з’ездзе КПСС, аднак рэчаіснасць уносіла ў яго рэалізацыю свае карэктывы, таму кірункі новага курсу ў грамадскім жыцці СССР былі ажыццёўлены толькі часткова.
З пачаткам перабудовы ў СССР паступова павялічвалася роля Вярхоўнага Савета БССР, аўтарытэт камуністычнай партыі Беларусі падаў. Вярхоўны Савет БССР на пасяджэнні 26 студзеня 1990 года надаў беларускай мове статус дзяржаўнай. Вярхоўны Савет БССР таксама прызнаў існаванне праблемы Чарнобыля.
25 жніўня 1991 года пятая пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета (24-25 жніўня 1991 г.) прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР». Адначасова быля прынята пастанова Вярхоўнага Савета Беларускай ССР «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ—КПСС на тэрыторыі БССР». Па патрабаванні дэмакратычнай меншасці ў парламенце (БНФ «Адраджэньне») быў вызвалены ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета М. Дземянцей, які падтрымаў «жнівеньскі путч»Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 28. — С. 10, 37.. Выконваючым абавязкі, а затым Старшынёй Вярхоўнага Савета на альтэрнатыўнай аснове быў абраны першы яго намеснік, прарэктар БДУ С. С. Шушкевіч.
Працягам дадзенага дзяржаватворнага працэсу стала прыняцце 6-й нечарговай сесіяй Вярхоўнага Савета 19 верасня 1991 года законаў «Аб назве Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» (было прынята рашэнне БССР надалей называць «Рэспубліка Беларусь» (РБ), а ў скароце і састаўных назвах — «Беларусь»), «Аб дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»Ведамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 30. — С. 5—8.. Гэтая заканадаўчая серыя затым была дапоўнена законам «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты 18 кастрычніка 1991 года.
З абвяшчэннем палітычнага і эканамічнага суверэнітэту Беларусі пачаўся працэс фарміравання органаў кіравання. Спачатку Вярхоўны Савет прыняў 25 жніўня 1991 года закон «Аб некаторых зменах у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР», якім ператварыў саюзна-рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў БССР у рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў, падпарадкаваўшы яму ўнутраныя войскі МУС СССР і яго навучальныя ўстановы, размешчаныя на тэрыторыі рэспублікі. Саюзна-рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларускай ССР быў пераўтвораны ў рэспубліканскі КДБ. У кастрычніку 1991 года Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб змяненні ў сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь», якім падпарадкаваў КДБ Вярхоўнаму Савету Рэспублікі БеларусьВедамасці Вярхоўнага Савета Беларускай ССР. — 1991. — № 32. — С. 15, 16..
10 снежня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь XII-га склікання практычна аднагалосна (супраць 1, устрымалася 2) прыняў пастанову «Аб дэнансацыі Дагавора 1922 года аб утварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік» і ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных ДзяржаўВедамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. — 1992. — № 1. — С. 16—17..
Парламенцкая форма кіравання Праз некалькі месяцаў пасля жнівеньскага путча палітычная сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася. Колішняя наменклатура, беспартыйная ў большасці сваёй, пачала стварэнне «рэгуляванай рынкавай эканомікі». Даволі хутка пачалося паляпшэнне маёмаснага становішча людзей, у асноўным блізкіх да ўладнага лагера.
Перад кіраўніцтвам дзяржавы на той момант востра стаяла пытанне аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі. Рашэнне аб гэтым было прынята, і ў 1992 г. пачаўся вывад зброі, які быў завершаны толькі ў 1996 г.
15 сакавіка 1994 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Беларусь абвешчана самастойнай унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай. Дзень 15 сакавіка быў аб’яўлены дзяржаўным святам.
10 ліпеня 1994 года першым прэзідэнтам краіны быў абраны Аляксандр Лукашэнка. Ён захаваў за сабой пасаду Прэзідэнта па выніках выбараў у 2001, 2006 і ў 2010 годзе. З гэтага часу пачала стварацца падпарадкаваная Прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключыла ў сябе выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах.
У гэтых умовах ішло наспяванне палітычнага крызісу, для пераадолення якога былі праведзены рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў.
11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў Апазіцыі БНФ (Зянон Пазняк, Лявонцій Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Ігар Гермянчук. Сяргей Папкоў, Алег Трусаў, Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Антончык, Алесь Шут, Пётр Садоўскі, Валянцін Голубеў, Віталь Малашка, Юрый Беленькі) у Вярхоўным Савеце прама ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэферэндуму. У ноч з 11 на 12 красавіка дэпутаты былі збіты людзьмі ў чорных масках і выкінуты з парламента. Прэзідэнт А. Лукашэнка абяцаў паказаць відэазапіс гэтага разгону. Але гэтага не адбылося.
13 красавіка 1995 года Вярхоўны Савет XII-га склікання зацвердзіў правядзенне рэферэндуму і прызначыў яго на 14 мая 1995 г. У той жа час ідэя рэферэндуму выклікала непаразуменне з боку асобнай часткі грамадства і некаторых грамадскіх і палітычных арганізацый, часткі дэпутатаў Вярхоўнага Савета. 6 мая 1995 года Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне аб мове не можа выносіцца на рэферэндум.Народная газета. — 1995. — 6 мая.
14 мая 1995 года адбыўся першы рэспубліканскі рэферэндум. Удзел у галасаванні прынялі 64,8 % выбаршчыкаў. На рэферэндум былі вынесены наступныя пытанні: аб магчымасці надання рускай мове роўных правоў з беларускай; аб дзяржаўнай сімволіцы, з устанаўленнем новых сцяга (зялёна-чырвоны сцяг) і герба Рэспублікі Беларусь; аб эканамічным збліжэнні з Расіяй; аб праве Прэзідэнта распускаць Вярхоўны Савет.
Па ўсіх пытаннях Прэзідэнт атрымаў большасць галасоў. Адначасова з рэферэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет XIII-га склікання. Аднак у выніку нізкай яўкі выбаршчыкаў за два туры было абрана толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу новага Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш 174 дэпутатаў (што складала 2/3 ад поўнага складу ў 260 чал.). Такім чынам, атрымалася, што новы склад парламента не быў абраны. Склалася палітычная сітуацыя, якая паралізавала дзейнасць заканадаўчай улады.
18 лістапада 1996 года пасаду пакінуў Прэм’ер-міністр М. М. Чыгір у знак пратэсту супраць рэферэндуму.
Большасць выбаршчыкаў падтрымала прапановы Прэзідэнта, як і ў сітуацыі з рэферэндумам 24 лістапада 1996 года, калі А. Лукашэнкам былі вынесены наступныя пытанні: аб прыняцці новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г. за змяненнямі і дапаўненнямі; аб куплі і продажу зямлі, дзе большасць галасоў была аддана супраць свабоднай яе куплі і продажу; аб смяротным пакаранні, супраць адмены якога была таксама выказалася большасць выбаршчыкаў; аб пераносе Дня Незалежнасці РБ з 27 на 3 ліпеня.
На гэты ж рэферэндум былі вынесены і пытанні ад Вярхоўнага Савета: аб праекце новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994 г.; аб фінансаванні ўсіх органаў улады толькі з дзяржаўнай казны і галосна; аб прамых выбарах кіраўніцтва мясцовых выканаўчых органаў улады.
Ні адна з гэтых прапаноў не набрала большасці галасоў выбаршчыкаў. Пасля гэтага 27 лістапада 1996 года адбылася сустрэча Прэзідэнта і Старшыні Вярхоўнага Савета С. Шарэцкага пры пасрэдніцтве Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь і дэлегацыі з Расіі пад кіраўніцтвам В. С. Чарнамырдзіна з мэтай прымірэння бакоў.
З сакавіка па чэрвень 1996 года пракацілася серыя масавых акцый пратэсту супраць палітыкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.
Згодна новай рэдакцыі Канстытуцыі створаны двухпалатны парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з Палаты прадстаўнікоў — 110 дэпутатаў — і Савета Рэспублікі. Выканаўчая ўлада належыць Савету Міністраў.
Умацаванне прэзідэнцкай формы кіравання
У 2000 г. адбыліся выбары дэпутатаў двухпалатнага Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Рэжым Лукашэнкі яшчэ не кансалідаваўся і апісваўся як рэжым з папулісцкім стылем у палітыцыGoujon, A. Language, Nationalism, and Populism in Belarus // Nationalities Papers. — 1999. — Том 4 (27). — С. 661—677; Dryzek, J. S., Holmes, L. Post-Communist Democratization: Political Discourses across Therteen Countries. — Cambridge: Cambridge University Press, 2002., як «дэмагагічная дэмакратыя»Korosteleva, E. Is Belarus a demagogical democracy? // Cambridge Review of International Affairs. — 2003. — Том 3 (16). — С. 525—533., «фасадная дэмакратыя»Gill, G. Nationalism and the Transition to Democracy. The Posy-Soviet Experience // Demokratizatsiya. — 2006. — Том 4 (14). — С. 613—626., «непаўнавартасная дэмакратыя»Beichelt, T. Autocracy and democracy in Belarus, Russia and Ukraine // Democtatization. — 2004. — Том 5 (11). — С. 113—132..
Цягам другога тэрміна праўлення А. Лукашэнкі ў Беларусі пачалося ўзмацненне прэзідэнцкай улады. Былі зроблены спробы паставіць грамадзянскую супольнасць пад больш жорсткі кантроль і рэструктураваць беларускі «трэці сектар», дзеля чаго быў распачат чарговы раўнд кампаніі перарэгістрацыі. Мэтай было змяніць саму сутнасць беларускага грамадскага актыву, з мэтай чаго ствараліся структуры, паралельныя арганізацыям апазіцыйнага кірунку і пакліканыя легітымізаваць палітычны рэжым А. Лукашэнкі. Цягам 2003—2005 гадоў было закрыта 347 арганізацый НДАWilson, A. Belarus: The Last European Dictatorship. — New Haven, CT: Yale University Press, 2011..
Пасля падзей, вядомых як «каляровыя рэвалюцыі», рэжым Лукашэнкі бачыў гэтыя тэндэнцыі як пагрозу і апантана стараўся не дапусціць гэткага сцэнарыя ў Беларусі. Спрабуючы манапалізаваць публічную прастору, рэжым імкнуўся прадухіліць, а ў рэшце рэшт здушыць грамадзянскія пратэсты і якую-кольвечы актыўнасць, звязаную з тэндэнцыямі «каляровых рэвалюцый». Лукашэнка, прапаноўваючы сябе Расіі ў якасці аплоту перад пагрозай праамерыканскай каляровай рэвалюцыі, забяспечыў сябе фінансавай падтрымкай з боку другойWilson, A. Belarus: The Last European Dictatorship. — New Haven, CT: Yale University Press, 2011. — С. 210..
У 2004 г. выбары ў парламент адбыліся сумесна з рэспубліканскім рэферэндумам, па выніках якога з артыкула 81 Канстытуцыі РБ было выключана наступнае палажэнне: «Адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не больш двух тэрмінаў». Пасля гэтай змены А. Лукашэнка прыняў удзел у выбарах Прэзідэнта ў 2006 г., і быў зноў абраны на гэту пасаду. У выніку адбыліся масавыя пратэсты ў Мінску, што дало падставу меркаваць некаторым інтэлектуалам аб нараджэнні «новага грамадства» Беларусі, якое аказалася здольным згуртавацца ды прадэманстраваць новыя шляхі грамадзянскага супрацівуДынько, А. Ад рэдактара // Наша Ніва. — 2006. — 7 красавіка..
28 верасня 2008 г. адбыліся новыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ні адзін з членаў беларускай апазіцыі не быў абраны дэпутатам. Трэба адзначыць, што назіральнікі на выбарах даволі часта казалі аб парушэннях пры іх правядзенні.