Дзеяслоў — беларускі літаратурны часопіс, які выходзіў з 2002 па 2023 год. Галоўны рэдактар — Барыс Пятровіч.
Гісторыя З’яўленне часопіса «Дзеяслоў» шмат у чым сталася рэакцыяй на дзеянні Міністэрства інфармацыі РБ, якое ў 2002 годзе правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб’яднаныя ў так званы дзяржаўны літаратурны холдынг «Літаратура і мастацтва». У знак пратэсту многія пісьменнікі — супрацоўнікі калектываў звольніліся з рэдакцый.
Непасрэдны ўдзел у стварэнні новага выдання ўзялі Барыс Пятровіч (Сачанка), Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. Юрыдычным заснавальнікам стала ГА «Літаратурны-мастацкі фонд „Нёман“». Выходзіць часопіс пачаў з верасня 2002 года.
Часопіс зарэгістраваны Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і шмат гадоў выходзіў рэгулярна — раз на два месяцы, падпіска ажыццяўлялася праз дзяржаўнае аб’яднанне «Белпошта».
Цікавай адметнасцю «Дзеяслова» было тое, што ад верасня 2002-га да канца 2009-га года часопіс выходзіў правапісам, вядомым пад назвай «дзеясловіца».
У снежні 2023 года часопіс «Дзеяслоў» спыніў выхад. З яго закрыццём у Беларусі больш не засталося незалежных літаратурных выданняў, якія друкаваліся б на беларускай мове. Усяго было выдадзена 127 нумароў анталогіі беларускай сучаснай літаратуры. Пасля закрыцця часопіса ў Беластоку пачаў выходзіць альманах «Апостраф».
Змест і рубрыкі Сярод аўтараў «Дзеяслова» — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Святлана Алексіевіч, Алесь Разанаў, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Законнікаў і іншыя. Шмат увагі часопіс аддаваў публікацыі спадчыны вядомых беларускіх пісьменнікаў — Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Алеся Адамовіча.
Выданне надавала вялікую ўвагу новаму пакаленню таленавітых аўтараў. Творы пачаткоўцаў з’яўляюцца ў часопіснай рубрыцы «Дэбют». На старонках «Дзеяслова» дэбютавалі такія вядомыя аўтары, як Вольга Базылёва, Анатоль Івашчанка, Глеб Лабадзенка, Наста Кудасава, Сяргей Прылуцкі, Віталь Рыжкоў, Усевалад Сцебурака, Наталка Харытанюк і іншыя.
У «Дзеяслове» друкаваліся таксама публіцыстыка, эсэістыка, артыкулы гістарычнай тэматыкі, літаратурная і мастацкая крытыка, мастацкія пераклады, асвятляліся праблемы тэатра, кіно, музыкі.
Акрамя сталых раздзелаў — «Проза», «Паэзія», «Пераклад» і «Дэбют», з’яўляліся рубрыкі «Бліцкрыт», «Анкета», «Гутаркі з мастакамі», «Дзеяпіс», «Кнігапіс», «ПРАчытанне».
Найбольш значныя публікацыі Упершыню на старонках часопіса пабачылі свет: «Паланэз» Уладзімір Някляеў (№ 1, 2002), «А хто пісаў паэму гэту» Францішак Вядзьмак Лысагорскі (№ 4, 2003), «Аўганец» Васіль Быкаў (№ 7, 2003), «Пуціна» Барыс Пятровіч (№ 10, 2004), «Круг» Алесь Пашкевіч (№ 12, 2004), «Бліндаж» Васіль Быкаў (№ 24, 2006), «Сутарэнні Ромула» Людміла Рублеўская (№ 47, 2010), «Спачатку была цемра» Барыс Пятровіч (№ 59, 2012), «Аўтамат з газіроўкай і без» Уладзімер Някляеў (№ 61, 2012), «Час second-hand» Святлана Алексіевіч (№ 65, 2013), «Рух» Алесь Пашкевіч (№ 73, 2014).
Прэмія «Залаты апостраф» Рэдакцыя часопіса ў 2003 годзе заснавала ўласную літаратурную прэмію «Залаты апостраф». Штогод яна ўручаецца ў наступных намінацыях: паэзія, проза, дэбют. З 2009 года з’явілася новая намінацыя «За ўклад у сучасную беларускую літаратуру» (прэмія Алеся Усені).
Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў» У 2006 годзе часопіс стварае сваю кніжную серыю — Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў». Першая кніга — «Вершнік» Анатоля Івашчанкі. Па стане на 2015 год у серыі выйшла 17 кніг беларускіх аўтараў.
Рэдакцыя Першапачаткова склад рэдакцыі быў наступны: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, намесніцкія функцыі выконвалі Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Эдуард Акулін. У 2004 годзе да складу далучаецца Анатоль Івашчанка (адказны сакратар). На 2015 год у склад рэдакцыі ўваходзілі: Барыс Пятровіч (Сачанка) — галоўны рэдактар, Алесь Пашкевіч — намеснік галоўнага рэдактара, Анатоль Івашчанка — адказны сакратар, Андрэй Федарэнка — стыльрэдактар. Дызайн часопіса забяспечваў мастак Генадзь Мацур.
Крыніцы
Спасылкі Афіцыйны сайт
Катэгорыя:Часопісы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Беларусі Катэгорыя:Літаратурныя часопісы Беларусі