«Gentleman» () — першы студыйны альбом беларускага інды-рок і паўэр-поп гурта «Hair Peace Salon», выпушчаны 21 сакавіка 2012 года. Кампакт-дыск змяшчае 10 трэкаў, запісаных у перыяд 2009—2012 гадоў. Усе песні былі напісаны Алегам Вялем і Канстанцінам Карманам. Гісторыя Пачатак працы. Happy for a While Пад канец 2009 года падчас прэзентацыі кліпа <span data-segmentid="47" class="cx-segment">«In Tune» на «Experty.by» было абвешчана, што гурт «Hair Peace Salon» пасля пературбацый у складзе пачаў працу над новым альбомам. Вясной 2010 года ў інтэрв’ю кітайскаму часопісу «我爱摇滚乐» () удзельнікі гурта патлумачылі свой падыход да грунтоўнай працы: «Да нядаўняга моманту мы проста не лічылі патрэбным запісваць поўнафарматную кружэлку, але цяпер упарта працуем у гэтым кірунку».

Першы сінгл з будучага альбома пад назвай «Happy for a While» () быў выпушчаны спачатку на кітайскім рынку з асаблівай для рэгіёна вокладкай 5 красавіка 2010 года. Рэліз свайго новага EP на радзіме ж гурт вырашыў прымеркаваць да Дня касманаўтыкі, бо, як паяснілі выбар даты для «Тузіна Гітоў» музыкі, «нашы новыя песні якраз аб’ядноўвае адвечнае імкненне чалавека да новага, да заваявання нязведаных абшараў». «Мэта такіх падарожжаў — гэта доўгачаканае імгненне шчасця, пасля якога зноў трэба рухацца наперад, каб паспець больш, хоць часу ўсё менш...» — пісаў пра «Happy for a While» «Ultra-music.com».

Сінгл змясціў дзве новыя песні «Happy for a While» і «Out of Time», і яго можна было бясплатна спампаваць з сайта гурта. Выпуск азнаменаваў музычны зрух гурта ад меланхоліі брытанскага рока ў бок паўэр-попа, і, як увесну паведаміў «Experty.by» вакаліст-клавішнік Канстанцін Карман, суцэльны музычны альбом павінен быў выйсці ўжо наступнай восенню. Бубнач Уладзімір Агаян падчас працы над новымі фанаграмамі выказаў думку, што магчыма ў запісе будуць прымаць удзел і запрошаныя музыкі, таму што ўчатырох «не заўсёды атрымліваецца рэалізаваць усе задумкі».

Песні з сінгла, як і зменены дрэс-код музыкаў, былі прадстаўлены 10 красавіка ў клубе «Broadway» у рамках прэм’ернага шоу пры падтрымцы «Drum Ecstasy», «Кассиопеи», «The Stampletons» ды іншых артыстаў. Карэспандэнт «Ultra-music.com» Андрэй Пятакоў стаў сведкам новага вобраза гурта, акрэсленага «піжамнай чацвёркай», а таксама адным з першых пачуў свежы рэмікс, які трапіць на тэматычны самотнік да альбома восенню. Шырокай публіцы новыя аблічча і больш жвавыя свежыя творы былі прадстаўлены ў чэрвені падчас удзелу ў музычным шоу канала СТБ «Зорны рынг».

Rolz'n'Rulz і HPS Remixed Другі сінгл з альбома «Rolz'n'Rulz» (), у якім пяецца пра прыродазнаўчыя і надуманыя ўмоўнасці, якія абмяжоўваюць або надзяляюць людзей правамі, быў выдадзены 15 верасня 2010 года. Рэцэнзент «Experty.by» Антон Серанкоў учуў у спеве больш рок-н-ролавых матываў, чым зыходна задуманых паўэр-попаўскіх, і заключыў: «Гэта страшна бадзёрая, заразліва радасная песня з яснай мелодыяй і энергічнымі гітарамі, зробленая наколькі проста, настолькі і са шчырым энтузіязмам». Крытык ej.by Зміцер Падбярэзскі, які прыйшоў да высновы, што музыкі вельмі моцна пераасэнсавалі паняцце рок-н-ролу ў сваім сінгле, напісаў: «„Rolz'n'Rulz“ — адна з тых песень, у якіх гурт з гэтак няпростай назвай цалкам пераканаўча дэманструе сваё ўменне выразна арганізаваць музычны матэрыял і ці ледзь не ў першую чаргу — вакальныя партыі і падаць яго адпаведным чынам».

Выпуск сінгла быў падтрыманы эксперыментальным самотнікам «HPS Remixed» (), на які трапілі 6 песень з дзвюх апошніх сінглаў у транс, драм-н-бэйс, даўнтэмпа ды іншых стылёвых апрацоўках ад шэрагу дыджэяў мінскай электроннай сцэны, да якіх звярнуліся ў выніку пройгрышу ў конкурсу «». Як успаміналі музыкі для «Kyky.org», слухачы даследавалі старонку гурта на «Last.fm», выявілі «заскробленыя» біркі і сталі пісаць лісты і пытацца пра рэміксы. «Гітарныя партыі ў „Hair Peace Salon“ мне прыйшліся даспадобы, таму я пайшоў на эксперымент з ламанымі рытмамі. Атрымаўся дынамічны рэмікс, які вельмі розніцца па канцэпцыі ад арыгіналу», — казаў аўтар аднаго з рэміксаў DJ Rog. «Супрацоўніцтва атрымалася цікавым, — апавёў «Тузіну Гітоў» Алег Вяль, лідар гурта. — Вобразнае бачанне гэтых людзей аказалася вельмі блізкім нашаму».

Віктар Сямашка, вядучы падкаста «Кракатук» на «Беларускім Радыё Рацыя», у сваёй перадачы агучыў, што дыджейскія версіі выйшлі лепшымі за арыгіналы.

У прэс-рэлізе ў падтрымку сінгла і EP для «Experty.by» гурт адзначыў, што праца над маючым адбыцца дэбютным альбомам будзе завершана да пачатку зімы 2010 года. Гурт невылазна засеў у студыі дзеля запісу альбома<span data-segmentid="47" class="cx-segment"><span>. Як прызналіся ўдзельнікі 3 снежня 2010 года падчас анлайн-канцэрта на самым вялікім беларускім партале «TUT.BY», дзе яны выканалі ў тым ліку некалькі песень з апошніх сінглаў, важная праца над алічбаваннем твораў у студыі гуказапісу вымусіла моцна скараціць колькасць жывых выступленняў.

У інтэрнет-эфіры музыкі абвесцілі, што на дыск плануецца ўключыць 11 кампазіцый, і тэмы высакароднасці, шчодрасці, сілы духу, прагі да жыцця з крыхай дзівацтваў і самаіроніі павінны прайсці праз яго чырвонай ніткай. Таксама быў агучаны і ўдакладнёны графік запісу матэрыялу да кружэлкі цягам да восені 2011 года, згодна з якім праца ішла яшчэ год.

Выпуск альбома і гастролі 18 сакавіка 2012 года гурт зрабіў афіцыйны анонс свайго поўнафарматнага альбома «Gentleman» у кароткім анімацыйным відэа. Музычныя творы за апошнія тры гады былі аб’яднаны ў альбом «Gentleman», і гэты рэліз пачаў быць даступны на афіцыйным сайце гурта з 21 сакавіка 2012 года бясплатна з магчымасцю для прыхільнікаў. Вакаліст Канстанцін Карман у каментары «Тузіну Гітоў» у дзень выпуска альбома заявіў, што «на гэтым дыску няма прахадных песень. Альбом выйшаў разнастайным, але пры тым ён мае агульны настрой і не зацягнуты».

Варта адзначыць, што, нягледзячы на папярэднюю аб’яву, толькі 10 трэкаў з’явіліся ў фінальнай версіі. Лідар гурта Алег Вяль патлумачыў гэтае рашэнне ў каментары для «Experty.by»: «Першапачаткова 11 песень былі запланаваны для альбома; пасля завяршэння запісу і падчас спроб сфармаваць гарманічны спіс кампазіцый аказалася, што адзін са спеваў зусім не ўліваецца ў агульную канву – давялося выдаліць».

Першы канцэрт у падтрымку альбома прайшоў у Віцебску 31 сакавіка ў клубе «Чердачок». Зыход сталага барабаншчыка Уладзіміра Агаяна значна сапсаваў далейшыя гастрольныя планы. Музыкі гурта, якія засталіся, нават адыгралі адзін з рэдкіх канцэртаў утрох. З улікам гэтых абставін пампезнае шоу ў падтрымку выхаду самотніка было адкладзена да 11 кастрычніка 2012 года. У гэты дзень гурт «Hair Peace Salon» зрабіў прэзентацыю свайго альбома «Gentleman» у адным з самых папулярных канцэртных залаў Мінска — клубе «RE:PUBLIC». Падчас сольнага выступу музыкі выканалі песні з альбома, некаторыя старыя хіты, спелі дуэт і пару кавераў сваіх песень на беларускай мове, а таксама афіцыйна прадставілі свайго новага бубнача Аляксандра Сцепановіча грамадскасці. Крытыкі ацанілі вялікі восеньскі канцэрт, які атрымаўся хатнім, без адменнай разынкі, «на чацвёрачку», у той час як Ірэна Катвіцкая, мастацкі кіраўнік фолк-гуртоў «Akana-NHS», «Kazalpin» і іншых, адзначыла праз «Будзьма беларусамі!» элегантнасць, вытанчанасць і чысціню выкананай джэнтльменамі праграмы.

Падчас наступнай паловы года было дадзена больш дадатковых канцэртаў у падтрымку матэрыялу новага альбома. Паўакустычную версію сваёй праграмы «Gentleman» музыкі падрыхтавалі спецыяльна для Бабруйска. «Мы зрабілі акустычную праграму выключна для канцэртаў, для слухачоў, — тлумачыў «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» гітарыст Алег Вяль і дадаваў на «Ultra-music.com»: — Ды і нам самім цікава па-іншаму граць трэкі, якія ў электронным выкананні трохі надакучылі». У далейшым альбом «Gentleman» у акустыцы паслухалі і мінчукі. Паміж гэтым былі і сольныя рокавыя імпрэзы. Гурт «Clover Club» стаў напарнікам па канцэрту ў сакавіку 2013 года.

У тым жа месяцы гурт у трэці раз адыграў на штогадовым фестывалі «Акустыка вясны». Як казалі музыкі, яны сутыкнуліся з патрэбай «максімальна кампактна дабірацца да невялікіх гарадкоў», таму перапрацавалі свае песні. У красавіку 2013 года «Hair Peace Salon» стаў гэдлайнерам на прэзентацыі складанкі мясцовых гуртоў «ССК-2» ў Слуцку. Скончыўся тур у падтрымку альбома маёвым канцэртам у Кіеве.

Аздабленне На думку крытыкаў Марыі Калеснікавай з Еўрапейскага радыё для Беларусі і Змітра Падбярэзскага з ej.by і Experty.by, афармленне альбома заслугоўвае асобных радкоў. Разам з заканчэннем працы над музычным бокам плыты ў канцы 2011 года гурт пачаў шукаць «сапраўднага мастака», які б намаляваў вокладку. Такім чынам, на пярэдняй вокладцы і ў буклеце CD дыска былі выкарыстаны малюнкі Сяргея Балянка, беларускага мастака. Музыкі «Hair Peace Salon» былі ўражаны яго афортамі, якія яны знайшлі ў мастацкай галерэі. Са згоды гравюрыста яго некалькі прац былі набыты і ўжыты для аздаблення вокладкі і іншых старонак буклета CD, а таксама для аніміраванага відэа да анонса альбома.

Крытыка Альбом атрымаў у асноўным станоўчую крытыку. «Тузін Гітоў» ахарактарызаваў CD наступнымі словамі:«10 дыхтоўных трэкаў. Нічога лішняга. «Gentleman» з шэрагу тых сёлетніх альбомаў, якімі можна безумоўна ганарыцца». У рэцэнзіі «Еўрапейскага радыё» запіс называўся як «добрая, грунтоўная, прадуманая і гожая праца. Ну і асобны рэспект афармленню». На думку калумніста сайта «Будзьма беларусамі» Сяргея Будкіна, «яны маюць усё, што трэба — выдатныя галасы, неблагую лірыку, хвацкі гук, бездакорнае выкананне, пісьменную падачу». Зміцер Падбярэзскі, адзін са штатных экспертаў партала «Experty.by», заўважыў, што «гэты калектыў і знаходзіцца якраз ці не за ўсіх бліжэй да стандартнай еўрапейскай традыцыі сумяшчэння рокавага інструментарыя з дастаткова папсовай мелодыкай». Яго калегу Алегу Клімаву, які адзначыў, што «„Rolz'n'Rulz“ чапляе», спадабалася большая энергічнасць і агрэсіўнасць, а таксама і меладычнасць. Іншы рэцэнзент «Experty.by» Зміцер Безкаравайны пахваліў у альбоме «меладычныя і меланхалічныя песні, прыгожыя гітары і распазнавальны высокі вакал Алега Вяля». Марыя Калеснікава, пазаштатны аўтар праекта «Experty.by», назвала альбом «спружынай, якая пры выпростванні не робіць больна, а лагодзіць» і акцэнтавала ўвагу на «шматгалоссе, што часам прымушае ўспомніць ліверпульскую чацвёрку, надае гучанню паветранасць і адчуванне буйнога мазка», а Сяргей Будкін палічыў, што «прыемна чуць цэльны выпеставаны альбом, у якім ставяць не на адну-дзве канкрэтныя песні, а адразу на ўсе трэкі». Юрась Ускоў з «Нашай Нівы» падсумаваў ацэнкі айчынных экспертаў: «Дэбютнага альбома ад „Hair Peace Salon“ чакалі некалькі гадоў, вынік не расчараваў: выдатны брыт-рок, чыё студыйнае ўвасабленне апынулася не горшым за канцэртнае». Станоўчую адзнаку дыску даў і расійскі журналіст Аляксандр Філімонаў: «Ласы я да ўсялякай брытаншчыны і гітаршчыны з меланхалічным вакалам і мінорнымі мелодыямі, таму і не змог прайсці міма».

У той жа час аглядальнікі адзначылі адсутнасць яркасці і арыгінальнасці, таму што запіс чуўся як звычайны альбом брытанскай хвалі. На погляд аглядальніка «ej.by» і «Experty.by» Змітра Падбярэзскага, музыка альбома выглядае недарэчна на фоне вокладкі на аснове твораў Сяргея Балянка, «мастака насамрэч арыгінальнага, парадаксальнага». Уладальнік музычнага партала «Experty.by» Зміцер Безкаравайны ў сваёй рэцэнзіі напісаў: «Атрымаўся дыхтоўны альбом, які гучыць занадта прадказальна». Таксама журналісты паставілі на від бруднаваты гук, што разабраць большасць тэкстаў на слых практычна нерэальна, ды пэўную недаказанасць у песнях.

Узнагароды і прэміі