Жаі́р Месі́яс Балсана́ру (; ) — бразільскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, 38-ы Прэзідэнт Бразіліі.
Вядомы сваімі ультраправымі і папулісцкімі палітычнымі поглядамі.
Біяграфія Вучыўся ў Кадэцкай падрыхтоўчай школе сухапутных войскаў. У 1977 годзе скончыў Ваенную акадэмію Агульяс-Неграс (штат Рыа-дэ-Жанейра). Служыў у артылерыі і дэсантных войсках. Завяршыў ваенную службу ў званні капітана ў 1988 годзе.
У тым жа годзе быў абраны ў Муніцыпальную палату (парламент) горада Рыа-дэ-Жанэйра ад кансерватыўнай Хрысціянска-дэмакратычнай партыі (у 1993—1995 гг. — Рэфармісцка-прагрэсіўная партыя, з 1995 года — Прагрэсіўная партыя).
У 1990 годзе ўпершыню ўвайшоў у Палату дэпутатаў (ніжняя палата Кангрэса Бразіліі) і з таго часу пераабіраўся на кожных выбарах. У ходзе сваіх выступленняў у парламенце выказваўся за ўвядзенне прымусовых работ для асуджаных, паніжэнне ўзросту паўналецця з 18 гадоў да 16, устанаўленне кантролю за нараджальнасцю, а таксама за скарачэнне рэзервацый для індзейцаў, якія, на яго думку, займаюць занадта вялікую тэрыторыю.
Прэзідэнцкія выбары 2018 года У 2018 годзе Балсанару быў вылучаны кандыдатам на пасаду прэзідэнта ад кааліцыі «Бразілія вышэй за ўсё, Бог вышэй за ўсіх», у якую ўвайшлі правыя Сацыял-ліберальная партыя і Партыя працоўнага абнаўлення.
6 верасня 2018 года, падчас сустрэчы з выбаршчыкамі, на палітыка быў учынены напад. Ён атрымаў нажавыя раненні і быў шпіталізаваны.
7 кастрычніка у першым туры выбараў Балсанару набраў 46 % галасоў. Па выніках другога тура выбараў, які адбыўся 28 кастрычніка, здабыў перамогу. За яго прагаласавалі 55,13 працэнта выбаршчыкаў.
Жаір Балсанару заняў пасаду 1 студзеня 2019 года.
Дзейнасць на пасадзе прэзідэнта
Эканоміка Урадам Балсанару былі прыняты меры па зніжэнні дэфіцыту бюджэту. У 2021 годзе Балсанару ўдалося правесці праз парламент закон, які дазволіў прыватызаваць шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў, у тым ліку найбуйнейшую электраэнергетычную кампанію Eletrobras. Акрамя таго, у перыяд прэзідэнцтва Балсанару быў прыватызаваны дзяржаўны банк развіцця BNDES, а таксама чатыры нафтаперапрацоўчыя заводы і некаторыя іншыя даччыныя прадпрыемствы нацыянальнай нафтавай кампаніі Petrobras.
Урад Балсанару часта падвяргаўся крытыцы за недастатковае фінансаванне інфраструктурных праектаў. Тым не менш, за чатыры гады было рэалізавана 196 інфраструктурных праектаў, сярод якіх рамонт аэрапортаў і дарог, а таксама былі ўведзены ў эксплуатацыю дзве буйныя аўтатрасы, будаўніцтва якіх было пачата пры папярэдніх урадах.
Унутраная палітыка Адным з першых сваіх указаў на пасадзе прэзідэнта Балсанару спрасціў правілы набыцця і нашэння зброі. Ад неабходнасці даказваць мэтазгоднасць яго набыцця вызвалілі жыхароў сельскай мясцовасці, а таксама гарадоў, у якіх у год учыняецца не менш як 10 забойстваў на кожныя 100 тыс. чалавек.
У кастрычніку 2019 года быў павялічаны ўзрост выхаду на пенсію для мужчын з 60 да 65 і для жанчын з 55 да 62 гадоў, а таксама зніжаны пенсіі высокапастаўленым дзяржслужачым.
У 2019 годзе міністэрствы адукацыі і абароны пачалі рэалізацыю сумеснага праекта па будаўніцтве да канца 2023 года 216 ваенна-грамадзянскіх школ, за дысцыпліну ў якіх адказваюць ваенныя ў рэзерве (згодна з даследаваннем, у існуючых школах такога тыпу ўзровень адукацыі вышэйшы, чым у грамадскіх).
У перыяд прэзідэнцтва Балсанару скарацілася фінансаванне праграм па абароне навакольнага асяроддзя. Рэзервацыі індзейцаў (прызнаная тэрыторыя карэнных народаў) і іншыя ахоўныя тэрыторыі Амазоніі былі адкрыты для аграрнага бізнесу і здабычы карысных выкапняў.
Знешняя палітыка У студзені 2019 года Бразілія выйшла з Глабальнага дагавора па міграцыі (Балсанару — праціўнік палітыкі адчыненых дзвярэй у адносінах да імігрантаў), у красавіку 2019 года — з Саюза паўднёваамерыканскіх нацый, у студзені 2020 года — з Супольнасці лацінаамерыканскіх і карыбскіх дзяржаў.
Выбары 2022 года Балсанару балатаваўся на пераабранне на выбарах 2022 года, а яго галоўным супернікам стаў былы прэзідэнт Луіс Інасіу Лула да Сілва. Кандыдатам у віцэ-прэзідэнты стаў генерал Вальтэр Брага Нета. На працягу ўсяго выбарчага перыяду Балсанару казаў, што не прызнае вынікі выбараў у выпадку свайго паражэння. Яго дзеянні параўноўваюць са спробамі Дональда Трампа адмяніць вынікі выбараў 2020 года ў ЗША.
2 кастрычніка 2022 года Балсанару прайшоў у другі тур выбараў 30 кастрычніка разам з Лулай да Сілва. Лула набраў 48,43 % галасоў, Балсанару — 43,20 % галасоў.
Лула да Сілва быў абраны прэзідэнтам у другім туры 30 кастрычніка, а Балсанару стаў першым кіраўніком дзяржавы, які прайграў пераабранне. Ён выказаў нязгоду з перамогай суперніка, заклікаў да пратэстаў і беспарадкаў. У Бразіліі пачаліся масавыя пратэсты.
Балсанару з’ехаў у ЗША ў канцы снежня 2022 года, так і не прызнаўшы паражэння ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Паведамлялася, што ён змешчаны ў адну з амерыканскіх бальніц і ў яго «дыягнаставаны болі ў брушнай вобласці».
Пратэстныя настроі ў Бразіліі пасля выбараў захоўваліся, але выліліся ў больш актыўныя дзеянні ўжо пасля 1 студзеня 2023 года, калі новы прэзідэнт Лула да Сілва ўступіў на пасаду. У нядзелю, 8 студзеня, тысячы прыхільнікаў Балсанару ўварваліся ў будынкі парламента і Вярхоўнага суда, а таксама ў прэзідэнцкі палац. Сотні чалавек былі затрыманы. Сам палітык заявіў, што дзеянні людзей, якія яго падтрымліваюць, выйшлі за межы дэмакратычнага пратэсту. Ён адзначыў, што не ўхваляе грабяжы і захопы дзяржаўных будынкаў, і падчас свайго знаходжання на пасадзе прэзідэнта ён заўсёды прытрымліваўся Канстытуцыі і законаў краіны.
Судовы пераслед У ліпені 2023 года Вышэйшы выбарчы суд Бразіліі пазбавіў яго права абірацца да 2030 года за злоўжыванне паўнамоцтвамі і распаўсюджванне «амаральнай» і «жахлівай хлусні» падчас мінулых выбараў; акрамя таго, судовая інстанцыя палічыла, што падчас свайго прэзідэнцкага тэрміна Балсанару дапускаў «злоўжыванні ўладай».
У верасні 2025 года Вярхоўны суд Бразіліі прызнаў Жаіра Балсанару вінаватым у змове з мэтай дзяржаўнага перавароту і прысудзіў яго да 27 гадоў і 3 месяцаў турмыСуд разъяснил подробности приговора Болсонару.
Палітычныя погляды Балсанару — заўзяты антыкамуніст, яго пазіцыі часта разглядаюцца як кансерватыўныя, папулісцкія, нацыяналістычныя і звычайна асацыююцца з ультраправай палітыкай, аднак ён абвяргае падобныя сцвярджэнні, заяўляючы, што прытрымліваецца традыцыйных умераных правых ідэалаў. Ён называе сябе палітыкам, які выступае за жыццё, за зброю і супраць істэблішменту.
У прыватнасці, Балсанару быў адкрытым прыхільнікам ваеннага рэжыму ў Бразіліі (1964—1967). Падчас сесіі галасавання па імпічменце былога прэзідэнта Дылмы Русеф у сваёй прамове ён ушанаваў палкоўніка Карласа Альберта Брыльхантэ Устру, шырока вядомага ў Бразіліі ваеннага, які быў катам пратэстоўцаў у перыяд бразільскай ваеннай дыктатуры.
У 1990-х гадах у тэлеінтэрв’ю папулярнаму часопісу Veja Балсанару таксама зрабіў супярэчлівыя заявы пра ваенную дыктатуру Піначэта ў Чылі: усхваліў чылійскага дыктатара і заявіў, што «рэжым павінен быў дзейнічаць больш жорстка, каб аднавіць краіну».
Акрамя таго, Балсанару — гарачы праціўнік левай палітыкі, у першую чаргу аднаполых шлюбаў, секулярызму, легалізацыі наркотыкаў, абортаў і аховы навакольнага асяроддзя. Што тычыцца эканамічных пытанняў, ён выступае за ліберальную палітыку і палітыку свабоднага рынку.
У галіне аховы здароўя яго погляды скептычныя. Падчас пандэміі COVID-19 у Бразіліі Жаір Балсанару адмаўляў сур’ёзную небяспеку каранавіруснай інфекцыі. Бразільскі лідар неаднаразова з’яўляўся на вуліцы без маскі і заяўляў, што каранавірус не больш смяротны за звычайны грып, і што яго прыярытэтам з’яўляецца перш за ўсё аднаўленне эканомікі краіны, а не крызіс аховы здароўя. Ён увесь час абвінавачваў палітычных апанентаў і прэсу ў перабольшванні пагрозы віруса.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Антыкамуністы Катэгорыя:Прэзідэнты Бразіліі Катэгорыя:Ультраправыя Катэгорыя:Крытыкі мультыкультуралізму