Вячаслаў Станкевіч або Вячка Станкевіч (, ; ) — беларускі грамадскі дзеяч, заступнік старшыні Рады БНР.
Біяграфія Вячка Станкевіч нарадзіўся ў Вільні ў 1932 годзе ў сям’і мовазнаўцы і грамадскага дзеяча Яна Станкевіча ды ягонай жонкі Марыі, паводле паходжання чэшкі.
Выехаў з Беларусі разам з бацькамі падчас Другой сусветнай вайны. З 1949 года — у ЗША. Спачатку пасяліўся ў Мінесоце, пазней жыў у Кліўлендзе, дзе ўдзельнічаў у стварэнні беларускай футбольнай каманды «Пагоня». У 1951—1954 гадах служыў у амерыканскім войску, пасля вяртанні з якога жыў у Нью-Ёрку.
У 1959 годзе скончыў Нью-Ёркскі гарадскі каледж з дыпломам інжынера-электроніка. У 1968 годзе у Ньюарскім інжынерным каледжы (Нью-Джэрсі) атрымаў ступень магістра інжынерыі. Працаваў інжынерам у карпарацыях «ITT» і «Western Union».
Гуляў за нью-ёркскую футбольную каманду «Беларусь». Быў актыўным сябрам Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы, старшынёй яго нью-ёркскага аддзела, пазней старшынёй Галоўнай управы. У 1963—1966 гадах у сувязі з працай жыў у Заходняй Еўропе, пазней вярнуўся ў Нью-Ёрк.
Быў сябрам Беларуска-Амерыканскага задзіночання, уваходзіў у кіраўніцтва арганізацыі (старшыня Галоўнай управы ў 1969—1971 і 2007—2011 гадах)Прэзідыум. У 1988—1998 гадах быў дырэктарам беларускай службы «Радыё Свабода». Пасля вярнуўся ў ЗША.
У 2003 годзе пераняў кіраванне Фундацыяй імя Льва Сапегі. Радны БНР, быў абраны заступнікам старшыні Рады. У 2009—2018 гадах быў старшынёй Беларускай фундацыі Пятра Крачэўскага. Да 2013 года выдавец квартальніка «Belarusian Review», сталы аўтар газеты «Беларус». У 2013 годзе разам з жонкай заклаў фундацыю Monroe-Vilnia Foundation для падтрымкі розных беларускіх праектаў.
Памёр у 2025 годзе.
Крыніцы
Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Члены Беларуска-амерыканскага задзіночання