Уладзімір Адамавіч Кісель (, мястэчка Клецк Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства — , ) — педагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Мянушка «Раса́».
Біяграфія У другой палове 1930-х гадоў скончыў сем класаў польскай школы, у 1941 годзе — савецкую сямігодку ў Клецку. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, дзе з сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». З восені 1944 года працаваў настаўнікам у Качановічах, потым у Рудаўцы на Нясвіжчыне, завочна скончыў педагагічнае вучылішча ў Нясвіжы, паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут.
У беларускім падполлі У 1946 годзе ўдзельнічаў у заснаванні падпольнай патрыятычнай арганізацыі «Саюз змагання за незалежнасць Беларусі», якая дзейнічала ў Нясвіжскім, Клецкім, Стаўбцоўскім, Гродзенскім і іншых раёнах Беларусі.
Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў у 1946 годзе на хутары Царская Ліпа (Нясвіжскі раён), на сходзе прысутнічала 6 чалавек, сярод іх — студэнты Гродзенскага педінстытуту. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай з іх ведаў толькі кіраўнік гэтага звяна. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сіл, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасці Беларусі. У адпаведнасці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана і распаўсюджана антысавецкая ўлётка.
Арышт На пачатку 1949 года органамі савецкай дзяржбяспекі было арыштавана кіраўніцтва арганізацыі. Дзякуючы канспірацыі, частка структур СЗНБ так і не была раскрытая.
Арыштаваны 25 лютага 1949 года ў Гродна, ўтрымліваўся ў следчым ізалятары КДБ БССР. У лістападзе 1949 года «за здраду радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» асуджаны Ваенным трыбуналам войскаў МУС Беларускай ваеннай акругі да 25 гадоў пазбаўлення волі з паражэннем у правах і канфіскацыяй маёмасці. 15 — 17 чэрвеня 1949 года на розныя тэрміны зняволення былі засуджаны 17 членаў СЗНБ (яшчэ адну сяброўку СЗНБ, Веру Касмовіч, судзілі асобна).
Пакаранне адбываў у Джэзказганскім лагеры Казахстана і крытай турме ў Грозным. Вызвалены ў 1960 годзе, рэабілітаваны.
Па вызваленні Па вызваленні вярнуўся ў Гродна, дзе працаваў настаўнікам матэматыкі ў вясковай школе Грандзічаў.
Напісаў успаміны пра падзеі ў Клецку, арганізацыю, лагернае жыццё.
У 1990-я гады быў сябрам Дэмакратычнага аб’яднання ветэранаў. Сын Зміцер Кісель — удзельнік беларускага нацыянальнага руху на Гродзеншчыне ў 1990-х гадах, супрацоўнік газеты «Пагоня».
Памёр 24 жніўня 1999 года ў Гродна. Пахаваны ў Гродна на Аульсаўскіх могілках побач з жонкай Галінай Аляксандраўнай Генаш, таксама былой студэнткай Гродзенскага педагагічнага інстытута, удзельніцай Саюза змагання за незалежнасць Беларусі і палітычнай зняволенай.
Гл. таксама Зміцер Кісель Зміцер Кісель (малодшы)
Бібліяграфія Кісель, Уладзімір. Сваю маладосць мы прысвяцілі незалежнасці Беларусі // «Пагоня», 17.03.1998. Кісель, Уладзімір. Свабода, годнасць — даражэй за жыццё // Ніколі болей / Укладальнік Міхал Патрэба. Вільня, 2000. С. 78-102.
Крыніцы
Літаратура Сяргей Ёрш. Кісель Уладзімір // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Мн.: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
КІСЕЛЬ Уладзімір Адамавіч // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Члены Саюза змагання за незалежнасць Беларусі