Сын вады — прыгодніцкая аповесць Янкі Маўра, асноўныя падзеі якой адбываюцца на архіпелазе Вогненная Зямля. Галоўныя персанажы аповесці — індзейцы яганы (або фуіджыйцы), што жывуць у чоўнах і вядуць першабытны лад жыцця. Апроч унутраных канфліктаў, у фабулу аповесці ўплецена гісторыя выратавання маладым фуіджыйцам Мангам англійскай лэдзі, якая стала ахвярай караблекрушэння. Аповесць «Сын вады», самая паэтычная ў замежным цыкле Маўра, згодна з прызнаннем самога аўтара, была найбольш яму дарагая.

Сюжэт Вогнезямельцы Тайдо і Кос з жонкамі і дзецьмі (19-галовы Манг, дачка і малалетні сын у Тайдо і 14-гадовая дачка Мгу ў Коса), вядуць няхітрае жыццё прымітыўных астраўлян ХХ стагоддзя: плаваюць у чоўнах-кану з жэрдак і кары, на дне якіх раскладзены цяпельцы; харчуюцца дарамі мора; часам ажыццяўляюць вылазкі на астравы за палівам ды вялікай дзічынай — пінгвінамі, гуанака, маржамі (апошнія, дарэчы, ў паўднёвым паўшар’і не сустракаюцца — тут Маўр паўтарае геаграфічную памылку Жуля Верна). Час ад часу ў Магеланавым праліве героі аповесці бачаць гіганцкія кану белых — параходы, з якіх багатыя падарожнікі кідаюць тубыльцам усялякую экзатычную для іх ежу — хлеб, апельсіны.

Падчас палявання на маржоў адбылася сварка паміж Тайдо і Косам з аўстраўлянінам Нгара, які хацеў атрымаць упаляваны трафей — маржовую скуру. Гэтая сварка яшчэ згуляе сваю ролю. А пакуль што Кос і Тайдо знаходзяць новую стаянку, дзе ў спакойнай бухце пад вадой расце цэлы лес з водарасцей-фукусаў, багаты самай разнастайнай спажывай: крабамі, чарапашкамі, медузамі, анемонамі і іннш.. Пасядзеўшы некаторы час з бацькамі, Манг вырашыў выправіцца на ўласным кану ў падарожжа да белых людзей і з гэткім намерам паплыў на поўнач. Высадзіўшыся на невялікі востраў, юнак не заўважыў, як падступны Нгара, што вывіжоўваў яго, сцягнуў ягоны човен.

Не паспеў юнак падумаць, як зладзіць з экстрэмальнай сітуацыяй, усчалася бура, падчас якой да берага прынесла дошку з непрытомнай белай дзяўчынай. Манг выцягнуў яе з вады, адагрэў. Неўзабаве дзяўчына апрытомнела і адразу спужалася дзікуна. Але праз некаторы час зразумела, што збавіцель не збіраецца ёй сілкавацца. Наступныя тыдні пазбаўлены ўсялякіх інструментаў Манг будаваў човен і здабываў харчаванне для сваёй "Белай птушкі" (так ён ахрысціў дзяўчыну). У рэшце рэшт кану быў спушчаны на ваду і паплыў да сваіх. Калі да стаянкі заставалася ўсяго восем кіламетраў, міс Грэт (так звалі дзяўчыну) разгайдала човен і падарожнікі аказаліся на скалістай прыступцы. Тады Манг на мігі паабяцаў дзяўчыне вярнуцца, скочыў у ваду і паплыў да сваіх.

Аднак за час яго адсутнасці сем’і Тайдо і Коса выгнаў са стаянкі марскі "чорт" — жахлівы васьміног. Васьмінога спрабавалі ўлагодзіць і нават прынеслі ахвяру — андскага кондара, але гэтага "чорту" здалося мала і ён сцягнуў пад ваду малодшага брата Манга. Кану Тайдо і Коса пакінулі стаянку і яе заняў Нгара. Паміж Мангам і Нгара адбылася сутычка, падчас якой юнаку неспадзеўку дапамог гіганцкі васьміног — Нгара таксама трапіў у яго пашчу. Манг авалодаў чоўнам ворага, вярнуўся да Белай птушкі і адвёз яе да сваіх родзічаў, якіх адшукаў у пратоках архіпелага.

З’яўленне Белай птушкі выклікала ў Мангавых сваякоў боязь і рэўнасць. Яны хацелі пазбавіцца ад яе, але Манг запярэчыў, пасадзіў міс у свой човен і стаў у Магеланавым праліве ў чаканні якога-небудзь парахода. Кану белых з’явіўся на пяты дзень і падабраў міс Грэт і Манга, якому было страшна цікава — як жывуць невядомыя белыя. У знак удзячнасці англічанка ўзяла вогнезямельца ў Лондан і ўладкавала яго афіцыянтам у фанабэрысты рэстаран «Касмапаліт». Неадпаведнасць простай душы Манга капіталістычнаму атачэнню робіць яго чужаніцай у гэтым свеце. На апошняй старонцы аповесці звольнены Манг з болем узгадвае родныя — цяпер недасяжныя — пратокі, скалы, сям’ю, дзяўчыну.

Героі Манг. Сын Тайдо. 19-гадовы юнак. Заручаны з Мгу. Цікаўны і адважны. Як і ягоны бацька, мае гарачы нораў. Марыць аб уласным кану. Збудаваўшы кану, стаў марыць пра далёкія землі і знаёмства з белымі людзьмі. Тайдо. Бацька Манга. Мае жонку, 10-гадовую дачку і 6-гадовага сына (загінуў ў пашчы васьмінога). Кос. Сябар і "сусед" Тайдо. Мае жонку і 14-гадовую дачку Мгу. Спакойны і разважлівы. Нгара. Астраўлянін гадоў 25 у вопратцы з птушыных скурак. Відаць па ўсім, бессямейны. Хітры і падступны. Гіне ў пашчы васьмінога. Белая Птушка. Міс Грэт. 19 гадоў. Дачка багатага англійскага капіталіста, уладальніка чылійскіх распрацовак медзі. Па буржуазных мерках, дастаткова смелая (ва ўсялякім разе, не румза). Па вяртанні на радзіму бярэцца шлюбам з афіцэрам, з якім ад’язджае ў Індыю.

Катэгорыя:Літаратурныя творы на беларускай мове Катэгорыя:Творы Янкі Маўра