Бацькаўшчына-маці () — манументальная скульптура ў Кіеве на правым беразе Дняпра. Размешчана на тэрыторыі Музея гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне. Адкрыта ў складзе музейнага комплексу ў 1981 годзе ў Дзень Перамогі.
Праектаванне і будаўніцтва Сталёвую скульптуру такіх памераў у СССР выраблялі ўпершыню. Тэхналагічнае праектаванне і зборка ажыццяўляліся спецыялістамі Кіеўскага завода імя Парыжскай Камуны з улікам рэкамендацый, выдадзеных інстытутам электразваркі імя Патона па зварцы элементаў з нержавеючай сталі асобнымі блокамі-секцыямі вагой 25-30 тон.
Першапачаткова меркавалася пакрыць манумент сусальным золатам, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Металічны каркас быў выкананы з нержавеючай сталі, выплаўленай у Запарожжы. Сталёвую ашалёўку статуі зварылі спецыялісты Інстытута электразваркі імя Патона з лістоў памерам 50х50 см таўшчынёй 1,5 мм. Сумарная даўжыня швоў склала каля 30 км.
Над праектам статуі пачынаў працаваць вядомы ў СССР скульптар, аўтар падобнага манумента ў Валгаградзе — Яўген Вучэціч.
Першапачаткова меркавалася, што на пастаменце будзе ўзвышацца 80-метровая бронзавая з пазалотай фігура жанчыны. Ля падножжа статуі з 30-метровай вышыні павінен быў цячы ў Дняпро вадаспад, з абодвух бакоў якога воіны фарсіравалі раку. Пасля смерці Вучэціча працу ўзначаліў украінскі скульптар Васіль Барадай, пры якім кампазіцыя зведала значныя змены. Барадай распрацаваў праект, які быў рэалізаваны сумесна з Фрыдам Сагаянам і Васілём Вінайкіным, а таксама з архітэктарамі Віктарам Елізаравым, Георгіем Кіслым, Мікалаем Фешчанкам.
Комплекс адкрываў Генеральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў.
Пасля 2015 года ў рамках так званай дэкамунізацыі ва Украіне ўзнікла ідэя замяніць герб СССР на трызубец, адпаведны малому дзяржаўнаму гербу Украіны. Работы неаднаразова адкладалі праз высокі кошт і асцярогі, што дэмантаж герба парушыць устойлівасць статуі. Дзяржаўная інспекцыя архітэктуры і горадабудаўніцтва Украіны 13 ліпеня 2023 года выдала дазвол на пачатак работtass.ru. У жніўні 2023 года манумент прапаноўвалі перайменаваць ва «Украіна-маці», але прапанову не ўхвалілі.
Тэхнічныя звесткі Вышыня скульптуры (ад пастамента да вастрыя мяча) — 62 метры. Агульная вышыня з пастаментам — 102 метры. У адной руцэ статуя трымае 16-метровы меч вагой у 9 тон, у другой — шчыт памерам 13 × 8 метраў з гербам СССР (вагой у 13 тон). Усё збудаванне — суцэльназварное і важыць 450 тон. Сам каркас пачынаецца на глыбіні 17,8 метраў (ад уваходу ў музей). На гэтую глыбіню сыходзіць бетонны калодзеж дыяметрам 34 метры.
Крыніцы
Катэгорыя:Помнікі Кіева Катэгорыя:Помнікі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:З’явіліся ў 1981 годзе Катэгорыя:Каласальныя статуі