Тавары́ства з’ядна́ных славя́н — тайная рэвалюцыйная арганізацыя, створаная ў пачатку 1823 года ў горадзе Наваград-Валынскі на аснове «Таварыства сяброў прыроды» братамі афіцэрамі А. І. і П. І. Барысавымі і палітычным ссыльным Ю. К. Люблінскім.
Праграма Мяркуючы па праграмных дакументах («Катэхізіс», «Клятвеннае абяцанне»), таварыства выступала паслядоўным праціўнікам прыгоннага права (для выкупу сялян выдзялялася частка грошай з грамадскай сумы), адмоўна ставілася да саслоўнага ладу і самадзяржаўя, выступала за ўвядзенне «дэмакратычнага прадстаўнічага праўлення», было утапічным праціўнікам багацця. Дамагчыся ўмоў выканання сацыяльных рэформ таварыства збіралася шляхам узброенага паўстання з удзелам народа. Для гэтага члены таварыства праводзілі агітацыю сярод салдат, планавалі ствараць вясковыя вучылішчы, каб уплываць на палітычную актыўнасць сялян, і г.д. Галоўная мэта таварыства — аб’яднанне ўсіх славянскіх плямён і некаторых суседніх народаў (Расія, Польшча, Багемія, Маравія, Венгрыя з Трансільваніяй, Сербія, Малдавія, Валахія, Далмацыя) у адну федэратыўную рэспубліку. Меркавалася, што кожны народ будзе мець дэмакратычную канстытуцыю з улікам нацыянальных асаблівасцей.
Гісторыя Уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, службоўцы, усяго больш за 50 членаў, сярод іх І. І. Гарбачэўскі і І. І. Іваноў (сакратар таварыства). Кожны, хто ўступіў у таварыства, даваў на мячы клятву, складзеную на аснове карбанарскіх клятваў: «Для вызвалення сябе ад тыранства і для вяртання свабоды, такой каштоўнай для роду чалавечага». У верасні 1825 г. таварыства па прапанове С. І. Мураўёва-Апостала і М. П. Бястужава-Руміна аб’ядналася з Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў на аснове яго праграмы. 3 таварыства былі створаны 2 управы: адну склалі артылерысты, другую — пехацінцы. Пасрэднікамі паміж Славянскімі ўправамі і Паўднёвым таварыствам сталі Гарбачэўскі і М. М. Спірыдаў. Не менш чым 12 «славян» запісалася ў атрад царазабойцаў, які склаў Бястужаў-Румін. 26 членаў таварыства ў 1826 годзе асуджаны Вярхоўным крымінальным судом па справе дзекабрыстаў. Многія з былых членаў Таварыства з’яднаных славян прымалі ўдзел у паўстанні Чарнігаўскага палка.
Зноскі
Літаратура
Восстание декабристов: материалы. Т. 6. — М. —Л.: ГИЗ, 1929. — 406 с. Горбачевский, И. И. Записки, письма. — М.: Изд-во АН СССР, 1963. — 354 с., 3 л. ил. — (Литературные памятники). Нечкина, М. В. Движение декабристов: [в 2 т.] / АН СССР, Ин-т истории. Т. 2. — М.: Изд-во АН СССР, 1955. — 506 с. Нечкина, М. В. Общество соединенных славян. — М. —Л.: Госиздат, 1927. — 244 с. — (Центрархив. «Восстание декабристов»: исследования). Швед, В. В. Беларускія старонкі гісторыі дзекабрыстаў / БелНДІДАС; Навук. рэд. П. І. Брыгадзін. — Мн.: [Б. в.], 1998. — 131 с.: іл. — ISBN 985-6099-38-2.
Спасылкі Павлов В. Л. Общество соединённых славян: взгляд из современности // Философский полилог: Журнал Международного центра изучения русской философии. Выпуск 2 (2017).
Катэгорыя:Рух дзекабрыстаў Катэгорыя:Панславізм Катэгорыя:Звягель Катэгорыя:З’явіліся ў 1823 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1825 годзе