Польскі інстытут у Мінску () — польская культурная ўстанова з дыпламатычным статусам, якая дзейнічае пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Польшча. Адзін з 25 Польскіх інстытутаў па ўсім свеце. Рашэнне пра адкрыццё Польскага інстытута ў Мінску была прынята Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча ў лютым 1994 года.

Сфера дзейнасці

Пры інстытуце дзейнічаюць двухгадовыя курсы польскай мовы і культуры. Заняткі праводзяць выкладчыкі і прафесары беларускіх універсітэтаў, а таксама лектары з Польшчы. Моўныя курсы інстытут таксама праводзіць у сваіх філіялах у Маладзечне, Віцебску і Магілёве. Па сканчэнні курса выдаецца пасведчанне аб заканчэнні курсаў. У адпаведнасці з Агульнаеўрапейскай кампетэнцыяй валодання замежнай мовай (Common European Framework of Reference, CEFR) узровень выкладання мовы інстытутам адпавядае узроўню A2; для славянамоўных краін, якой з’яўляецца і Беларусь, — узроўню B1.

Пры інстытуце працуе бібліятэка, у якой прадстаўлена літаратура на польскай мове і перыядычныя выданні Польшчы. Працуе відыётэка фільмаў на польскай мове .

Установа займаецца папулярызацыяй дасягненняў польскай культуры, гісторыі і навукі, прэзентацыяй і аховай польскай спадчыны, наладжваннем і развіццём кантактаў, абменам вопытам і падтрымкай дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю.

Інстытут штогод рэалізуе звыш за 100 разнастайных праектаў з удзелам творцаў, навукоўцаў і экспертаў з Польшчы і Беларусі. Толькі за першыя 20 год сваёй працы Польскі інстытут у Мінску правёў больш за 2000 мерапрыемстваў ва ўсіх кутках краіны, сярод якіх: навукова-гістарычныя семінары і канферэнцыі; гістарычныя, мастацкія і фота-выставы; канцэрты класічнай, сучаснай, джазавай, фальклорнай і актуальнай музыкі; спектаклі польскіх тэатраў; паказы шэдэўраў польскага кінамастацтва; выданне перакладзеных на беларускую мову твораў польскай навуковай і мастацкай літаратуры.

З 2017 года Інстытут польскі ў Мінску арганізуе польска-беларускія чытанні, якія праводзяцца ў рамках праекта «Нацыянальнае чытанне» — польскай грамадскай акцыі па папулярызацыі ведаў польскай літаратуры. Акцыя арганізавана ў 2012 годзе Прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.

Дырэктары

Марэк Галкоўскі (1994—1996) Томаш Негодзіш (1997—2000) Цэзары Карпіньскі (2000—2006) Пётр Казакевіч (2006—2013) Уршуля Дарашэўска (2013—2015) Матэвуш Адамскі (2016—2018) Цэзары Карпіньскі (з 11 кастрычніка 2018)

Спасылкі

Катэгорыя:Вывучэнне польскай мовы Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1994 годзе Катэгорыя:Навучальныя ўстановы з польскай мовай навучання Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Мінска Катэгорыя:Палякі на Беларусі