Алаі́з Андры́цкі (; ; , Радзібор, Германія — , канцэнтрацыйны лагер Дахау) — блажэнны Каталіцкай царквы, каталіцкі святар і мучанік. Першы лужычанін, беатыфікаваны Каталіцкай царквой. Беатыфікаваны 13 чэрвеня 2011 года ў Дрэздэне.
Біяграфія Алаіз Андрыцкі нарадзіўся ў 1914 годзе ў Радзіборы, у Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, у сям’і лужыцкага настаўніка Яна Андрыцкага і яго жонкі Магдалены, народжанай Цыжэц. Быў пляменнікам каталіцкага святара Міклаўша Андрыцкага.
Пасля заканчэння школы ў Баўтцэне вырашыў прысвяціць жыццё царкве. У 1934—1937 гадах вывучаў тэалогію і філасофію ва ўніверсітэце ў Падэрборне, пасля чаго навучаўся ў духоўнай семінарыі ў Баўтцэне. Падчас вучобы ўзначальваў студэнцкае аб’яднанне лужычан «Włada» і быў галоўным рэдактарам студэнцкай газеты лужычан.
30 ліпеня 1939 года Алаіз Андрыцкі быў пасвечаны ў святары ў саборы Святога Пятра ў Баўтцэне. Пасля пасвячэння служыў у Дрэздэне. У казаннях адкрыта крытыкаваў нацыянал-сацыялістычную ідэалогію, за што зазнаваў пераслед з боку гестапа.
У 1941 годзе быў арыштаваны і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Дахау, дзе існавалі так званыя «баракі святароў». Праз іх прайшло больш за 2,5 тысячы каталіцкіх святароў, многія з якіх былі закатаваныя. Паводле ўспамінаў вязняў, якія выжылі ў канцэнтрацыйным лагеры, лагернае начальства абыходзілася з Андрыцкім з асаблівай жорсткасцю. У 1943 годзе святар быў забіты смяротнай ін’екцыяй.
Беатыфікацыя
Алаіз Андрыцкі быў беатыфікаваны 13 чэрвеня 2011 года падчас урачыстай імшы на плошчы перад кафедральным саборам у Дрэздэне. Набажэнства ўзначаліў прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі святых кардынал Анджэла Амата.
У імшы прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, у тым ліку шматлікія лужычане і міністр-прэзідэнт зямлі Саксонія Станіслаў Ціліх, лужычанін паводле нацыянальнасці і каталік паводле веравызнання. Падчас імшы Станіслаў Ціліх прачытаў малітву верных на верхнялужыцкай мове.
Біскуп Дрэздэна-Майсена Ёахім Райнельт, які саслужыў кардыналу Амаце, у сваёй пропаведзі падкрэсліў, што новы блажэнны «ў нечалавечых умовах імкнуўся суцешыць сваіх блізкіх, надаць ім мужнасць і надзею».
Падчас набажэнства на свята Пяцідзясятніцы Папа Рымскі Бенедыкт XVI назваў Андрыцкага «гераічным сведкам веры, яшчэ адным у шэрагу тых, хто аддаў жыццё ў канцлагерах за імя Хрыстова».
Літаратура
Delan, Šćěpan. 100. posmjertne narodniny zbóžneho Alojsa Andrickeho // Česko-lužický věstník. — 2014. — Roč. XXIV, č. 11—12. — S. 84—86. — ISSN 1212-0790.
Спасылкі
Alojs Andricki — Alois Andritzki
Катэгорыя:Лужычане Катэгорыя:Каталіцкія святары Германіі Катэгорыя:Каталіцкія блажэнныя Катэгорыя:Каталіцкія мучанікі Катэгорыя:Ахвяры канцэнтрацыйнага лагера Дахау