Stranded Deep () — відэагульня у жанры выжывання, створаная аўстралійскай незалежнай камандай распрацоўшчыкаў Beam Team Games, першая відэагульня кампаніі. Гульня расказвае гісторыю персанажа, які перажыў авіякатастрофу на палёце над Ціхім акіянам, і часткова пераклікаецца з культавым фільмам «Выгнаннік» () 2000 года з Томам Хэнксам у галоўнай ролі.
Геймплэй Дзеянне гульні адбываецца ў Ціхім акіяне, у моры Д’ябла. Гулец кіруе адзіным выжылым з самалёта, які пацярпеў крушэнне. Персанаж павінен самастойна шукаць рэсурсы для выжывання, даследаваць свет і пазбягаць небяспек, напрыклад нападаў акул і атрутных змей. У пачатку гульні персанаж аказваецца ў адкрытым моры сярод акул і павінен дабрацца да бяспечнага незаселенага вострава, дзе можа майстраваць прымітыўныя інструменты з камянёў і палак, шукаць ядомыя расліны, лавіць крабаў і рыбу. Свет гульні, у тым ліку астравы, рэшткі разбітых караблёў, якія знаходзяцца як на паверхні, так і пад вадой, і іншыя месцы генеруюцца працэдурным чынам.
Гульня не паказвае на экране элементаў візуальнага інтэрфейсу — інфармацыя пра стан здароўя, памер голаду і смагі прысутнічае на наручным гадзінніку персанажа, на які можна зірнуць у любы момант. Калі ў персанажа атрымаецца пражыць дастаткова доўга, ён можа пабудаваць не толькі трапічную вілу, але нават верталёт для перамяшчэння паміж астравамі. У ранніх версіях гульні стварэнне рэчаў і збудаванняў адбывалася не ў спецыяльным акне інтэрфейсу, а ў свеце гульні — дастаткова было размясціць рэсурсы на зямлі, і спецыяльны абразок паказваў, што з іх можна стварыць. Гэтая набліжаная да рэальнасці, але нязручная сістэма пазней была заменена на меню са спісамі рэсурсаў. У пазнейшых версіях гульні таксама з’явіліся навучанне і падказкі для гульца.
Крыніцы
Катэгорыя:Відэагульні, распрацаваныя ў Аўстраліі Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Гульні для Linux Катэгорыя:Гульні для macOS Катэгорыя:Відэагульні з трохмернай графікай Катэгорыя:Кааператыўныя відэагульні Катэгорыя:Відэагульні 2020 года