Касцёл Святога Андрэя Баболі — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Градаўшчына Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.

Гісторыя Да канца 1930-х гадоў мясцовых каталікоў абслугоўвала драўляная капліца ў суседнім з вёскай панскім двары Дубоўка (Дубнічкі). У 1938 годзе з вёскі Шумска (зараз Літва) быў перавезены драўляны касцёл і заліты пад яго падмурак. У 1939 годзе новазбудаваны ў цэнтры вёскі касцёл быў асвечаны пад тытулам св. Андрэя Баболі. Самастойная парафія была эрыгавана ў 1940 годзе.

Касцёл дзейнічаў у гады вайны. Афіцыйная дата асвечання храма 16 мая 1994 года.

Архітэктура Касцёл у Шумску быў 2-вежавым і 3-нававым, а ў Градаўшчыне набыў рысы стылю мадэрн і пераўтварыўся ў залавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай і 2-мя сакрыстыямі пры ёй. Перакрыты высокім 2-схільным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем і сігнатуркай над алтаром. Над галоўным фасадам узведзена 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца пад шатровым мадэрнавым дахам. Галоўны уваход пазначаны прасторным прытворам. Асабліва цікавыя адкрытыя слупавыя галерэі ўздоўж бакавых фасадаў. Інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной столлю, упрыгожваюць 3 алтары: галоўны — Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, левы бочны Маці Божай Анёльскай і правы — тытульны, св. Андрэя Баболі. Над уваходам — галерэя хораў.

Капліца ў Дубоўцы не захавалася, але збераглася фігура Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якая знаходзіцца ў касцёлеВёска Градоўшчына (Дубнічкі) .

Спасылкі Градоўшчына — парафія Св. Андрэя Баболі на Catholic.by

Катэгорыя:Градаўшчына (Астравецкі раён) Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Астравецкага раёна Катэгорыя:1939 год у Беларусі Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:Перамешчаныя будынкі і збудаванні Беларусі