Гарсія ды Орта (; каля 1501 — 1568) — партугальскі натуразнавец і вандроўнік яўрэйскага паходжання. Вызначыўся ў такіх галінах, як батаніка і фармакалогія. Лічыцца адным з заснавальнікаў трапічнай медыцыны.
Біяграфія Гарсія ды Орта нарадзіўся ў сям’і Фернана і Леаноры ды Орта, сефардаў, што былі вымушаны пераехаць з Іспаніі ў Партугалію і прыняць каталіцызм. Вывучаў медыцыну ў Іспаніі. У 1534 г. у якасці ўрача адправіўся з партугальскай экспедыцыяй у Індыю. Жыў у Гоа, Ахмеднагары, валодаў маёнткам на востраве Сальсет.
Спрыяў пераезду ў Індыю сваіх сваякоў. У 1543 г. ажаніўся са стрыечнай сястрой, меў ад гэтага шлюба 2 дачкі. У 1549 г. яго маці і родная сястра арыштоўваліся ўладамі Гоа з-за падазрэння ў патаемным вераспавяданні іўдаізму, аднак пра пераслед пры жыцці самога Гарсіі інфармацыі няма. Падчас эпідэміі халеры здзейсніў першае анатамаванне памерлага і падрабязна апісаў гэту хваробу.
Пасля смерці быў пахаваны ў Гоа на хрысціянскіх могілках. Аднак падчас следства інквізіцыі супраць няслушных хрысціян у 1580 г. быў абвінавачаны стрыечным братам у патаемным спавяданні іўдаізму. У выніку яго цела было вынята з магілы і прылюдна спалена.
Погляды Гарсія ды Орта спасылаўся на еўрапейскія і арабскія медыцынскія традыцыі, але падвяргаў іх крытыцы, аддаваў перавагу непасрэднаму вопыту, выступаў за набыццё новых ведаў падчас вандровак у іншыя краіны. Праца Гарсіі, прысвечаная выкарыстанню паўднёваазіяцкіх лекавых раслін, аказала значны ўплыў на далейшае развіццё еўрапейскай фармакалогіі.
Бібліяграфія Coloquios dos Simples e Drogas da India — Goa, 1563. — 217 старонак
Спасылкі Garcia de Orta (1501/02-68) ORTA, GARCIA D’(OR DA ORTA)
Катэгорыя:Медыкі Партугаліі Катэгорыя:Пісьменнікі Партугаліі Катэгорыя:Падарожнікі Партугаліі