Іосіф III, свецкае імя Ігнацій (? — 1534) — архіепіскап полацкі (1513/1514—1522), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсяе Русі (1523—1534).
Біяграфія Полацкі баярын, меў уладанні на Сушы, але не спадчанныя родавыя, а набытыя. Да пастрыжэння быў жанаты і меў сыноў Івана і Міхаіла, а таксама невядомую імем дачку.
З 1513/1514 года архіепіскап полацкі. Адзін з першых полацкіх архіепіскапаў, хто пад уплывам моды змясціў на ўладычай пячатцы ўласны гербавы знак. На стальцы клапаціўся пра матэрыяльны стан і правы праваслаўных.
Пасля смерці мітрапаліта кіеўскага Іосіфа II Солтана ў 1521 годзе, абраны на мітрапалічы сталец у пачатку 1522 года. У 1523 годзе з блаславення патрыярха іерусалімскага Іераміі ўзведзены ў сан мітрапаліта.
Пры ім зноў разгарэлася варожасць паміж каталікамі і праваслаўнымі, абаронцам апошніх выступаў князь Канстанцін Астрожскі.
Памёр у 1534 годзе. Летапісец называе яго невучоным і блізарукім.
Пячатка Адбітак архіепіскапскай пячаткі захаваўся на лісце ад 23 снежня 1515 года, на ёй змешчана геральдычная тарча з клейнавай выявай і надпіс у атоку «ВЛ(а)Д(ы)КА П(о)Л(о)ЦКН(й) Н В(и)Т(е)БС(кий) Н МСТ(и)СЛ(а)В(с)К(ий)».
Крыніцы
Літаратура Варонін В. Полацкія архіепіскапы першай паловы XVI ст. (біяграфічныя матэрыялы) / В. Варонін // Silva rerum nova. Штудыі ўгонар 70-годдзя Георгія Я. Галенчанкі. — Вільня, 2006. — С. 60-67.
Катэгорыя:Мітрапаліты Кіеўскія, Галіцкія і ўсяе Русі Катэгорыя:Архіепіскапы полацкія, віцебскія і мсціслаўскія