Слонімская мячэць — мячэць у горадзе Слоніме. Размешчана па вуліцы Агінскага, 10.
Гісторыя
Да 1944 года ў горадзе была мячэць, якая была спалена падчас Другой сусветнай вайны немцамі перад адступленнем. Мячэць стаяла на былой Татарскай вуліцы, зараз гэта вуліца Кірава.
У 1994 годзе была адкрыта новая мячэць у былой гаспадарчай пабудове XIX стагоддзя, якая ў савецкі час выкарыстоўвалася пад фізкультурна-аздараўленчы цэнтр. Будынак быў перададзены па загадзе старшыні беларускага парламента Станіслава Шушкевіча, пасля ліста Сулеймана Байрашэўскага, мясцовага імама.
Архітэктура Аднапавярховая пабудова накрыта высокім 3-схільным дахам. У канструкцыйным вырашэнні было выкарыстана спалучэнне цэглы і бутавага каменя. Сёння будынак пакрыты тынкоўкай. Унутраная прастора раздзелена перагародкамі на некалькі памяшканняў, аб’яднаных вакол прасторнай залы з шэрагам слупоў-апор.
Будынак з'яўляецца прыкладам архітэктуры гаспадарчых збудаванняў Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13 лістапада 2002 года), як помнік 3 катэгорыі каштоўнасці.
Імамы Сулейман Байрашэўскі.
Літаратура Караткевіч, В. Б. Гаспадарчая пабудова / В. Б. Караткевіч, А. М. Кулагін // Помнікі Слоніма / В. Б. Караткевіч, А. М. Кулагін. — Мінск, 1983. — С. 32-33.
Чыгрын, С. Мячэць на Татарскай вуліцы / Сяргей Чыгрын // Газета Слоніская. — 2011. — 16 сак. — С. 3.
Спасылкі
Катэгорыя:Мячэці Беларусі Катэгорыя:Культавыя збудаванні Слоніма Катэгорыя:1994 год у Беларусі