Епіскап Іаан (у свеце: Іван Дзмітрыевіч Пашын; , Петрыкаў, Мазырскі павет, Мінская губерня — , Ухта, СССР) — беларускі праваслаўны дзеяч, архіерэй, свяшчэннамучанік, епіскап Тураўскі (1923—1926), епіскап Рыльскі (1929—1933).
Біяграфія Беларус. Нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. Маці паходзіла са старадаўняга беларускага святарскага роду Завітневічаў. Рана страціў бацьку і выхоўваўся пад апекай дзеда, які быў настаяцелем царквы ў Скрыгалаве. У 1895 годзе на выдатна скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча, у 1901 годзе — Мінскую духоўную семінарыю.
Па заканчэнні семінарыі быў пасвечаны ў іерэя і прызначаны настаяцелем Пакроўскай царквы ў вёсцы Князь-Возера Мазырскага павета. Потым выкладаў у народным вучылішчы ў суседняй вёсцы Дзякавічы.
У 1903 годзе па ўласнай просьбе пераведзены ў мястэчка Скрыгалаў. Па яго ініцыятыве ў мястэчку збудавалі капліцу ў гонар мітрапаліта кіеўскага Макарыя, забітага на гэтым месцы крымскімі татарамі ў 1497 годзе. У ёй знаходзіліся прывезеная Іаанам з Кіева часцінка мошчаў мітрапаліта і старажытны абраз.
1 кастрычніка 1905 года стаў настаўнікам Скрыгалаўскай царкоўна-прыходскай школы, з 1906 года — Лешненскай царкоўна-прыходскай школы, з 1907 года — Скрыгалаўскага народнага вучылішча.
У 1909 годзе накіраваны ў вёску Прылепы Мінскага павета на пасаду святара Георгіеўскай царквы. Ён заснаваў у прыходзе брацтва цвярозасці, з 1909 да 1922 года вёў летапіс, які ўтрымлівае звесткі пра храм, пастырскае служэнне і жыццё прыхаджан. У 1913—1916 гадах пры яго ўдзеле ў Прылепах зубдавалі новую царкву.
У 1916—1917 гадах навучаўся ў Санкт-Пецярбургскай і Маскоўскай духоўных акадэміях.
7 красавіка 1923 года епіскап Мінскі і Тураўскі Мелхіседэк пасвяціў Іаана ў сан епіскапа Тураўскага і Мазырскага, вікарыя Мінскай епархіі. Пасяліўшыся ў Петрыкаве, ён шмат служыў і наведваў прыходы вікарыяцтва. Арыштаваны ў сакавіку 1926 года за адкрыццё царкоўна-прыходскай школы ў сваёй хаце, што разглядалася ўладамі як «агітацыя супраць савецкай улады».
Быў высланы з Петрыкава і пасяліўся ў Лоеве, адкуль працягваў кіраваць епархіяй. За гэта яго зноў арыштавалі і прысудзілі да трох гадоў ссылкі ў мястэчка Зыранскае Томскай вобласці. У жніўні 1929 года пераведзены на вольнае пасяленне ў Курскую вобласць, прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі.
Паўторна арыштаваны ў 1932 годзе і прысуджаны да 10 гадоў зняволення ў лагерах. Быў этапаваны ў Сароўскі, пасля Цёмнікаўскі, Ветлужскі, Ухта-Пячорскі лагер Комі. 2 снежня 1937 года абвінавачаны ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных» і ў 1938 годзе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1994 годзе.
Памяць
Быў праслаўлены Рускай Праваслаўнай Царквой у ліку свяшчэннамучанікаў. У 2004 годзе Святы Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў рашэнне аб далучэнні свяшчэннамучаніка Іаана да Сабора беларускіх святых. Абраз з выявай святога знаходзіцца ў гродзенскім Пакроўскім саборы.
Узнагароды Узнагароджаны набедранікам (1903), скуф’яй (1909), Бібліяй (1912) ад Святога Сінода за паспяховае кіраванне царкоўным прыходам у Прылепах. Медаль у памяць руска-японскай вайны 1904—1905 гадоў (1906). Медаль у памяць 25-годдзя царкоўных школ (1909). Медаль у памяць 300-годдзя панавання дома Раманавых (1913).
Літаратура
Катэгорыя:Памерлі ў ГУЛАГу Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў БССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя Катэгорыя:Свяшчэннамучанікі Катэгорыя:Праваслаўныя святыя Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Мінскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Епіскапы тураўскія і мазырскія