Гео́ргій, або Юрый (; свецкае імя Рыго́р Анто́навіч Ярашэ́ўскі; , в. Малая Цярноўка, Вольгапальскі павет, Падольская губерня — , Варшава) — епіскап Праваслаўнай расійскай царквы, пазней мітрапаліт Варшаўскі і Холмскі, Патрыяршы экзарх у Польшчы. Гісторык царквы, экзегет.
Біяграфія Нарадзіўся года ў сяле Малая Цярноўка Вольгапальскага павета Падольскай губерні ў сям’і святара Антонія Паўлавіча Ярашэўскага.
У 1893 годзе скончыў Падольскую духоўную семінарыю, а ў 1897 годзе — Кіеўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, дзе быў пакінуты прафесарскім стыпендыятам. У 1898 годзе быў прызначаны выкладчыкам Таўрычаскай духоўнай семінарыі. 24 сакавіка 1900 года прыняў манаскі пострыг, а 26 сакавіка быў рукапакладзены ў іераманаха. У 1901 годзе за працу «Саборнае пасланне Св. Апостала Якава» атрымаў ступень магістра багаслоўя і быў вызначаны наглядчыкам Калужскага духоўнага вучылішча. З 1902 года працаваў інспектарам Магілёўскай духоўнай семінарыі, а з 1903 года стаў рэктарам Тульскай духоўнай семінарыі ў сане архімандрыта.
1 ліпеня 1906 года быў хіратанісаны ў епіскапа Кашырскага, вікарыя Тульскай епархіі. З 1 лютага 1908 года з’яўляўся епіскапам Прылуцкім, вікарыем Палтаўскай епархіі. З 19 лістапада 1910 года займаў пасаду епіскапа Ямбургскага, вікарыя Пецярбургскай епархіі, адначасова з 22 лістапада з’яўляючыся рэктарам Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. 13 мая 1913 года быў прызначаны епіскапам Калужскім і Бароўскім. У 1915 годзе ў Калужскую губерню былі масава эвакуіраваны жыхары Мінскай, Холмскай і Валынскай губерняў са сваімі навучальнымі ўстановамі; епіскап Георгій актыўна арганізоўваў камітэт па аказанні дапамогі бежанцам духоўнага звання. З’яўляўся ганаровым членам Санкт-Пецярбургскай (1914) і Маскоўскай (1916) духоўных акадэмій.
З 6 ліпеня 1916 года ўзначальваў кафедру як епіскап Мінскі і Тураўскі. У 1917 годзе з’яўляўся старшынёй IX аддзела Перадсаборнага савета і членам Памеснага Сабора Праваслаўнай Расійскай Царквы. У 1918 годзе браў удзел ва Усеўкраінскім Праваслаўным Царкоўным Саборы. 25 красавіка 1918 года быў узведзены ў сан архіепіскапа. У 1919 годзе быў афіцыйна прызначаны Вышэйшым царкоўным кіраваннем Поўдня Расіі на Харкаўскую кафедру і кіраваў Харкаўскай епархіяй. У пачатку снежня 1919 года разам з белай Добраахвотніцкай арміяй адступіў з Харкава ў Екацярынадар. У пачатку студзеня 1920 года выехаў у Наварасійск і 16 студзеня на грузавым параходзе «Іртыш» эміграваў праз акупаваны Антантай Канстанцінопаль і Салонікі ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прыбыў у Белград у лютым 1920 года, адкуль пазней пераехаў у Італію.
Указам патрыярха Маскоўскага Ціхана ад 28 верасня (11 кастрычніка) 1921 года яму было даручана часовае кіраванне Варшаўскай епархіяй з адначасовым прызначэннем Патрыяршым экзархам у Польшчы. Ён заснаваў у Варшаве праваслаўнае багаслоўскае аддзяленне ва ўніверсітэце і сінадальную друкарню. 30 студзеня 1922 года патрыяршым указам быў узведзены ў сан мітрапаліта. Пасля абнаўленчага расколу ў Маскве мітрапаліт Георгій сабраў у Варшаве ў сярэдзіне чэрвеня 1922 года першы Сабор праваслаўных епіскапаў у Польшчы. Пад ціскам польскага ўрада ён пачаў прадпрымаць крокі, накіраваныя на аддзяленне праваслаўных епархій, якія апынуліся на тэрыторыі Польшчы, ад Маскоўскага патрыярхата.
У канцы 1922 года ў рамках абмеркавання становішча праваслаўных вернікаў у Польшчы мітрапаліт Юрый (так яго часта называлі ў заходнебеларускім друку) наведаў Віленскую беларускую гімназію, дзе звярнуўся да вучняў і настаўнікаў з вітальнымі словамі на беларускай мове. У снежні таго ж года адбылася яго сустрэча з дэлегацыяй беларускіх нацыянальных дзеячаў, у якую ўваходзілі Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі і М. Гарэцкі. Яны патрабавалі ўвядзення беларускай мовы ў праваслаўнае царкоўнае жыццё і ў мясцовую духоўную семінарыю.
У разгар царкоўнай барацьбы, 8 лютага 1923 года, мітрапаліт быў застрэлены рэктарам Валынскай духоўнай семінарыі архімандрытам Смарагдам (Латышэнкам). Быў пахаваны ў храме святога Іаана Лесвічніка (у ніжнім прыдзеле святых Іліі і Ераніма) на Вольскіх могілках у Варшаве.
Узнагароды Ордэн Святога Уладзіміра II ступені (1915); Ордэн Святога Уладзіміра III ступені (1909).
Бібліяграфія Ярошевский Г. А. Соборное послание Св. Апостола Иакова: Опыт исагогико-экзегетического исследования. — Киев, 1901. Ярошевский Г. А. Избрание епископов в древней Церкви. — Харьков, 1906. Ярошевский Г. А. Индивидуалистическое миросозерцание Леонида Андреева. — Харьков, 1909. Георгий, епископ. «Стигматизация» (Богословско-психологический очерк). — Харьков, 1905; Калуга, 1914. Георгий, епископ. Слова, поучения и речи. — Калуга, 1914. Георгий, епископ. «Демонические болезни» (Богословско-психологический очерк). — Калуга, 1914. Георгий, епископ. «Глоссолалия» (1 Кор. 14, 1-40). Богословско-психологический очерк. — Калуга, 1915.
Крыніцы
Літаратура Алексий (Громадский), архиеп. Митрополит Георгий // Воскресное Чтение. — 1933. — № 7. — С. 100—101; № 9. — С. 131—133; № 13. — С. 195—198; № 15. — С. 228—230; № 19. — С. 291—294.
Спасылкі Мітрапаліт Георгій (Ярашэўскі Рыгор Антонавіч) на сайце «Рэлігійныя дзеячы рускага замежжа»
Катэгорыя:Епіскапы мінскія Катэгорыя:Епіскапы Рускай праваслаўнай царквы Катэгорыя:Украінскія праваслаўныя епіскапы Катэгорыя:Епіскапы Варшаўска-Бельскай епархіі Катэгорыя:Епіскапы калужскія Катэгорыя:Епіскапы харкаўскія Катэгорыя:Мітрапаліты Рускай праваслаўнай царквы Катэгорыя:Праваслаўе ў Польшчы Катэгорыя:Выпускнікі Падольскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Выпускнікі Кіеўскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Выкладчыкі Таўрычаскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Рэктары Тульскай духоўнай семінарыі Катэгорыя:Рэктары Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Удзельнікі Памеснага сабора Праваслаўнай расійскай царквы (1917—1918) Катэгорыя:Забітыя ў Польшчы Катэгорыя:Нарадзіліся 30 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1872 годзе Катэгорыя:Памерлі 8 лютага Катэгорыя:Памерлі ў 1923 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Варшаве