Свята-Стэфанаўская царква — колішні драўляны праваслаўны храм у горадзе Слуцку Мінскай вобласці.
Гісторыя
Дакладны час з’яўлення царквы святога першапакутніка архідыякана Стэфана невядомы. У дакументах звесткі пра яе сустракаюцца з другой паловы XVII стагоддзя, адна з найранейшых згадак датавана 1657 годам. У 1661 годзе яна згадваецца як збяднелая і перададзеная пад апеку Спаскага брацтва. Пры царкве ў тыя часы меўся шпіталь для ўтрымання хворых і ўбогіх, які захоўваўся і пазней.
Размяшчаўся царкоўны пляц у прадмесці Трайчаны, па правым боку Трайчанскай вуліцы перад Трайчанскім ручаём. На плане Слуцка канца XVIII стагоддзя царква паказана алтарнай часткай да вуліцы (на паўднёвы ўсход), правей ад яе знаходзілася квадратная ў плане званіца.
У пачатку XIX стагоддзя царква свайго прыхода ўжо не мела. Калі наладзілася дзейнасць заснаванай пры Троіцкім манастыры духоўнай семінарыі, была пераведзена ў падпарадкаванне гэтай навучальнай установе. У якасці семінарскай дзейнічала да 1840 года.
Пасля таго, як духоўную семінарыю са Слуцка перавялі ў Мінск, царкву перанеслі далей ад горада, за манастыр, на Трайчанскія могілкі. З гэтага часу Стэфанаўская царква вядома як могілкавая трайчанская, прыпісаная да гарадской Уваскрэсенскай царквы.
У 1932 годзе Стэфанаўская царква была закрыта, яе пачалі разбураць. У паўразбураным стане заставалася да пачатку 1950-х гадоў, потым яе разабралі.
Абраз «Узнясенне»
Ікона Узнясення Хрыстова са Стэфанаўскай царквы да вайны знаходзілася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску. Была вывезена з тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусветнай вайны. Пасля вайны перададзена на захаванне ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У 1954 годзе перададзена ў Дзяржаўны мастацкі музей БССР.
Літаратура Памяць. Слуцкі раён, Слуцк. Кн.1, Мн. 2000.
Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Слуцка Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Мінскай вобласці Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Слуцка Катэгорыя:Зніклі ў 1950-я гады Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў XVII стагоддзі