Іван Аляксандравіч Солтан (не раней за 1508 — паміж 8 мая 1572 і 20 верасня 1577) — дзяржаўца ляхавіцкі (1561—1567), дзяржаўца астрынскі (1566—1577), маршалак гаспадарскі (1572—1577).

Біяграфія З магнацкага роду Солтанаў, унук пана Солтана Аляксандравіча, сын пана Аляксандра Солтанавіча і кн. Фядоры Глазынінай. Упершыню згадваецца пад 1541 годам, калі з бацькам браў удзел у судовым працэсе з ЕсьманамML 43. У 1549 годзе згадваецца як дзяк падскарбія земскага і маршалка надворнага Івана Гарнастая, свайго сваяка.

У 1561 годзе, 8 мая, за пазыку 3000 коп грошаў атрымаў ад караля Жыгімонта Аўгуста з яго ўласных уладанняў у дзяржаву Ляхавіцкую воласць з «дварамі» Ляхавічы, Старыя Ляхавічы і ЖарабковічыЧтения в Императорском Обществе Истории и Древностей Российских при Московском Университете. Выпуск 2. — Москва, 1901. — С. 624.Акты Виленской археографической комиссии: Том XXII. Акты Слонимского земского суда. — Вильна, 1895. — 535 с.. З Ляхавіцкай дзяржавы ў 1565 годзе ставіў да службы земскай 8 «коней» па казацку. Да чэрвеня 1566 года гаспадар вырашыў перадаць Ляхавіцкую дзяржаву за службу Уладзіміру Забалоцкаму. Пасланы ўвязаць новага дзяржаўцу дваранін гаспадарскі Сіла Скробат, па словах пана Солтана, прыўлашчыў маёмасць з клецяў Ляхавіцкага замка, што было абскаржана ў судзе. Пан Солтан атрымаў 1 чэрвеня 1566 года на замену Ляхавічаў у дзяржанне Астрыну, але Забалоцкі фактычна атрымаў Ляхавічы толькі ў студзені 1567 года.

На Попіс пад Радашковічамі 15 кастрычніка 1567 года ставіў почат з 36 «коней» і 18 драбаў з маёнткаў Воўчын ў Берасцейскім, Жыровічы ў Слонімскім, Нясвіж у Новагародскім, Дубічы ў Лідскім, Шэшкіне ў Віленскім паветах. Таксама валодаў Вербай з Магільнам і іншымі прыселкамі ва Уладзімірскім павеце.

Атрымаў 20 мая 1572 года ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ўрад маршалка гаспадарскага. Запісаў у 1572 годзе Жыровічы з правам продажу царквы жонцы Марыне з Саламярэцкіх.

Памёр да 20 верасня 1577 года.

Сям’я Пра першую жонку нічога пэўна не вядома, у шлюбе з ёю меў прынамсі двух сыноў — Дзмітрыя і Лукаша. Пасля 1545 года ўзяў другі шлюб з княжной Марынай з Саламярэцкіх, удавой па Уладзіміры Гальшанскім-Дубровіцкім, спраўцы Кіеўскага ваяводства, у гэтым шлюбе меў сыноў Давіда, Яраслава, Івана і Аляксандра.

Крыніцы

Літаратура

Іван Аляксандравіч Катэгорыя:Маршалкі гаспадарскія Катэгорыя:Дзяржаўцы ляхавіцкія Катэгорыя:Старосты астрынскія Катэгорыя:Памерлі ў 1570-я гады