Рэгіна Іосіфаўна Тышкевіч (20 кастрычніка 1929, Мінск, БССР, СССР — 17 лістапада 2019 годаНекролог) — беларускі матэматык, спецыяліст па тэорыі графаў. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар.
Біяграфія Рэгіна Іосіфаўна Тышкевіч нарадзілася 20 кастрычніка 1929 года ў Мінску. У дзяцінстве яна пераехала да цёткі ў Вілейку, маці ж у гэты час засталася жыць і працаваць у Іжэўску, куды пасля доўгіх перыпетый яны трапілі падчас эвакуацыі. У 1947 годзе скончыла сярэднюю школу ў г. Вілейцы Маладзечанскай вобласці, БССР. Пасля ўдалай здачы экзаменаў яна паступіла на фізіка-матэматычны факультэт БДУ, які скончыла ў 1952 годзе. У гэтым жа годзе Рэгіна Іосіфаўна паступіла ў аспірантуру, скончыўшы якую, яна пачала выкладаць на родным факультэце. У 1959 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю. У 1984 годзе ў Інстытуце кібернетыкі імя В. М. Глушкова АН УССР (Кіеў) абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Алгебраічныя метады тэорыі графаў» — дадзеная доктарская дысертацыя была першай у Савецкім Саюзе па тэорыі графаў. У 1986 годзе ёй прысвоена навуковае званне прафесара.
Навукова-педагагічная дзейнасць Рэгіна Іосіфаўна вяла актыўную навукова-даследчую дзейнасць. Яна з’яўлялася заснавальнікам і кіраўніком беларускай навуковай школы тэорыі графаў, якая атрымала сусветнае прызнанне. Увяла адзіны наватарскі курс алгебры і геаметрыі, які раней не выкладалася ні ў адным з ВНУ СССР (замест асобных курсаў алгебры і геаметрыі ёю сумесна з А. С. Фядзенкам ўпершыню ў СССР быў прачытаны адзіны курс гэтых дысцыплін). Аўтар і ініцыятар выкладання на факультэце курсу «Уводзіны ў матэматыку», які да гэтага не ўваходзіў у навучальныя планы ўніверсітэтаў СССР. Яна — адзін з аўтараў калектыўнай працы «Лекцыі па тэорыі графаў» — першага падручніка па тэорыі графаў не толькі ў СССР, але і за яго межамі. «Лекцыі па тэорыі графаў» разам са спадарожным задачнікам перакладзены на англійскую мову і выдадзены за мяжой.
Падрыхтавала 17 кандыдатаў і 1 доктара фізіка-матэматычных навук, якія працуюць ва ўніверсітэтах Беларусі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, В’етнама і Гвінеі. Акрамя таго, яна ўваходзіла ў савет па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі (АІПІ) і Інстытута матэматыкі НАН Беларусі па спецыяльнасці 01.01.09 «Дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібернетыка», а таксама з’яўлялася членам Навуковага савета па дзяржаўнай праграме фундаментальных даследаванняў.
Узнагароды Ганаровая грамата Міністэрства вышэйшай і сярэдняй адукацыі БССР «За шматгадовую плённую навукова-метадычную дзейнасць» (1979); Медаль «Ветэран працы» (1985); Ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь» (1992); Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (1998, у сааўтарстве) — за працу «Вучэбны дапаможнік „Лекцыі па тэорыі графаў“ для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў»; Медаль Францыска Скарыны (2009).
Публікацыі Аўтар звыш 100 навуковых і навукова-метадычных прац, у тым ліку 14 падручнікаў і манаграфій, тры з якіх перакладзены на англійскую мову і выдадзены за мяжой.
Некаторыя працы:
L(2, 1) размалёўка і гамільтанава папаўненне Алгебраічная тэорыя дэкампазіцыі графаў: з гісторыі, апошнія дасягненні, перспектывы Тэорыя графаў. Тыпавая вучэбная праграма. ГД №G-165/тып Алгебра і аналітычная геаметрыя, частка 1 Алгебра і аналітычная геаметрыя: у 2-х частках, частка 2
Катэгорыя:Матэматыкі Беларусі Катэгорыя:Дактары фізіка-матэматычных навук