«Нафтака́мскі аўтазаво́д» — дзяржаўнае аўтамабілебудаўнічае прадпрыемства Расіі, заснаванае ў кастрычніку 1977 года ў Нефцякамску (цяпер Башкартастан).

На 2020 год быў найбольшым вытворцам надбудоваў на шасі «КамАЗ». Выпускаў вахтавыя і пасажырскія аўтобусы, тралейбусы і электробусы, бартавыя паўпрычэпы і прычэпы, наліўныя і сенаўборачныя самаходы, а таксама запчасткі да іх. На 2019 год вытворчая магутнасць прадпрыемства складала 21 000 самазвальных установак, 3000 прычэпаў і 250 паўпрычэпаў, 2500 наліўных ёмістасцей, па 1500 грузавых прычэпаў і паўпрычэпаў, 1500 аўтобусаў і 800 вахтавых самаходаў за год. На 2020 год абслуговая сетка налічвала 134 рамонтныя майстэрні ў 60 абласцях і аўтаноміях Расіі.

Вырабы На 2020 год ПАТ «Нефцякамскі аўтазавод» вырабляла: гарадскія, дзіцячыя, міжгароднія перонныя аўтобусы «НефАЗ» на дызельным паліве і сціснутым прыродным газе змяшчальнасцю ад 36 да 111 чалавек; гарадскія і прадмесцевыя мікрааўтобусы «Бравіс» змяшчальнасцю ад 42 да 50 чалавек; тралейбус «КамАЗ-62825» і электробус «КамАЗ-6282» на 85 чалавек; аўтацыстэрны «КамАЗ» ёмістасцю ад 5600 да 16 000 літраў для вады, малака і нафтапрадуктаў; бартавыя паўпрычэпы «НефАЗ» ад 2 да 3 восяў і памерам кузава ад 11 да 43,5 кубаметраў; вахтавыя аўтобусы «КамАЗ» змяшчальнасцю ад 2 да 30 чалавек; пажарную аўтацыстэрну «КамАЗ-43502» на 6 пажарнікаў, 3 кубаметры вады і 200 літраў пены; паўпрычэпы «НефАЗ» ад 2 да 4 восяў падымальнасцю ад 14 да 40 тон і памерам кузава ад 18 да 91 кубаметру; паўпрычэпы-цыстэрны «НефАЗ» ад 2 да 3 восяў ёмістасцю ад 16 600 да 40 000 літраў для бітума, нафты і светлых нафтапрадуктаў; прычэпы-цыстэрны «НефАЗ» ад 8000 да 11 200 літраў для вады і нафтапрадуктаў; самазвалы «Бел», «КамАЗ» і «Мерседэс-Бенц» з памерам платформы ад 6 да 30 кубаметраў; самазвальныя паўпрычэпы «НефАЗ» ад 2 да 3 восяў і памерам платформы ад 18 да 30 кубаметраў; самазвальныя прычэпы «НефАЗ» ад 2 да 3 восяў і памерам платформы ад 7,8 да 33 кубаметраў; сельскагаспадарчыя аўтацягнікі «КамАЗ» падымальнасцю ад 18 да 25 тон з памерам надбудовы ад 30 да 67 кубаметраў, а таксама варашылкі, касілкі, трактарныя прычэпы і збожжавозы «НефАЗ».

Гісторыя

25 снежня 1970 года Дзяржаўны камітэт па справах будаўніцтва СССР выдаў Загад № 65 «Аб стварэнні завода па вытворчасці аўтасамазвалаў і лябёдак» у Нефцякамску (Башкірская АССР). 8 студзеня 1971 года міністр аўтамабільнай прамысловасці СССР зацвердзіў Загад № 4 пра ўзвядзенне завода, якое пачалося 13 ліпеня 1972 года. 15 красавіка 1977 года на Нефцякамскім заводзе аўтасамазвалаў сабралі 1-ы 10-тонны самазвал «КамАЗ-5511». 11 кастрычніка 1977 года запусцілі галоўны канвеер для серыйнага вырабу 10 000 самазвалаў за год. У 1981 годзе адчынілі 1-ю чаргу вытворчасці вахтавых аўтобусаў магутнасці 3000 аўтобусаў за год. 19 мая 1982 года выпусцілі 100-тысячны самазвал «КамАЗ-5511». У 1985 годзе пачалі выпускаць аўтацыстэрну на 16 300 літраў нафтапрадуктаў, легкавы прычэп «Пчолка» на 300 кг і лябёдкі самавыцягвання да аўтамабіля «КамАЗ-4310». 12 лютага 1993 года прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства «Нефцякамскі аўтазавод». 6 снежня 2000 года выпусцілі 1-ы гарадскі аўтобус «НефАЗ-5299». У кастрычніку 2002 года здалі 2-ю чаргу аўтобуснай вытворчасці з нямецкім лакафарбавым абсталяваннем. У студзені 2007 года пачалі збіраць нідэрландскія аўтобусы «Ван дэр Легтэ» («ВДЛ»; Валкенсвард, правінцыя Паўночны Брабант). 28 жніўня 2012 года выпусцілі электробус «НефАЗ-52992» з зарадам на 200 км ходу. У студзені 2013 года пачалі зборку бразільскіх аўтобусаў «Бравіс» на 25 месцаў сумесна з «Маркаполья» (Кашыяс-ду-Сул, штат Рыу-Гранды-ду-Сул). У 2015 годзе сталі выпускаць шарнірна-сучленены самазвал «Бел». У ліпені 2016 года акцыянернае таварыства «НефАЗ» стала публічным. 27 снежня 2016 года на заводзе сталі выпускаць шасі «КамАЗ». У 2017 годзе асвоілі выпуск тралейбусаў, маразільных паўпрычэпаў і трактарных прычэпаў. У 2018 годзе «НефАЗ» выпусціў 4629 самазвальных установак, што склала 83 % установак на шасі «КамАЗ» і 39 % прададзеных у Расіі. Таксама вырабілі 802 гарадскія аўтобусы (20 % расійскага рынку) і 262 надбыдовы для вахтавых і гарадскіх аўтобусаў (26 %), 136 аўтацыстэрнаў (9 %) і 2419 прычэпаў (8 %).

Спасылкі

Катэгорыя:1977 год у Расіі Катэгорыя:КамАЗ Катэгорыя:Аўтамабілебудаўнічыя кампаніі Расіі Катэгорыя:Нефцякамск Катэгорыя:Вытворцы аўтобусаў