Ян Ксаверый Канеўскі (, ; 1805 — 13 красавіка 1867, Варшава) — польскі мастак, вядомы сваімі партрэтамі і карцінамі гістарычнай і біблейскай тэматыкі.

Жыццёрыс Ян Ксаверый Канеўскі нарадзіўся ў Красілаве на Падоллі. Навучаўся ў ліцэі ў Крамянцы, дзе пачаў вучыцца жывапісу і малюнку ў Юзафа Пітшмана. У 1827—1833 вучыўся ў Імператарскай акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу.

Скончыўшы акадэмію «вольным мастаком», ён накіраваўся ў Рым паводле ўрадавага гранта. У Рыме ён стаў вядомым дзякуючы створанаму партрэту папы Грыгорыя XVI, за які ён быў узнагароджаны Ордэнам залатой шпоры і быў прыняты ў члены Accademia Virtuosi рымскага Пантэона. Тут ён стварыў таксама партрэт Гаэтана Мароні.

У 1842 годзе вярнуўся ў Санкт-Пецярбург. За парадную карціну «Партрэт фельдмаршала Івана Паскевіча» ў 1845 атрымаў званне акадэміка жывапісу. У 1846 пераехаў у Варшаву, дзе па смерці Аляксандра Какуляра заняў яго пасаду ў школе прыгожых мастацтваў, пасля быў яе дырэктарам (1858—1864). У 1860 стаў адным з арганізатараў Таварыства заахвочвання прыгожых мастацтваў ().

Па закрыцці ў 1864 годзе школы прыгожых мастацтваў у выніку палітычных рэпрэсій Канеўскі працягваў даваць мастацкія ўрокі.

Стварыў мноства партрэтаў членаў расійскай імператарскай сям’і, у тым ліку Аляксандра II, і чыноўнікаў Кангрэсавай Польшчы.

Літаратура Dizionario di erudizione storico-ecclesiastica, Vol. LXXXIII, p. 67 (n.d.)

Спасылкі

Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Мастакі Расійскай імперыі Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Польшчы Катэгорыя:Мастакі-партрэтысты Расійскай імперыі