Будынак Белтэлекама — будынак у цэнтры Мінска, размешчаны на Кастрычніцкай плошчы, па адрасе вул. Энгельса, 6. Будынак з’яўляецца творам савецкай архітэктуры з выкарыстаннем форм класіцызму. У будынку размяшчаецца «Белтэлекам».

Пабудаваны ў 1962 годзе як будынак цэнтральнага тэлеграфа (архітэктары У. Кароль, А. Духан). Арачнымі праездамі злучаны з будынкам Мінскага аблвыканкама і жылым домам на рагу з пр. Незалежнасці, разам з якімі фарміруе забудову паўднёва-заходняга боку Кастрычніцкай плошчы.

Архітэктура

Прамавугольны ў плане чатырохпавярховы аб’ём. Галоўны фасад апрацаваны светла-шэрай тынкоўкай, яго плоскасць рытмічна расчлянёна на ўзроўні трох паверхаў прамавугольнымі вокнамі, аб’яднанымі па вертыкалі агульнымі лучковымі нішамі, буйнымі руставанымі пілястрамі, капітэлі якіх дэкарыраваны паясамі профіляў, іонік, спляценнямі аканта. Сіметрыя фасада адзначана арачнымі абрамленнямі галоўнага і бакавых уваходаў з паўкруглымі люкарнамі над імі. У завершы будынка буйны карніз на акантавых дэнтыкулах. 1-ы паверх з арачнымі вокнамі ў прафіляваных ліштвах вылучаны поясам сухарыкаў. Строеныя вокны верхніх паверхаў расчлянёны канеліраванымі слупамі, дэкарыраваны падаконнымі філёнгамі. 4-ы паверх плоскасны з арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі ў завершы паўкруглымі франтончыкамі з разеткамі ў цэнтры і акантавымі завіткамі па баках (над цэнтральным праёмам трохвугольны франтон).

На 1-м паверсе будынка размяшчаліся аперацыйныя залы тэлеграфа. Верхнія паверхі калідорнай планіроўкі, адведзены пад адміністрацыйную і тэхнічную службы. У аздобе інтэр’ераў выкарыстана дэкаратыўная таніраваная тынкоўка.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:1962 год у Мінску Катэгорыя:Кастрычніцкая плошча (Мінск) Катэгорыя:Вуліца Энгельса (Мінск) Катэгорыя:Збудаванні Мінска ў стылі савецкага класіцызму Катэгорыя:Белтэлекам Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Уладзіміра Караля Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Абрама Духана