Дом Маховера — будынак у Шклоўскім пасадзе Магілёва, размешчаны на рагу вуліцы Ленінскай (№ 24) і Пажарнага завулка (№ 15).

Гісторыя

Двухпавярховы цагляны будынак на невысокім цокалі пабудаваны меркавана ў 1840—1850-я гады. Домам валодала сям’я Маховераў. У пачатку XX стагоддзя акрамя жылых кватэр у ім знаходзілася галантарэйная крама Г. Тыркельтаўба, кнігарня Ш. Шаіна, у частцы, якая выходзіла на Вялікую Садовую вуліцу (Ленінскую) — бакалейная крама Б. Гурэвіча «Варшаўскі яўрэйскі каўбасны гандаль», аддзяленне Санкт-Пецярбургскага страхавога таварыства «Надзея», друкарня Шнейдэра, у цокальных памяшканнях размяшчаліся розныя майстэрні.

У час Вялікай Айчыннай вайны быў разбураны снарадам, які патрапіў у яго. Большая частка, якая выходзіла на Ленінскую вуліцу, знесена і не аднаўлялася. Захавалася крыло якое выходзіла на Пажарны завулак № 15.

Цяпер у будынку размяшчаецца казіно Maxbet.

У 2023-2024 на будынку былі праведзеныя рамонтныя работы, пасля чаго выгляд фасада наблізіўся да гістарычнага: была вернута першапачатковая колеравая гама афарбоўкі, адноўленыя ваконныя і дзвярныя запаўненні, над уваходам усталяваны характэрны каваны навес.

Спасылкі

Катэгорыя:XIX стагоддзе ў Магілёве Катэгорыя:Пажарны завулак (Магілёў) Катэгорыя:Ленінская вуліца (Магілёў) Катэгорыя:Славутасці Магілёва Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва