Помнік шахцёрам-першапраходцам — помнік у Салігорску, размешчаны на вул. Казлова, каля гасцініцы «Новае Палессе».

У 1949 годзе па поўнач ад г. п. Старобін беларускія геолагі выявілі адно з буйнейшых у Еўропе, 2-е па велічыні ў СССР радовішча калійных солей. Пласты, прыгодныя для прамысловай здабычы надземным спосабам (магутнасць 2,3—6,5 м), залягаюць па глыбіні 350—900 м. На базе радовішча пабудаваны 4 калійныя камбінаты, якія ўваходзяць у вытворчае аб’яднанне «Беларуськалій» і даюць 45 % агульнасаюзнай вытворчасці калійных угнаенняў.

У 1978 годзе ў гонар салігорскіх шахцёраў — піянераў горнаруднай прамысловасці Беларусі — узведзены 5-метровы помнік з бетону працы скульптара Г. Буралкіна. На шырокім пастаменце перад глыбамі (імітуюць сільвініт) са слядамі разцоў горнага камбайна ўстаноўлена скульптура маладога шахцёра, абліцаваная меддзю. У гордай паставе фігуры і ў жэсце напрацаваных рук перададзена пачуццё годнасці гаспадара зямных нетраў. Дынамічнаму руху фігуры, яе абагульненаму ўвасабленню адпавядае чаканная пластыка. Выразнасць кампазіцыйнага вырашэння, яснасць і дакладнасць мастацкай характарыстыкі надаюць вобразу манументальнасць.

Літаратура

Катэгорыя:1978 год у Беларусі Катэгорыя:Помнікі Салігорска Катэгорыя:Вуліца Казлова (Салігорск) Катэгорыя:Творы Генадзя Буралкіна