Вадзяны перац, лягушыная трава, драсён перцавы (Persicaria hydropiper) — аднагадовая травяністая расліна з роду драсён сямейства драсёнавых. Народныя назвы вадзяная гарчыца, дрост, гарчак бабскі.

Апісанне Расліна вышынёй 30-60 см, з паўзучым карэнішчам, едкая, пякуча-горкая на смак. Сцяблы прамастойныя, вузлаватыя, з раструбамі, часта чырванаватыя. Лісце падоўжана-ланцэтнае, з залозістымі кропкамі, звеху голае, знізу слабаапушанае, верхняее сядзячае, ніжняе чаранковае. Кветкі дробныя, зеленавата- або белавата-ружовыя, у вузкіх перарывістых паніклых коласападобных гронках. Плод — трохгранны матавы арэшак.

Пашырэнне Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. На Беларусі — усюды. Расце на багністых берагах рэк, азёр, сажалак, на вільготных лугах, у чорнаальховых лясах. Цвіце ў чэрвені-верасні.

Выкарыстанне Старажытная лекавая расліна, вядома як кроваспыняльны, вяжучы, абязбольвальны, заспакаяльны, процізапаленчы і антысептычны сродак. Выкарыстоўваюць сцяблы, лісце, кветкі. Добры фарбавальнік. Ядавіты.

Літаратура

Катэгорыя:Драсёнавыя Катэгорыя:Лекавыя расліны Катэгорыя:Травы Катэгорыя:Расліны, апісаныя ў 1800 годзе