Пі́нска-Валы́нскі до́браахво́тны батальён () — адно з некалькіх белагвардзейскіх расійскіх вайсковых падраздзяленняў, сфармаваных у Беларусі. У польскім войску спачатку меў назву «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту», пазней «Пінскі добраахвотны батальён». Батальён удзельнічаў у захопе Пінска польскімі войскамі і ў абароне Крыма.

Фарміраванне

Пінск быў захоплены Германіяй у кастрычніку 1918 года, адначасова пры гэтым Пінск уваходзіў у склад Украінскай Народнай Рэспублікі і Беларускай Народнай Рэспублікі. З’яўленне тут невялікага (каля 150 чалавек) афіцэрскага атрада, імаверней за ўсё, было рэакцыяй на антыгетманаўскі пераварот, які адбыўся ва Украіне ў лістападзе 1918 года. Аднак, збольшага лічыцца датай сфармавання батальёна кастрычнік 1918 года. Атрад быў сфармаваны і ўзначалены ўраджэнцам Століншчыны капітанам Антонам Бахенскім, энергічным афіцэрам. Пінскі атрад, злучыўшыся з Мазырскім, паспяхова абараняўся ад пятлюраўцаў увесь снежань1918 года.

Шлях батальёна

У Войску Польскім

У студзені 1919 года нямецкія жаўнеры сышлі з горада. 23 студзеня палескія добраахвотнікі далі бой палескім паўстанцам і бальшавікам каля чыгуначнай станцыі Пінск, аднак з-за няроўнасці сілаў яны адступілі на захад ад горада ўздоўж чыгуначнай лініі і хутка сустрэліся з перадавымі часткамі Войска Польскага. Рэакцыя палякаў на жаўнераў спачатку была насцярожанай, але затым прыкладна 10-12 лютага 1919 года ў Кобрыне атрад афіцыйна ўвайшоў у склад польскай арміі. Магчыма, згуляла сваю ролю і тое, што камандовец польскай аператыўнай суполкі «Падляшша» генерал Антоній Лістоўскі раней быў генералам Рускай арміі. Пры ўваходзе ў склад польскага войска атрад захаваў свой камандны склад, расійскую форму і запасы зброі (тысячу стрэльбаў, 8 кулямётаў ды 3 мінамёты), прычым частцы было дадзенае імя «Батальён Беларуска-Літоўскага фронту». Адначасна сустракаліся і болей простыя назвы кшталту «Рускі легіён», «Руская афіцэрская дружына». Апошні назоў звязаны з тым, што на той момант з 200 чыноў батальёна на той момант абсалютная бальшыня мела менавіта афіцэрскія годнасці.

Аператыўная суполка «Падляшша» на той момант складалася з 6 батальёнаў, 5 конных эскадронаў і партызанскага атрада. Менавіта Батальён Беларуска-Літоўскага фронту стаў ударнай сілаю ў далейшым наступленні. 19 лютага 1919 года батальён выбіў з Антопаля бальшавікоў, а ўжо 5-7 сакавіка штурмаваў Пінск, у які першым і ўвайшоў 17 сакавіка.

Спроба скасавання Падчас удачнага наступлення лёс батальёна ўпершыню быў под пагрозай расфармавання. Нявольна спрычынілася да гэтага руская варшаўская газета «Варшавская речь», якая размясціла шэраг аб’яў з заклікамі ўступаць у «рускія партызанскія атрады». 27 лютага 1919 года вядомы польскі палітык Мячыслаў Недзялкоўскі даў рэзкі адказ гэтаму, заявіўшы, што «баявое брацтва» рускіх і палякаў не толькі непатрэбнае, але і шкоднае. На гэтым фоне 4 сакавіка быў падрыхтаваны прыказ пра расфармаванне батальёна. Аднак Антоній Лістоўскі быў зацікаўлены ў наяўнасці на фронце стойкай і баяздольнай часткі таму, каб зберагчы яе, ён проста перайменаваў батальён у «Пінскі добраахвотны батальён». Такім чынам, змяніўшы шчыра «рускую» вывеску, частка захавалася і пастаянна папаўнялася людзьмі — так, на 19 ліпеня 1919 года батальён налічваў ужо 755 штыкоў, прытым што ўсяго пад камандаваннем Лістоўскага на той момант было каля 4200 чалавек. Эмігранцкі часопіс «Двуглавый орёл» пра заслугі Пінскага батальёна пісаў:Цягам шмат якіх месяцаў гэтыя людзі змагаліся з бальшавікамі пад найвышэйшым польскім камандаваннем, з польскім аднагаловым арлом над рускай цэшкай; батальён прымаў удзел ва ўсіх найболей цяжкіх баях і праявіў вялікую мужнасць.

Лаяльнасць батальёна Аднак лаяльнасць афіцэраў батальёна польскаму камандаванню не была вялікай. Значная іхняя колькасць успрымала сваю службу ў Войску Польскім як часовы захад і чакала любой магчымасці, каб далучыцца да асноўных расійскіх войскаў. Польскі аўтар зафіксаваў выпадак, калі афіцэры Пінскага батальёна, з запалам слухаючы навіны пра летняе наступленне Добраахвотнай арміі ва Украіне, пачалі зрываць з фуражак польскіх «белых арлоў», або расійскіх імперскіх арлоў. Тады ж польская контрразведка з трывогаю паведамляла пра наяўнасць у шэрагах батальёна «каля 15 выведнікаў», якія аналізавалі сітуацыю на фронце «ў духу, варожым нашай дзяржаўнасці», хаця ў батальёне ваявалі не толькі афіцэры рускай, беларускай і ўкраінскай нацыянальнасці, але і польскай.

Расфармаванне 12 ліпеня 1919 года Палеская суполка войск генерала Антонія Лістоўскага была ператвораная ў 9-ю дывізію, а ў хуткім часе камандаванне над ёю прыняў палкоўнік Уладзіслаў Сікорскі, які ў адрозненне ад Лістоўскага, не адчуваў ніякіх настальгічных сімпатый да расіян. Ужо 17 жніўня Сікорскі рапартаваў пра тое, што Пінскі батальён «небяспечны» і прыняў рашэнне пра яго расфармаванне. Менавіта падчас гэтага ў крыніцах з’яўляецца найболей распаўсюджанае найменне часці — Пінска-Валынскі батальён. На практыцы атрымалася, што частку не толькі расфармавалі, але і фактычна інтэрнавалі. Восенню раззброеныя «пінчукі» пад польскім канвоем адправіліся ў лагер Павонзкі тады яшчэ каля Варшавы, адкуль у лістападзе былі пераведзеныя ў лагер Седльцы. У лагеры было грубае і абыякавае стаўленне ахоўнікаў, актыўная праца вярбоўшчыкаў, якія прапанавалі ўступаць у Войска Польскае, беспакараныя дзеянні бальшавіцкіх агентаў. Акрамя раззбраення батальён таксама пазбавіўся пагонаў з формы, а з фуражак — цэшак.

Перад Паўднёвай Расіяй

У лістападзе 1919 года Пінска-Валынскі добраахвотніцкі батальён прыбыў у Херсоне для наступнай перадыслакацыі ў Крым у складзе УСПР. Тым часам у Херсоне знаходзіліся таксама прадстаўнікі Беларуская вайсковая камісія.

У Паўднёвай Расіі У снежні 1919 года галава Часовага краёвага ўрада Аляксандр Бахановіч пісаў у сваім дакладзе міністру замежных спраў Усерасійскага ўрада Калчака Сяргею Сазонаву:Нам павінна быць дазволенае формаванне рускай добраахвотнай арміі ў межах краю, і за кадр фармаванняў павінны быць узяты Пінска-Валынскі Добраахвотны Рускі батальён, які знаходзіцца сёння ў складзе Польскай арміі пад камандаваннем польскага генерала Лістоўскага. Узяўшы за кадр наш родны і намі створаны батальён, мы ў хуткім часе зможам стварыць ваярскі атрад, варты нашага краю, які будзе лічыць за гонар прыняць удзел у агульнай працы па стварэнні нашай вялікай Расіі.У снежні 1919 года пачалася паступовая пераброска афіцэраў батальёна ў Крым; першы транспарт, паводле сведчання мемуарыста, кінуў якар у Еўпаторыі 6 студзеня 1920 года:У Джанкое генерал Слашчоў зладзіў агляд нашаму атраду, застаўся задаволены ім і прыказаў адразу ж адпраціцца на пазицыю, да Чангарскага моста.Цягам гэтага месяца з Польшчы на паўвостраў паспелі прыбыць каля 120 чалавек; яшчэ каля 700 вярнуліся ў Польшчу з Румыніі з-за адмовы румынаў прапусціць іх праз сваю тэрыторыю. Магчыма, частка гэтых людзей змагла ўсё-такі апынуцца ў Крыме ў жніўні 1920 года, калі пачалося масавае перакідванне з Польшчы брэдаўцаў, а Румынія ўжо не падавала ніякіх прэтэнзій.

Абарона Крыма У студзені 1919 года батальён прыняў удзел у абароне Крыма пад камандаваннем Якава Слашчова, — дакладней, ён абараняў чыгуначную станцыю Біюк-Анлар (Сёння Элеватарная) каля вёскі Нваалексяеўкі. Акрамя «пінчукоў», абарону станцыі трымалі Сводна-Чачэнскі полк (200 шашак), канвой штаба корпуса (100 шашак), тры танкі і тры бронецягнікі, «пінчукі» былі адзінай пяхотнай часткаю, якая абараняла станцыю.

Расфармаванне 29 красавіка 1920 года Пінска-Валынскі добраахвотны батальён афіцыйна быў расфарміраваны. Батальённыя 120 жаўнераў, якія выжылі ў баях за Крым, далучаны да 50-га пяхотнага Беластоцкага палка, які ўваходзіў у склад 13-й пяхотнай дывізіі генерал-маёра Георгія Андгуладзэ (2-і армейскі корпус). Паводле Вячаслава Бандарэнкі, на 1 жніўня 1920 года ў шэрагах батальёна былі 164 жаўнеры (колькасць афіцэраў невядомая).

Адзін з афіцэраў Пінска-Валынскага батальёна пазней пісаў:Не ведаю, каго асудзіць гісторыя, каго апраўдае, але мы, змагаліся супраць бальшавікоў, жадалі дабра толькі Расіі і лічылі, што галоўнымі ее ворагамі з’яўляю ліся бальшаавікі, а не палякі.

Форма

У Польскім Войску Асабовы склад батальёна насіў старую паходную расійскую форму з цэшкаю царскай Расіі на аколышы, але з белым польскім арлом на туллі фуражкі.

У Арміі Паўднёвай Расіі

З канца лістапада 1919 уніформа аддзялення была перароблена ў сувязі перадыслакацыяй у Крым

Імперскі арол на шапках і пагонах заставаўся ўжываным, аднак часта замяняўся ці дапаўняўся шчытом у выглядзе пагоні з нацыянальным адценнем. Асноўная форма — царская, мадэрнізаваная пад беларускія патрэбы. Многія элементы перашываліся або змяняліся ў палявых умовах. На рукавах і плячах салдаты насілі павязкі БЧБ (бела-чырвона-белыя) або бела-жоўта-чорныя ў залежнасці ад таго, да якога атрада або камандзіра належалі (бела-чырвона-белыя былі радзей за бела-жоўта-чорных) перад усім колеравая гама шынялёў і кашуль. У палку часта сустракаліся шэра-брунатныя адценні тканіны, характэрныя для ўкраінскіх фармаванняў. Улетку 1919 года палічаць пачалі стандартна раздаваць палявыя папахі і фуражкі з белай апраўкай, што адрознівала полк ад іншых фармаванняў рэгіёна.

Сцяг За аснову батальёнаннага сцяга ўзяты расійскі сцяг гербавых колераў (бела-жоўта-чорны), які быў перавернуты. На пярэднім баку па цэнтры намаляваны герб Пінска (лук на іспанскім шчыце), а вышэй за яго — польскі арол у чырвоным ромбе. Польскі арол падзяляе надпіс «Городъ Пинскъ» (). Абкружае дугою ўсе папярэднія элементы на сцягу надпіс «Пинско-Волынскому Добровольческому Баталіону» (). На заднім баку па цэнтры вядомы рускі покліч «Съ Нами Богъ» (), а ў верхнім куце (бліжэйшым да дрэўка) чорнае кола з выявай нейкай асобы.

Літаратура

Спасылкі

Пра форму

Катэгорыя:Узброеныя сілы падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі Катэгорыя:Узброеныя сілы Украіны Катэгорыя:Белы рух Катэгорыя:Украінская Народная Рэспубліка Катэгорыя:З’явіліся ў 1918 годзе Катэгорыя:1918 год у Беларусі Катэгорыя:Зніклі ў 1920 годзе Катэгорыя:Беларускі антысавецкі супраціў Катэгорыя:Вайсковыя арганізацыі беларускай гісторыі