Сяргей Іванавіч Гу́бкін (; — ) — савецкі вучоны ў галіне металазнаўства, доктар хімічных навук (1936), прафесар (1945), акадэмік Акадэміі навук БССР (1947). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1954).
Біяграфія Нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і настаўніка, пазней стаўшага акадэмікам Акадэміі навук СССР, І. М. Губкіна. У 1917 годзе скончыў гімназію і паступіў на суднабудаўнічае аддзяленне Ленінградскага політэхнічнага інстытутаИмя в белорусской науке: Сергей Иванович Губкин. З пачаткам Грамадзянскай вайны вучоба перарвалася і С. І. Губкін ужо ў 1923 годзе паступіў у Маскоўскую горную акадэмію, якую скончыў у 1928 годзе і застаўся ў аспірантуры пры ёй. З 1930 года працаваў у Маскоўскім інстытуце каляровых металаў і золата, дзе займаў пасады дацэнта, прафесара, загадчыка кафедры апрацоўкі металаў ціскам. У час Вялікай Айчыннай вайны займаў пасаду загадчыка кафедры апрацоўкі металаў Казахскага горна-металургічнага інстытута. У 1943 годзе зноў працаваў у Маскоўскім інстытуце каляровых металаў і золата і адначасова ў 1944—1948 гадах у Інстытуце металургіі Акадэміі навук СССР на пасадах намесніка дырэктара і загадчыка аддзела апрацоўкі металаў ціскам.
У 1948 годзе С. І. Губкін абіраецца правадзейным членам Акадэміі навук БССР і ў гэтым жа годзе ўзначальвае Фізіка-тэхнічны інстытут. Адначасова стварае кафедру апрацоўкі металаў ціскам у Беларускім політэхнічным інстытуце.
Памёр С. І. Губкін 8 верасня 1955 года.
Навуковая дзейнасць Аўтар навуковых прац па тэорыі пластычнай дэфармацыі і апрацоўкі металаў ціскам. Распрацаваў матэматычныя метады вывучэння працэсаў цячэння металаў у працэсах пракаткі, коўкі, штампоўкі. Прапанаваў метад фотапластычнасці, які дазваляе вывучаць напружаны стан пры пластычным цячэнні рэчыва, стварыў класіфікацыю відаў апрацоўкі металаў ціскам і інш.
Аўтар больш за 120 навуковых прац, у тым ліку 8 манаграфій. Сярод апублікаванага: Теория течения металлического вещества. — М.; Л.: ОНТИ, 1935. Теория обработки металлов давлением. — М.: Металлургиздат, 1947. Фотопластичность. — Мн.: Изд-во Акад. наук БССР, 1957 (разам з С. І. Дабравольскім, Б. Б. Бойка).
Уваходзіў у склад шэрагу камісій, у тым ліку Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Удзельнічаў у стварэнні, а потым быў старшынёй праўлення Беларускага аддзялення Усесаюзнага інжынерна-навуковага таварыства машынабудаўнікоў.
Узнагароды і памяць Узнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), медалямі.
Імя вучонага прысвоена кафедры машын і тэхналогіі апрацоўкі металаў ціскам Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Літаратура Губкін Сяргей Іванавіч //
Спасылкі Сяргей Іванавіч Губкін у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Памяти учёного: ГУБКИН Сергей Иванович // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі Кафедра «Машины и технолопш обработки металлов давлением» им. С. И. Губкина: 50-летний путь / И. Г. Добровольский, Л. А. Исаевич, В. И. Любимов, А. В. Степаненко, И. И. Шумский. — Мн.: Белорусская государственнаяполитехническая академия, 1998. — 70 с. Сергей Иванович Губкин // Інстытут каляровых металаў і матэрыялазнаўства Сібірскага Федэральнага ўніверсітэта
Катэгорыя:Выпускнікі Маскоўскай горнай акадэміі Катэгорыя:Фізікі СССР Катэгорыя:Выкладчыкі БНТУ Катэгорыя:Металазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Металазнаўцы СССР Катэгорыя:Супрацоўнікі Фізіка-тэхнічнага інстытута НАНБ Катэгорыя:Заслужаныя дзеячы навукі і тэхнікі БССР Катэгорыя:Супрацоўнікі Расійскай акадэміі навук